Паўлюк Быкоўскі: Пра міні-копію ядзернага чамаданчыка Пуціна для Лукашэнкі гаворка не ішла
Пра добрыя і кепскія гарматы, пра міні-копію чамаданчыка Пуціна, пра адсутнасць істэрыі на Захадзе пагаварылі з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.
Ядзерная зброя ў Беларусі наўрад ці радуе Лукашэнку
— Гісторыя пра збеднены ўран і ядзерную зброю ў Беларусі — гэта два розныя кейсы.
У першым выпадку ў прапаганды атрымалася, як у гісторыі пра добрыя і кепскія гарматы: нашы гарматы добрыя, а ў ворага кепскія — такі класічны прыём перакручвання. Тут не зусім класічны варыянт: збеднены ўран — кепска, а ядзерная зброя — добра. Пры гэтым атрымаліся некалькі рэчаў, якія не знайшлі свайго дакладнага адлюстравання. З аднаго боку, выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра збеднены ўран цалкам падтрымліваюцца дзяржаўнай прапагандай, і гэты тэзіс поўнасцю сінхранізаваны з расійскай прапагандай: глядзіце, у Сербіі была прамянёвая хвароба, бо там выкарыстоўвалі збеднены ўран. Што такое збеднены ўран насамрэч і чаму ён выкарыстоўваецца ў якасці зброі, не расказалі.
І зразумела чаму: галоўны вайсковы саюзнік Беларусі — Расія таксама выкарыстоўвае збеднены ўран. Праўда, у вайне супраць Украіны ягонае прымяненне не заўважана, то-бок няма доказаў, што ён прымяняўся. Збеднены ўран выкарыстоўваецца як сарцавіна ў снарадах для прабівання брані танкаў, БМП і гэтак далей. Але сённяшняя вайна ва Украіне не вельмі танкавая: гэта акопная вайна, у якой актыўна ўжываюцца бамбардзіроўкі грамадзянскіх аб’ектаў — для гэтага зброя з выкарыстаннем збедненага ўрану не патрэбная. Але Пуцін пра гэта кажа, Лукашэнка пра гэта кажа, беларуская прапаганда проста падыгрывае.
А вось другая гісторыя пра ядзерную зброю. Спачатку Пуцін аб’явіў, што па просьбе Лукашэнкі гатовы размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, беларуская прапаганда тыдзень маўчала, ніхто з беларускіх чыноўнікаў не каментаваў гэтую заяву. І вось падчас паслання Аляксандр Лукашэнка ўсё-такі выказаўся на ядзерную тэму, але так, што незразумела, што з гэтым рабіць. Ізноў аказалася, што ядзерная зброя, якую ЗША размяшчаюць у Італіі ці Германіі, — кепска, а тое, што ў бяз’ядзернай раней Беларусі будзе размешчаная расійская ядзерная зброя — гэта добра. У нашай сітуацыі — гэта змаганне за мір, а з боку ЗША і Італіі — эскалацыя абстаноўкі. Зноў атрымаліся добрыя і кепскія гарматы, прапаганда ніяк не патлумачыла гэты фактар.
Тут варта падкрэсліць, што Лукашэнка крыху бравіраваў, бо гаварыў пра тое, што Беларусь будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю, што ніяк не вынікае са словаў Пуціна. Дый увогуле пра магчымасць зрабіць міні-копію ядзернага чамаданчыка Пуціна для Лукашэнкі размовы пакуль не ішло. Канечне, гаворка ідзе пра ядзерны чамаданчык, а не чамаданчык з какашкамі.
З другога боку, заявы пра тое, што ядзерная зброя павышае бяспеку Саюзнай дзяржавы і, у прыватнасці, Беларусі — вялікае пытанне, таму што ядзерная зброя робіць Беларусь мішэнню для ядзернай зброі іншых краін. Калі раней Беларусь не была мішэнню, то са з’яўленнем ядзернай зброі стане ёю, але гэта ўжо не павышэнне, а зніжэнне бяспекі.
Ні для каго не сакрэт, што ў Беларусі існуюць два расійскія вайсковыя аб’екты, якія былі вельмі цікавыя для патэнцыйнага праціўніка: радыёлакацыйная станцыя ў Ганцавічах і цэнтр кіравання расійскімі падводнымі лодкамі ў Вілейцы — гэтыя два аб’екты сапраўды маглі быць мішэнямі для нанясення ўдараў. Не таму, што яны знаходзяцца ў Беларусі, проста ў выпадку ваеннага канфлікту яны мелі б вялікае значэнне.
А з заездам тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, магчыма, з’яўляецца новы ваенны аб’ект.
Апрача ўсяго, усплыла яшчэ адна акалічнасць. Была дамоўленасць пра вывад ядзернай зброі з Беларусі пад гарантыі краін Будапешцкага мемарандума, як і Украіне, а з другога боку, Беларусь атрымала яшчэ і грошы за вымушаную ліквідацыю ядзернага сховішча. Ці ставіцца пытанне пра выхад з гэтых дамоўленасцей і пра вяртанне атрыманых грошай? Усё гэта таксама ўвогуле ніяк не каментавалася дзяржаўнымі СМІ.
Значэнне Беларусі як пляцоўкі для мірных перамоваў або краіны, не цалкам уцягнутай у вайну, са з’яўленнем ядзернай зброі робіцца ўсё менш аргументаваным. Таму можна казаць, што для беларускага боку гэта хутчэй вымушаная пазіцыя. Канечне, мы можам прыгадаць выказванні Лукашэнкі за апошнія дзесяцігоддзі, у якіх ён шкадаваў пра вывад ядзернай зброі, але і яго тыднёвае маўчанне, яшчэ большая прывязка да расійскай агрэсіі ва Украіне, поле для манеўраў звужаецца яшчэ больш. У выпадку, калі б ён раптам захацеў аб’явіць пра нейтралітэт або цалкам выйсці з саюзніцкіх дамоўленасцей з Расіяй, гэта становіцца менш магчымым.
Праўдападобна, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі не робіцца з радасці Аляксандра Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, гэта вымушаная пазіцыя.
Чаму Захад спакойна ўспрыняў навіну пра магчымае размяшчэнне ТЯЗ у Беларусі
— Па-першае, Расія занадта доўга казала на ўвесь свет, што можа прымяніць ядзерную зброю. Гэтым аргументам з 2014 года пастаянна пужалі і расійскія прапагандысты, і перыядычна першыя асобы, кшталту былога прэзідэнта Мядзведзева, які цяпер займае пасаду аднаго з кіраўнікоў Саўбеза РФ. Калі пагроза паўтараецца, то, зразумела, першая рэакцыя з’яўляецца больш яркай, але з цягам часу яна блякне.
З другога боку, магчымасць выкарыстання ядзернай зброі з боку Расіі ваенныя эксперты па-рознаму ацэньваюць. Гэта мяняе ход вайны цалкам. Калі цяпер робяцца спробы прызнаць расійскую армію і канкрэтныя яе падраздзяленні вайсковымі злачынцамі за стаўленне да мірнага насельніцтва Украіны і бамбардзіроўку грамадзянскіх аб’ектаў, за вываз украінскіх дзяцей, разлучаных з сем’ямі — усё гэта сур’ёзныя аргументы, але яны не тычацца бяспекі іншых краін. Гэта тое, што асуджаецца.
Калі ж паўстане пытанне бяспекі іншых краін, то гэта ўжо іншая гісторыя. За прыклад можна ўзяць выпадак з прымусовай пасадкай у Мінску авіялайнера Ryanair: усё, што б рэжым ні рабіў супраць беларускіх грамадзян, выклікала асуджэнне, але санкцыі былі не вельмі жорсткія. Аднак прымусовая пасадка самалёта моцна змяніла сітуацыю — санкцыі сталі жорсткімі, а Беларусь аказалася адрэзанай ад Еўропы. Гэтак жа можа змяніць сітуацыю прымяненне тактычнай ядзернай зброі ў вайне супраць Украіны. Таму верагоднасць гэтага лічыцца не вельмі высокай.
Разам з тым, з’яўленне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі яшчэ не з’яўляецца фактам, але былі перыяды, калі разведкі заходніх краін паведамлялі, што на беларускіх аэрадромах знаходзяцца расійскія бамбардзіроўшчыкі, здольныя несці ядзерную зброю. То-бок, тэарэтычная магчымасць з’яўлення ядзернай зброі ў Беларусі не выключалася і раней і нейкім чынам ацэньваецца. Калі ў Беларусі з’явяцца сховішчы для ТЯЗ, то гэта таксама будзе ацэнена нейкім чынам і не будзе выклікаць відавочнай істэрыкі, бо якая розніца — Расія страляць будзе з Калінінграда або Беларусі? Важна тое, ці будзе Расія ўвогуле выкарыстоўваць ядзерную зброю.
Мяркуючы па паводзінах заходніх ваенных экспертаў, ёсць пэўны кансэнсус пра невысокую верагоднасць выкарыстання ТЯЗ Расіяй. Адпаведна, навошта гістэрыць, калі сітуацыя больш-менш відавочная? Дый істэрыка — гэта не рацыянальныя паводзіны, гэта тое, чаго б Расія хацела б дабіцца ад Захаду — саступак з-за страху перад выкарыстаннем ядзернай зброі.
Апроч таго, Кітай актыўна выступае супраць выкарыстання ядзернай зброі любымі краінамі супраць любых краін, і сам узяў на сябе абавязак не распаўсюджваць і не выкарыстоўваць ядзерную зброю першым.
Для Расіі такі саюзнік, як Кітай, мае вялізнае значэнне, таму насуперак яго жаданням ісці было б складана. З іншага боку, заява Пуціна пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі прагучала пасля візіту старшыні КНР у Маскву, а гэта сведчыць за тое, што не такія адназначна цёплыя адносіны паміж Пекінам і Масквой. І не сакрэт, што колькасць кітайскіх «шпіёнаў», затрыманых у Расіі за год, у разы перавышае колькасць заходніх «шпіёнаў».
Можна сказаць, што Расія з перасцярогай глядзіць на кітайскага сябра, а Кітай, напэўна, таксама мае адказ на расійскія дзеянні, не карысныя для яго.
Ядзерная зброя не дае Лукашэнку ніякіх плюсаў
— Я не эксперт у ваеннай сферы, магу толькі паразважаць, што Лукашэнка мае.
Лукашэнка не кіруе ядзернай зброяй, але робіцца мішэнню для магчымага прэвентыўнага ўдару — гэта мінус. Ядзерная зброя ў Беларусі яшчэ больш прывязвае краіну і яго да Расіі — гэта мінус.
Ён можа казаць, што яго прымусілі размясціць ядзерную зброю і шукаць на Захадзе нейкіх адвакатаў, якія захочуць выратаваць Беларусь ад размяшчэння расійскай ядзернай зброі. Трэба рабіць нейкія крокі, якія прымусілі б Лукашэнку змагацца за свой суверэнітэт, за суверэнітэт Беларусі. Я не ўпэўнены, што зараз такі фінт спрацуе, але, як казаў Андрэй Грамыка, на Захадзе заўсёды трэба шукаць таго, хто можа падтрымаць тваю пазіцыю, такія заўсёды могуць знайсціся, бо на Захадзе ёсць плюралізм меркаванняў. Знайсці сабе такога адваката — не нулявая магчымасць. І гэты адвакат можа прывесці стопяцьсот аргументаў, каб пачаць перамовы і выратаваць Лукашэнку ад ядзернай зброі.
Лукашэнка спадзяецца, што з ім будуць лічыцца, але лічыцца будуць з тым, хто распараджаецца ядзернай зброяй, а не з тым, хто мусіць прадаставіць для яе месца.
Таму канкрэтна для Лукашэнкі плюсаў я не бачу.