Лукашэнка заявіў, што згодны абмяняць Анджэя Пачобута на Латушку і «ўсіх членаў НАУ»

Лукашэнка заявіў, што не разглядае пытанне вызвалення палітвязня Анджэя Пачобута ўзамен на адкрыццё Польшчай пункта пропуску «Баброўнікі». Маўляў, мы і не карыстаемся гэтым пунктам з эканамічнай мэтай, заявіў ён у адказ на адпаведнае пытанне прапагандыста Юрыя Васкрасенскага.

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа


Адказваючы на пытанні пасля выступлення з «пасланнем народу і парламенту», Лукашэнка заявіў:
— Абмяняць на нейкі кавалак мяжы? На «Баброўнікі»? Калі мне далажылі, я знаходзіўся доўга ў жаху. Як можна чалавека абмяняць на пункт пропуску. Не патрэбны ён вам — закрывайце. Мы туды практычна не ездзім. (...) Але абмен так абмен. Я скажу публічна: калі яны хочуць Пачобута абмяняць на нешта ці некага, дык у нас у Польшчы Лахушкі (маецца на ўвазе Павел Латушка). Але мяняць Пачобута на Лахушку адзін на аднаго я ніколі не пагаджуся. Усю групу сюды: НАУ, або ГАУ ці як там называецца гэты ўрад на чале з ім. Сюды гэты ўрад у Беларусь на чале з Лахушкам, і я ім аддаю Пачобута — да вечара вырашым гэта пытанне. Я не супраць.
Нагадаем, аўтамабільны пераход «Баброўнікі» (на беларускім баку КПП «Бераставіца») быў закрыты паводле рашэння міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы 10 лютага. Гэта быў адказ афіцыйнай Варшавы на прысуд вядомаму журналісту і актывісту Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту, які напярэдадні атрымаў 8 гадоў пазбаўлення свабоды.
Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года. З таго часу ён за кратамі: спачатку ў следчай турме Жодзіна, пасля — у СІЗА № 1 у Мінску, ад верасня 2022-га — у СІЗА ў Гродне.
Працэс над Анджэем Пачобутам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. 8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў палітзняволенага журналіста вінаватым паводле ч.3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Ажыццяўленне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і ажыццяўленне наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму») і ч.3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару»).