Эксперт: Калі беларусы папросяць украінцаў дапамагчы зрынуць Лукашэнку, хто ж братам адмовіць?

Размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі застаецца адной з галоўных тэм у еўрапейскім інфармацыйным парадку дня. Асабліва актыўна яе абмяркоўваюць ва Украіне, Беларусі і Расіі — краінах, якія ўдзельнічаюць у вайне.

Фота wikipedia

Фота wikipedia


Вайсковы эксперт, палкоўнік УСУ ў адстаўцы Раман Світан у эфіры «Фабрыкі навін» падзяліўся думкамі адносна перспектыў ядзерных боезарадаў на беларускай зямлі, а таксама выказаўся пра тое, што чакае дыктатараў Лукашэнку і Пуціна пасля перамогі Украіны.

«Пуціна прыб'юць, такія людзі не выжываюць»

Паводле слоў вайсковага эксперта, у прэзідэнта Расіі — галоўнага вінаватага ў вайне — наперадзе незайздросная будучыня.

— Пуціна прыб'юць. Людзі такога ўзроўню не выжываюць у падобных абставінах. Альбо яго самога прыб'юць, альбо яго двайніка — і скажуць, што гэта ён... Але, хутчэй за ўсё, будзе так, — лічыць Раман Світан.

— Пуціну нельга даваць паказанні [падчас следства]. І самае цікавае, што прыбіць яго могуць нават не людзі з найбліжэйшага атачэння і наогул не расійцы. Гэта здольныя зрабіць тыя, з кім ён завязаны некаторымі рэчамі. Калі ў судзе раскрыюцца пэўныя дамоўленасці, то ў яго ў турме могуць з'явіцца [высокапастаўленыя] сукамернікі.

Эксперт адзначае, што ў Пуціна «шмат завязак» з замежнымі палітыкамі, і яны не хацелі б, каб пра гэта стала вядома.

— Узяць таго ж Сі Цзіньпіна. Калі Пуцін пачне распавядаць пра ўдзел Кітая ў гэтай вайне, у Сі будуць вялікія праблемы. Тое ж самае іранцы і нават ізраільцяне. Нафталі Бенет (да 1 ліпеня 2022 года прэм'ер-міністр Ізраіля. — «НЧ») летась удзельнічаў у здачы ўкраінскіх тэрыторый. Ён рыхтаваў перамовы ў Стамбуле аб саступках Расіі Крыма і Данбаса, — нагадвае Світан.

— І Макрон, і Мэркель ... Ды той жа Абама, той жа Байдэн. Думаю, яны не дазволяць Пуціну дайсці да следчых. Да незалежных следчых, якія выцягнуць з яго ўсё. Калі гэта адбудзецца, не ў адзін шэраг павінны будуць сядзець падсудныя на гэтым працэсе. Таму, думаю, дакладна прыб'юць.

Вайсковы аналітык мяркуе, што пасля паразы ў вайне Расія можа не захавацца ў цяперашніх межах.

— Развал Расіі адбудзецца паводле сцэнару развалу СССР, — падкрэслівае Світан. — Спачатку будуць вызначаны тэрытарыяльныя ўтварэнні, рэспублікі. Яны ўжо прапісаныя ў прававым полі, у расійскай Канстытуцыі. А далей гэтыя суб'екты будуць самавызначацца і адвальвацца ад Расіі, калі будуць адчуваць адпаведную патрэбу.

Раман Світан. Скрыншот УНІАН

Раман Світан. Скрыншот УНІАН


«Ніхто прасіць не будзе: выйдзіце, таварыш Лукашэнка»

Што тычыцца Беларусі, адзначае эксперт, то ў «акупацыйнага рэжыму таксама ёсць асцярогі».

— Лукашэнка выдатна разумее, што ён узначальвае менавіта акупацыйны рэжым, — кажа Раман Світан. — Беларусь інфільтраваная расійцамі ўздоўж і ўпоперак. Гэтак жа, як была інфільтраваная Украіна ў часы Януковіча, і да яго, і пасля. Да гэтага часу мы не выкалупалі гэтых інфільтрантаў. Дарэчы, гэта зрабіць вельмі лёгка. Каманда на інфільтрацыю была дадзена расійскай ФСБ пасля 2004 года. Дастаткова падняць спісы расійцаў, якія за гэты час атрымалі ўкраінскае грамадзянства, там 99 адсоткаў будуць супрацоўнікі ФСБ. Некаторыя за гэтыя гады прасунуліся ў кар'еры, занялі высокія пасады ў палітычных партыях. Некалькі тысяч ці дзясяткаў тысяч такіх людзей цяпер ва Украіне.

«Тое ж самае ў Беларусі», — упэўнены вайсковы аналітык.

— Там адбылася інфільтрацыя расійцаў у войска, спецслужбы, праваахоўныя і сілавыя органы. Можна сказаць, што любы беларускі сілавік сёння — гэта расійскі сілавік, — мяркуе Раман Світан.

— Лукашэнка выдатна разумее, што народ будзе гатовы яго скінуць, як толькі з'явіцца нейкі механізм змены ўлады. Таму частка беларусаў цяпер знаходзіцца за межамі краіны, яны рыхтуюцца знішчыць акупацыйны рэжым. Рыхтуюцца не ў чатырох краінах, як лічыцца, а, напэўна, у 44. Ніхто ж прасіць не будзе: выйдзіце, таварыш Лукашэнка. Будзе рэальны ўдар па акупацыйнай уладзе. Знішчэнне яе — у тым ліку ўкраінскімі войскамі, калі беларускія вайскоўцы нейкім чынам рушаць у наш бок, або ў Польшчу, або ў краіны Балтыі. І поўная зачыстка гэтага беларуска-расійскага рэжыму.

На думку эксперта, калі «беларусы папросяць украінцаў дапамагчы» зрынуць Лукашэнку, то гэта цалкам рэальна.

— Ну, яны ж нам дапамагаюць змагацца з расійцамі. Калі папросяць, хто ж адмовіць? Адназначна дапаможам. Хто братоў беларусаў кіне? Еўрапейскі, ментальна блізкі нам народ. Як і палякі, і балты. Мы з беларусамі, з балтамі і палякамі, напэўна, тысячу гадоў супрацьстаім ардзе з усходу. Гэтым разам, думаю, даб'ём яе канчаткова, — заяўляе Світан.

— Натуральна, улады ў Беларусі гэта прадчуваюць, КДБ нешта прагназуе. Хутчэй за ўсё, яны думаюць, што можна супрацьпаставіць. Але супрацьпаставіць няма чаго. Ядзерная зброя праблемы не вырашыць, а толькі пагоршыць.

Фота з сайта investigator.org.ua

Фота з сайта investigator.org.ua


«Ядзерныя зарады ў Беларусі падлягаюць знішчэнню»

Раман Світан дапускае, што ў выпадку размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі яна будзе знішчаная прэвентыўнымі ўдарамі.

— Як толькі такая зброя з'явіцца на тэрыторыі Беларусі, пачнуцца пэўныя працэсы, — кажа аналітык. — Нельга выключаць, што гэтая зброя будзе знішчаная канвенцыянальнымі сродкамі паражэння. Проста вылічаецца знаходжанне ядзернага зарада — і ён знішчаецца. Сродкаў вельмі шмат, напрыклад, «Тамагаўкі».

Плюс, аказваецца, у гэтым свеце ёсць яшчэ добрыя людзі, якія ні з кім сябе не асацыююць, а проста выконваюць пэўныя дзеянні. Добрыя людзі знішчылі «Паўночны паток — 2», добрыя людзі знішчылі ў Сірыі завод па вытворчасці «Шахедаў». Добрыя людзі вельмі шмат усяго знішчылі. Таму, калі зноў з'явяцца такія добрыя людзі, яны знішчаць і ядзерныя зарады ў Беларусі, якія не павінны там знаходзіцца паводле нормаў міжнароднага права.

Але наколькі ў такім выпадку вялікая рызыка радыяцыйнага заражэння беларускай тэрыторыі? Світан канстатуе: рызыка існуе.

— Калі ракета патрапіць у ядзерны арсенал, атрымаецца так званая «брудная» бомба. Гэта не ядзерны выбух. Каб адбыўся выбух, павінна адбыцца тэрмаядзерная рэакцыя — гэта цэлы фізічны працэс. А тут проста знішчэнне зарада. Разрыў унутранай капсулы і разбурэнне зарада як такога. Ён, дарэчы, невялікі — такі цыліндр бліскучы з урана, — адзначае эксперт.

— У выніку знішчэння будзе заражаная мясцовасць, у якой знаходзіўся зарад. Але гэта невялікая плошча. Затым спатрэбіцца дэзактывацыя, дэнуклеарызацыя і зачыстка гэтай тэрыторыі.

Світан упэўнены, што «менавіта такія дзеянні будуць аптымальныя».

— Думаю, адпаведную пастанову прымуць тыя краіны, на якія гіпатэтычна будзе гэтая зброя накіраваная, — кажа аналітык. — А таварышы, якія занадта шмат кажуць — Лукашэнка, Пуцін, Мядзведзеў і іншыя — яны ж ужо не раз пагражалі Польшчы, краінам Балтыі, іншым дзяржавам НАТА. Ну, вось сядуць некалькі [заходніх] генералаў і прымуць рашэнне: знішчыць.

Прычым, магчыма, удар будзе нанесены яшчэ да непасрэднага перакідання ядзернай зброі ў Беларусь. Можна ж знішчыць тыя ж носьбіты, каб не чакаць з'яўлення зарадаў. «Іскандэры», якія перададзеныя Расіяй. Самалёты, здольныя несці ядзерныя боегалоўкі. І пытанне вырашана.

А калі на якой-небудзь пляцоўцы пасля будзе зададзенае пытанне аб правамернасці такіх дзеянняў, то ў адказ дастаткова будзе працытаваць выказванні Лукашэнкі ці Пуціна, і матыў стане ясны. Гэтыя людзі нагаварылі столькі, што ядзерныя зарады ўжо можна знішчаць нават на тэрыторыі Расіі.