Беларусь у чаканні горшага
Мы ўжо прывыклі да таго, што свет нясецца наперад са страшнай хуткасцю. Часам нам здаецца, што мы не паспяваем за падзеямі і ў нас няма часу падрыхтавацца да будучых выклікаў. Заўважыць іх да таго, як мы вымушаны будзем на іх рэагаваць. Сёлетні тыдзень быў крыху не такі.
Так, свет застыў у чаканні буйнамаштабных падзей. І на гэтым тыдні да гэтых падзей усе рыхтаваліся. Вядома, пасланне Лукашэнкі да народа і парламента, якое адбылося ў мінулую пятніцу, ніяк не адказала на пытанні, што будзе далей і да чаго мы рыхтуемся. Мы і так жывём у рэжыме «абкладзенай крэпасці» і прывыклі да заклінанняў, што «браня моцная і танкі нашы хуткія». Але візіт Лукашэнкі да Пуціна, які адбыўся ў сераду і працягнуўся ў чацвер — гэта трошкі іншае.
Відавочна, што беларускі кіраўнік злёгку атрымаў ад Пуціна па шапцы. У асноўным таму, што заявіў у дачыненні да ядзернай зброі: «Гэта наша зброя». Бо інакш ніяк нельга трактаваць словы Пуціна пра тое, што ён «уважліва слухаў» пасланне Лукашэнкі і нават вырашыў абмеркаваць яго. Калі такое было — каб Пуцін абмяркоўваў з Лукашэнкам яго пасланні?
Таксама відавочна і тое, што словы Лукашэнкі аб кантролі над ядзернай зброяй падлажылі вялікую свінню Пуціну ў адносінах з Кітаем. На сустрэчы Пуціна з Сі Цзіньпінем Кітай ясна выказаў сваю пазіцыю аб недапушчальнасці пашырэння «арэала распаўсюджвання» ядзернай зброі. А тут Пуцін, атрымліваецца, напляваў на ўсе дамоўленасці і дае кантроль над ядзернымі ўзбраеннямі незразумела каму... У выніку Кітай вельмі нервова адрэагаваў на падобнае парушэнне дамоўленасцей. Аж да таго, што амбасадар Кітая ў Еўрапейскім саюзе Фу Цун заявіў, што ў свеце няправільна зразумелі адносіны яго краіны з Расіяй, назваў дыпламатычнае азначэнне «бязмежнае сяброўства» Пекіна і Масквы «простай рыторыкай» і адназначна сказаў, што Кітай — не на баку Расіі ў вайне, не аказваў Расіі вайсковай дапамогі і не прызнаваў яе намаганняў у анексіі ўкраінскіх тэрыторый, уключаючы Крым і Данбас.
Каб такое сказаў кітаец з іх тысячагадовай традыцыяй дыпламатыі і ўсялякіх агаворак — гэта нонсэнс.
Карацей, Лукашэнка ладна папсаваў Пуціну «паляну» сяброўства з Кітаем сваім пасланнем, і, напэўна, за гэта яму давялося адказваць і апраўдвацца.
І другі момант, які звяртае на сябе ўвагу ў сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Па словах беларускага кіраўніка, 28 саюзных праграм «выкананы амаль на 80%».
Ах, гэтыя на 80%! Пра іх мы чуем кожны раз, калі нехта спадзяецца «прымусіць да інтэграцыі». Выкананне дамоўленасцей «на 80%» цягнецца ў нас дзесяцігоддзямі. А астатнія 20% настолькі буксуюць, што даводзіцца прымаць новыя планы, новыя саюзныя праграмы і пачынаць іх рэалізацыю з нуля. Лукашэнка такім чынам дэманструе, што ён нібыта выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы і не супраць іх, а калі дзесьці нешта тармозіць, то гэта не яго віна, а непераадольныя абставіны. І такім чынам выслізгвае ад усіх «паглыбленых інтэграцый» Беларусі і Расіі.
Узяць хаця б гісторыю з роўмінгам (дакладней, з яго адменай) у Саюзнай дзяржаве. З гэтай ідэяй носяцца ўжо немаведама колькі, ледзь не са з’яўлення ў нас сотавай сувязі. Толькі за апошнюю пяцігодку адмена роўмінгу планавалася некалькі разоў. Адна з дарожных карт, падпісаная яшчэ ў 2019 годзе (не пасля 2020-га!), якраз і прадугледжвала гэту справу з 1 верасня 2020 года. Але атрымалася дамагчыся толькі зніжэння тарыфаў на роўмінг.
Другі раз адмена роўмінгу чакалася 1 чэрвеня 2022 года. З 1 красавіка была адменена плата за ўваходныя званкі ў роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, на тым усё і скончылася.
21 снежня мінулага года Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты паведаміў, што адпаведныя ведамствы РБ і РФ сумесна з сотавымі аператарамі для адмены роўмінгу рыхтуюць новую дарожную карту. Як мы бачым — трэцюю за чатыры гады. А рэалізацыя яе там жа, дзе была ў 2019-м.
І нельга сказаць, што Беларусь не рыхтуецца да далейшых выклікаў будучага. Вядома, усе чакаюць размяшчэння ядзернай зброі ў краіне, украінскага контрнаступлення і ўсяго таго, што за гэтым рушыць. Відавочна, што рушаць не вельмі прыемныя для краіны рэчы, калі ўжо еўракамісар Жазэп Барэль прызнаў, што ядзерная зброя ў РБ — пагроза еўрапейскай бяспецы. Таму ўлады рыхтуюцца — але своеасабліва.
Нацыянальны статыстычны камітэт змяніў правілы распаўсюджвання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі. Паводле новай інструкцыі, Белстат можа абмежаваць распаўсюджанне і прадастаўленне карыстальнікам афіцыйнай статыстычнай інфармацыі, калі яе раскрыццё «можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, грамадскаму парадку, маральнасці, правам і законным інтарэсам юрыдычных і фізічных асоб».
Раней Белстат такое рабіў без усялякіх інструкцый. Падчас пандэміі каронавіруса ён перастаў публікаваць даныя аб смяротнасці, у 2022 годзе схаваў даныя па знешнім гандлі, а ў гэтым годзе, на думку экспертаў, адразу ж паспрабуе схаваць статыстыку па адтоку кадраў з ІТ-сферы. Але гэта не толькі небяспечна, але і ў чымсьці па-дурному, таму што ў цяперашнім глабальным свеце атрымаць лічбы, якія вас цікавяць — не праблема. Хто-небудзь ды прагаворыцца.
Вось, скажам, схаваў Белстат даныя па экспарце. Але варта зайсці на расійскія інфармацыйныя сайты, і даведваемся, што наш міністр прамысловасці дакладвае нашаму ж амбасадару ў Расіі: экспарт тавараў у РФ за год павялічыўся да 75% супраць 55% у 2021 годзе. Цікава? Так. А навошта гэта было хаваць?
Медыярэсурс «OfficeLife», які прысутнічае ў Байнэце з 2017-га, заблакіраваны ў Беларусі. Цяпер ён не адкрываецца ў краіне без VPN.
Рашэннем суда Маладзечанскага раёна ад 27 сакавіка «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны акаўнт у Instagram «Рэгіянальнай газеты». Раней у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо трапілі афіцыйны сайт выдання — rh.by, карпаратыўны тэлеграм-канал, а таксама старонка ў расійскай сацсетцы «УКантакце». Той жа суд пастанавіў навесіць аналагічны «ярлык» старонкам у сацсетках былой журналісткі «Рэгіянальнай газеты» Зоі Хруцкай.
Слуцкі «Інфа-кур'ер» закрыў свой тэлеграм-канал, але іх журналісты і рэдактары працягваюць сядзець, ім прад'явілі нейкія абвінавачанні.
Барацьба з распаўсюджаннем інфармацыі была на гэтым тыдні трэндам, але трэндам марным. Іншым разам такія дзеянні выклікаюць вельмі неспадзяваную рэакцыю. Напрыклад, у падмаскоўных Люберцах ФСБ затрымала чалавека, які арганізаваў рэтрансляцыю забароненага ў Расіі «Радыё Свабода». Мужчына саматужна зрабіў вяшчальны радыёперадатчык і наладзіў перыядычную рэтрансляцыю «Свабоды». Чым здзейсніў, дарэчы, усяго толькі адміністрацыйнае правапарушэнне паводле артыкула аб «парушэнні патрабаванняў да выкарыстання радыёчастотнага спектра».
Адзіная выснова, якая можа прыйсці ў галаву пасля такіх забарон — значыць, уладам ёсць што хаваць. Значыць, нічога добрага з намі не здарыцца. Значыць, будзе толькі горш.
А значыць, трэба скупляць валюту, соль і запалкі.