Лукашэнка збіраецца будаваць Беларусь па прыкладзе Ірана?

Беларусь ужо не раз спрабавала наладзіць супрацоўніцтва з Іранам, але далёка не ўсе праекты заканчваліся паспяхова. Не так даўно беларускі кіраўнік наведаў гэту краіну. Што ён там шукае і што сёння агульнае ў дзвюх краін, разважае эканаміст і блогер Аляксандр Кныровіч.

Іранскія жанчыны-ваеннаслужачыя. Фота з topbloger.livejournal.com

Іранскія жанчыны-ваеннаслужачыя. Фота з topbloger.livejournal.com


— Першае — гэта ўстройства дзяржаўнай улады. Усё тое, што прапісана ў нашым дакуменце, які цяжка назваць Канстытуцыяй: УНС, кіраўнік, які ніколі не мяняецца — усё гэта ўжо рэалізавана ў Іране. Там у 1979 годзе адбылася ісламская рэвалюцыя, і з тых часоў гэта тэакратычная дзяржава ў XXI стагоддзі.

Існуе Вышэйшы Савет, кіраўнік дзяржавы, і ён праз Савет вартавых рэвалюцыі вырашае, хто можа быць прэзідэнтам, а хто не, — кажа эксперт у сваім выпуску на канале. — Другое — гэта рэпрэсіі грамадзян.

У верасні 2022 года ў Іране пачаліся хваляванні праз забойства дзяўчыны, якая няправільна насіла хіджаб. У выніку каля 20 тысяч чалавек былі арыштаваны, больш за 500 — загінулі. Вось так выглядаюць рэпрэсіі па-іранску.

Трэцяе — гэта санкцыі. Іран ужо больш за 40 гадоў жыве пад санкцыямі, Беларусь жа з сапраўднымі санкцыямі сутыкнулася толькі цяпер. Уважліва паглядзеўшы, што адбываецца ў эканоміцы Ірана, мы можам убачыць, як гэта будзе развівацца ў Беларусі.

На Іран накладвалі санкцыі за ўдзел у вайне, спансіраванне тэрарызму, парушэнне правоў чалавека, і, самае галоўнае — за ядзерную праграму. Лукашэнка рассыпаўся ў кампліментах кіраўніцтву Ірана за выдатны абыход санкцый. Іран — адна з найбагацейшых краін свету: яна займае трэцяе месца па запасах нафты і сёмае-восьмае па яе здабычы. Толькі вось прадае Іран нафту альбо ў Кітай, альбо ў Індыю, і па вельмі нявыгадных коштах.

Нягледзячы на нафтавыя даходы, у рэйтынгу ВУП па пакупніцкай здольнасці на душу насельніцтва і па намінале Іран значна ніжэй, чым Беларусь. Гэта значыць, краіна развітая менш, чым Беларусь.


За 30 гадоў няма практычна ніякай тэндэнцыі да росту. Адзін год — скачок, другі — падзенне, але ў цэлым — стагнацыя. Памер эканомікі Ірана сёння такі ж, якім ён быў 15 гадоў таму. Сярэдні заробак у Іране — крыху вышэйшы за 30 тысяч рыалаў.

Складана сказаць, колькі гэта ў доларах, паколькі ў Іране чатыры розныя валютныя курсы: ад афіцыйнага, па якім простаму грамадзяніну немагчыма купіць валюту, да рэальнага — на чорным рынку альбо ў дазволеных абменніках. Па афіцыйным курсе зарплата складае $800, але па рэальным — крыху больш за $100.

Плюс да гэтага стандартам з'яўляецца гіперінфляцыя ў памеры каля 40% і беспрацоўе — крыху большае за 10%, а сярод моладзі — 25%.

Кныровіч рэзюмуе: так, можна сказаць, што Іран спраўляецца з санкцыямі — эканоміка неяк працуе і выжывае. Але пры гэтым Іран з'яўляецца лідарам па «ўцечцы мазгоў», штогод гэту краіну пакідае 180 тысяч чалавек.

Далей эксперт успамінае: упершыню сяброўства паміж Беларуссю і Іранам нарадзілася, калі Лукашэнка пасварыўся з Пуціным, як той сказаў плаціць за нафту і газ.

— Лукашэнка пачаў шукаць нафту ў іншым месцы і прыехаў у Іран, дзе яму сказалі: «Давай 500 мільёнаў долараў, і будзеш здабываць нафту». Зарэгістравалі прадпрыемства, пачалі распрацоўку, але ў выніку нічога не адбылося. Праз год-паўтара напісалі, што нешта не сышлося ў тэхналогіях, і забыліся пра гэту тэму.

Далей будавалі аўтазавод «Samand». Мы павінны былі ўзяць старую мадэль аўтамабіля, сабраць у Беларусі і прадаваць у СНД. Мадэль павінна была каштаваць 12 тысяч долараў, а аб'ём вытворчасці планаваўся да 60 тысяч штук. Першае, што мы зрабілі — перасадзілі ўсіх беларускіх чыноўнікаў на той самы «Samand», і на гэтым праект завяршыўся.

Былі ў нас таксама інвестыцыйныя праекты іранцаў у нерухомасць. Самы буйны з іх — лагістычны парк «Палессе», пабудаваны з вялікай затрымкай і потым прададзены іншай кампаніі. Апошні праект — «Магніт-Мінск»: быў запланаваны яшчэ ў 2013 годзе, пасля ўсіх спроб яго перапрадаць перададзены Мінгарвыканкаму, і цяпер ён дабудоўваецца за кошт дзяржаўных грошай.


Што тычыцца гандлёвых адносін паміж Іранам і Беларуссю, то дзяржСМІ актыўна пішуць пра рост за апошні год — з 33 да 100 млн долараў.

— Аднак у тым жа аб'ёме яны былі і 10-15 гадоў таму. Туды мы прадаём прадукцыю дрэваапрацоўкі, падшыпнікі, газетную паперу. Назад забіраем арэхі, сухафрукты, лекі і медыцынскія прыборы.

Навошта ж нам патрэбны Іран? Здавалася б, ментальна і геаграфічна гэта вельмі далёкая ад нас краіна, а таваразварот паміж нашымі краінамі складае толькі 0,13% ад усяго нашага гандлёвага абароту. Але цэлы Алі Хаменеі чамусьці спусціўся са сваёй вежы і паціснуў руку Лукашэнку, што ён робіць вельмі і вельмі нячаста.

Таму, магчыма, там адбывалася нешта, пра што мы не ведаем. Але я спадзяюся, калі-небудзь даведаемся, — заключае Аляксандр Кныровіч.