Фрыдман: Спакойнай старасці ў Лукашэнкі не будзе
Лукашэнка пацвердзіў, што ён сам папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі ядзерную зброю, каб забяспечыць «мір беларускаму народу». Падчас «паслання парламенту і народу» ён сказаў нават больш: пры патрэбе ў Беларусі будзе размешчаная стратэгічная ядзерная зброя. Навошта яму ў Беларусі ядзерная зброя? І як ён бачыць уласную палітычную будучыню?
«Новы Час» пагаварыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Пасланне высвеціла тую версію, якой будзе прытрымлівацца Лукашэнка наконт ядзернай зброі. Мне падаецца, менавіта такую версію яму дазволілі прасоўваць, бо ніякіх рэакцый на ягоныя эскапады не было. Лукашэнка ж заявіў, што ён папрасіў ядзерную зброю, што рашэнні будзе прымаць разам з Пуціным, а ўсе пытанні ўнутры Беларусі па-ранейшаму вырашае ён. Ядзерны кейс пераследаваў тры мэты: з аднаго боку, Лукашэнка спрабаваў прадэманстраваць сваю моц, з другога, паказаць, што ён запрасіў ядзерную зброю, па-трэцяе — пайшлі пагрозы на адрас Захаду.
Гэтыя моманты, дарэчы, на Захадзе ўжо заўважылі, ягоныя пагрозы пайшлі ў стужкі навінаў. Расія дазволіла яму стварыць дадатковы фон — фон ядзернай пагрозы. Не думаю, што яму дадуць магчымасць прымаць рашэнні, але яму загадалі ці прынамсі далі дабро, каб папужаць Захад.
Заўважце: калі Лукашэнка выказаўся пра неабходнасць спыніць вайну ва Украіне, Пяскоў тут жа паправіў яго: «спецыяльная аперацыя працягнецца». А вось пра ядзерную зброю Крэмль маўчыць. Наўрад ці гэта самадзейнасць з боку Лукашэнкі, думаю, гэтую тэму ён так ці інакш прагаворваў з Пуціным. Тым больш, што паралельна ён накінуўся на Украіну, крытычна выказваўся наконт украінскага контрнаступу — то-бок, паўтараў наратывы расійскай прапаганды. Падрабязна спыняцца на прапановах Лукашэнкі няварта, бо яны паўтараюць кітайскі план замарозкі вайны.
А вось усе заявы пра ядзерную зброю, што Беларусь ледзь не стала ядзернай дзяржавай, пра магчымасць размяшчэння стратэгічнай ядзернай зброі ў Крамлі не каментуюць. Яны зацікаўленыя ў стварэнні атмасферы яшчэ большай напружанасці на Захадзе. Мне здаецца, менавіта на гэта і была скіраваная ягоная прамова.
— Атрымалася пасеяць дадатковы страх?
— У пэўным сэнсе, так. У суботу выйшаў новы зварот былых уплывовых палітыкаў з сацыял-дэмакратычнай партыі ФРГ, якія ў сувязі з пагрозай ядзернай вайны заклікаюць да спынення вайны і перамоваў. У нямецкай прэсе па навінах прайшлі дзве пагрозы: абгрунтаванне з’яўлення ядзернай зброі ў Беларусі і пагрозы ядзернай зброяй Захаду. А ён сапраўды пагражае. І трэці момант — словы Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі можа з’явіцца і стратэгічная ядзерная зброя. Заўважылі толькі тры моманты, а ўсё астатняе з яго спіча засталося па-за ўвагай. Хаця ў пасланні было многае: і абразы на адрас заходніх кіраўнікоў (абразіў таго ж Шольца), прагучала жорсткая гамафобная рыторыка. Так успрымаюць Лукашэнку на Захадзе: усё, што ён робіць ва ўнутранай палітыцы, сёння асабліва нікога не цікавіць. А заявы пра тое, што робіцца на межах Еўрапейскага Саюза, не маглі не заўважыць — на тое і разлік.
— Ядзерная зброя можа ўмацаваць рэжым Лукашэнкі?
— Калі ядзерная зброя з’явіцца ў Беларусі на тых умовах, якія агучыў Лукашэнка, — канечне, гэта яго ўмацуе. Калі ён разам з Пуціным будуць прымаць сумесныя рашэнні, калі будуць уводзіць стратэгічную ядзерную зброю, і Расія ўсё гэта пацвердзіць, то гэта значна ўскладніць сітуацыю ў Беларусі.
Калі сыходзіць з традыцый абыходжання з ядзернай зброяй, якая была ў Савецкім Саюзе і засталася ў Расіі, то ніхто нікому не перадае ядзерную зброю. Тым больш, што Расія не можа гэтага рабіць, бо яна падпісала Дамову аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Падараваць ядзерную зброю Лукашэнку яна не можа. Хіба толькі ў тым выпадку, калі Беларусь уключаюць у склад Расійскай Федэрацыі, а Лукашэнка будзе не «прэзідэнтам», а кіраўніком расійскага рэгіёна, — тады Пуцін можа прымаць рашэнне пра перамяшчэнне ядзернай зброі ў межах адной краіны.
Дый увогуле, Лукашэнка робіць пагражальныя заявы, а яго ніхто не ставіць на месца, — гэта падвышае ягонае значэнне, бо ніхто не ведае, як яно на самай справе. Думаю, Расія і не будзе абвяргаць ягоныя выказванні, а на Захадзе тэарэтычна можа з’явіцца перасцярога адносна далейшых крокаў супраць беларускага рэжыму. Пакуль Лукашэнка выйграе ад гэтага.
— Лукашэнка нагадаў, што ў наступным годзе пачынаецца шэраг электаральных кампаній, паўтарыў тэзіс, што не трымаецца ссінелымі рукамі за ўладу, але пры гэтым агучыў новую прычыну, каб не расціскаць гэтыя ссінелыя рукі. Якую палітычную будучыню малюе сам сабе Лукашэнка?
— Можа, ён і сапраўды стаміўся, можа, і пайшоў бы на пазіцыю кіраўніка УНС, які кантраляваў бы ўсё. Але адступаць яму няма куды, спакойнай старасці ў яго не будзе: за гады праўлення ён вельмі многа натварыў. Акрамя таго, як павядуць сябе пераемнікі пасля перадачы ўлады? Гарантыі бяспекі яму могуць даць, але ці будуць яны мець нейкую вагу?
Так, Лукашэнка кажа, што асноўны яго час закончыўся, яно і зразумела: чалавек ужо ў сталым узросце, амаль 30 гадоў на пасадзе. Але гэта не значыць, што ён заўтра сыходзіць, можа, ён мае на ўвазе, што сыдзе праз 10 ці праз 15 гадоў.
Больш за тое, у напружанай сітуацыі вайны ён не можа сысці, паколькі сістэма ў такім выпадку можа не вытрымаць. Цяперашняе становішча не палепшыцца, вайна сёння-заўтра не скончыцца. У самых надзвычайных, самых складаных умовах за ўвесь перыяд існавання беларускай незалежнай дзяржавы ён дазволіць сабе сысці і аддаць уладу Качанавай ці Церцелю? Не. Ён не можа пакінуць пасаду, хаця б з-за сітуацыі, якая склалася на межах Беларусі. З аднаго боку, ён разважае пра будучыню, а з другога — разумее рэальнае становішча, якое не дазваляе яму, нават калі б і хацеў, сысці.