«Беларусь успрымаецца як менш самастойная да Масквы, чым была ГДР для СССР»

Як успрымаецца на Захадзе роля Беларусі ў гісторыі з расійскай ядзернай зброяй? Чаму пра нашую краіну ў гэтым рэчышчы амаль нічога не чуваць? Пра гэта разважае палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у інтэрв’ю Філіну.

Ілюстрацыя Midjourney

Ілюстрацыя Midjourney


— Намеснік кіраўніка расійскага МЗС Міхаіл Галузін заявіў, што ў Беларусь з Украіны могуць перакінуць дыверсійныя групы з мэтай адхілення Лукашэнкі ад улады. Ягоная заява гучыць куды больш сціпла, чым анонс размяшчэння ядзернай зброі РФ на беларускай тэрыторыі. Ці маюць гэтыя гісторыі агульную мэту, і пра што можа сведчыць такі фокус Крамля на Беларусі?

Я б тут дадаў яшчэ некалькі падобных заяў. Так, калега Галузіна Сяргей Рабкоў, куды больш вядомы намеснік Лаўрова, звярнуўся да Захаду: маўляў, глядзіце, гэта ўсё сур'ёзна. Думайце, што вы робіце, бо сітуацыя дайшла да такой мяжы, што мы проста вымушаныя былі на гэта пайсці.

Сюды можна дадаць досыць сумнеўныя словы і ўласна міністра Лаўрова пра тое, што Захад ужо вельмі актыўна ўдзельнічае ў вайне і куды ўжо тут далей.

Канешне, гэта звязаныя між сабой падзеі. Заявы наконт Беларусі звязаныя з ядзернай зброяй. І відавочна ўжо, у якім накірунку ўсё ідзе, і як яны будуць гэта з дапамогай прапаганды абгрунтоўваць, і якую будуць нагнятаць істэрыю.

Першае пасланне ідзе Захаду — тут будзе ядзерная зброя, якая будзе несці пагрозу і вам. Але вы атрымліваеце тое, на што самі напрасіліся. Вы падтрымліваеце Украіну і за гэта мы размяшчаем тут зброю.

Дарэчы, яны нагнятаюць істэрыю не толькі на беларускім накірунку. На днях была заява расійскага пасла ў Швецыі, які заявіў, што гэтая краіна пасля ўступлення ў НАТА можа ператварыцца ў легітымную цэль для расійскіх войскаў.

Так што гэтую істэрыю яны нагнятаюць на розных франтах. Ім відавочна не падабаецца падтрымка Украіны, падтрымка доўгатэрміновая. І таму яны пачынаюць размахваць ядзернай дубінкай. Гэта разлічана найперш на заходнюю аўдыторыю.

Што датычыць заявы Галузіна, то гэта яшчэ і спроба падкрэсліць украінскі наратыў, накіраваны на беларускую ўладу, на прыхільнікаў Лукашэнкі.

Я б гэтыя заявы сур'ёзна не ўспрымаў, бо што Лаўроў, што Галузін з Рабковым — гэта людзі, якія не вырашаюць у палітычных пытаннях, а займаюцца ўкідамі. Яны робяць такія інфанагоды, каб стварыць негатыўны, напружаны фон. І для Захаду, і для Беларусі. Каб той жа Лукашэнка, ягоныя спецслужбы, а таксама беларускае грамадства ў цэлым былі ў тонусе.

— Тэма магчымага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі абляцела сусветныя СМІ. А што пішуць (калі ўвогуле пішуць) пра магчымы аншлюс нашай краіны?

Напэўна, самае непрыемнае тут для Беларусі, а таксама ў пэўнай ступені для Лукашэнкі, тое, што ў апісанні гэтай падзеі беларуская дзяржава выступае не ў ролі суб'екта, які нешта вырашае. Яна апісваецца ў якасці аб'екта.

То бок, гэта тэрыторыя, краіна, якая знаходзіцца пад расійскім уплывам. І ўсе пытанні там вырашае выключна Расія. Што гэта выключна яе рашэнне. Зрэшты, яно ў камунікацыі ідзе, як расійскае рашэнне.

Мы ж дагэтуль нічога не чуем на гэты конт ад Лукашэнкі. Бачым толькі смешныя заявы праўладных прапагандыстаў, разлічаныя на ўнутраную аўдыторыю. А для замежнай аўдыторыі, калі я не памыляюся, ад Лукашэнкі нічога не было.


— Была толькі заява МЗС.

Так, але гэта МЗС, а мы ж ведаем, што ў Беларусі ёсць толькі Лукашэнка. А ён маўчыць. У заяве ж міністэрства таксама не ўсё да канца зразумела.

Усё гэта падкрэслівае ў вачах заходніх назіральнікаў, што падобныя пытанні вырашаюцца не ў Мінску, а ў Маскве. І вось гэтае падкрэслена спакойнае стаўленне да сітуацыі паказвае, на жаль, што Беларусь успрымаецца, як тэрыторыя, якая цалкам знаходзіцца пад расійскім кантролем і ўплывам.

У мяне, шчыра кажучы, калі я чытаю паведамленні ў заходняй прэсе, аналітычныя артыкулы, складваецца ўражанне, што гаворка ідзе не пра Беларусь, а пра адзін з памежных рэгіёнаў Расіі. Нібыта гэтую зброю завязуць кудысьці ў Смаленскую вобласць, Бранскую, альбо штосьці яшчэ давязуць у Калінінград.

У пэўным сэнсе яны не ўспрымаюць Беларусь як самастойную адзінку. Для іх гэта краіна, якая знаходзіцца пад татальным расійскім кантролем. А Лукашэнка — гэта не самастойны палітык, які штосьці вырашае, а чалавек з атачэння Пуціна. Чалавек, які выконвае загады Пуціна.

Таму гэтае пытанне акупацыі і не ўздымаецца. Мне падаецца, што шмат для каго на Захадзе — і палітыкаў, і аналітыкаў — гэтае пытанне выглядае вырашаным. Бо калі тут ужо знаходзяцца расійскія войскі, а хутка з’явіцца яшчэ і ядзерная зброя, то ўсё ж зразумела.

Ёсць два выразныя моманты, калі казаць пра характар заходняй рэакцыі. З аднаго боку, рэакцыя кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Барэля. Яна адрозніваецца, бо ён звярнуўся да беларускіх уладаў. І тым самым прадэманстраваў, што ўспрымае іх у якасці гульца.

Канешне, ягоны зварот да Лукашэнкі гучыць сумнеўна. Маўляў, адумайся, калі ты гэта зробіш, то атрымаеш санкцыі, а не зробіш — не атрымаеш. Але гэта хутчэй выключэнне.

Бо калі мы паглядзім на рэакцыю нямецкага ўраду, то яна была звернутая, галоўным чынам, да Пуціна. Яму фактычна патлумачылі, што ягоная апеляцыя да размешчанай на тэрыторыі ФРГ амерыканскай ядзернай зброі недарэчная.

На гэтым быў зроблены фокус, а той факт, пра які мы зараз разважаем, што ядзерная зброя завозіцца ў незалежную дзяржаву, і тым самым знішчаецца яе самастойнасць, што мы фактычна маем падобную сітуацыю да той, калі СССР завозіў сваю ядзерную зброю ў Польшчу, Чэхаславаччыну, на Кубу, такіх параўнанняў няма.

Для мяне гэта жахліва. Я зрабіў такое параўнанне ў артыкуле для «Нямецкай хвалі», але ў дыскурсе гэтых паралеляў няма. І тое, што такія аналогіі не ўзнікаюць, мне асабіста кажа пра тое, што сённяшняя Беларусь успрымаецца, як менш самастойная ў дачыненні да Масквы, чым была ГДР для СССР напрыканцы 1950-х, калі яны ўпершыню завезлі туды ядзерную зброю.

І тут ёсць вельмі цікавае параўнанне. У ФРГ і на Захадзе доўгі час існаванне ГДР не прызнавалася. Калі Савецкі Саюз завёз туды зброю, Заходняя Германія афіцыйна называла ГДР Савецкай зонай акупацыі (Sowjetische Besatzungszone, SBZ).

То-бок, у ФРГ лічылі, што Савецкі Саюз завёз сваю ядзерную зброю на тэрыторыю, якую ён сам жа і акупаваў. І ў гэтым сэнсе ёсць сур'ёзная аналогія з сённяшняй Беларуссю. Але ў публічнай прасторы яна не ўзнікае.


— Украінскі палітолаг Яўген Магда кажа, што без дэмакратычнай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы. Што суседзі Беларусі і тым больш Украіна мусяць гэта ўсведамляць. Ці бачыцца вам разуменне гэтага па-за Люблінскім трохкутнікам?

Гэта добрае пытанне. Я думаю, што Магда мае рацыю. У Польшчы, Латвіі і Літве гэта так і ўспрымаецца. Тут зразумелі, што лукашэнкаўская Беларусь ад Расіі амаль не адрозніваецца. Што датычыць Украіны, то тут мне цяжка сказаць.

У мяне няма ўражання, што ўкраінскае кіраўніцтва так сабе гэта ўяўляе і разумее, што з аўтарытарным рэжымам дамовіцца не атрымаецца. Магчыма, гэтая гісторыя з ядзернай зброяй паўплывае на пазіцыю афіцыйнага Кіева, і яна стане больш прынцыповай.

Калі мы пойдзем далей, у Еўропу, то што мы там пабачым? У прынцыпе, разуменне неабходнасці дэмакратызацыі Беларусі прысутнічае. Яно прысутнічае і ў Германіі, і ў Францыі. Зразумела, чым далей на Захад, тым менш цікавасці да беларускіх падзей.

І ўсё ж разуменне ёсць. Але адначасова ёсць і разуменне немагчымасці штосьці зрабіць.

Так, ідэю дэмакратычнай Беларусі, незалежнай ад Расіі (тым больш сённяшняй), еўрапейскія краіны падтрымліваюць. Гэта цалкам у інтарэсах Еўропы.

Але праблема тут у тым, як гэта можна рэалізаваць. І вось тут Захад мусіць прызнаць, што гэта дагэтуль не зроблена, і, магчыма, зроблена не будзе. Гэта прыкра, але ні на што Еўразвяз паўплываць не можа.

Тая ж заява Барэля была вельмі дзіўнай у тым сэнсе, што ён пагражаў Лукашэнку санкцыямі. Але ж дагэтуль не былі выкананыя ранейшыя пагрозы. Фон дэр Ляен казала, што за ўсё зробленае Лукашэнкам ён атрымае новы пакет санкцый. Ён нічога не атрымаў.

Да сённяшняга дня таго пакета няма. І тут выходзіць Барэль і кажа, што зробіць новы пакет. А Лукашэнка глядзіць на гэта і, пэўна ж, пасміхаецца: «Яны мне пагражаюць, ізноў кажуць пра санкцыі. Дык яны ж яшчэ мінулыя не ўвялі, то што мне іх пагрозы?»

Таму ён і адчувае сябе, як мне падаецца, досыць упэўнена.