«Гомель-30» — сакрэтная база для ядзернай зброі РФ? Ці ПК-24, дзе здзекуюцца з жанчын-палітвязняў?

«Гомель-30» — старая сакрэтная савецкая ваенная база, цяпер больш знакамітая калоніяй для жанчын-рэцыдывістак. Але, верагодна, ваенную базу там могуць і аднавіць. Як ужо аднавілі традыцыі савецкага ГУЛАГу.

1_2_homel_30.jpg

Што ўяўляе сабой сакрэтная база «Гомель 30», якая можа стаць імаверным месцам для размяшчэння расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі? І прычым тут жанчыны-палітвязні? Пра вайсковы аб'ект падрабязна напісаў у сваім блогу навуковец Сяргей Бесараб. «Штодзень» апублікаваў гэты тэкст.

«Непадалёк ад трасы Р82 (Рэчыца—Светлагорск) ёсць невялікі пасёлак Зарэчча. Цяпер так называецца тое, што ў часы СССР насіла назву “Гомель-30”. На тэрыторыі гэтага аб'екта знаходзілася ЦБЗ — цэнтральная база захоўвання ядзернай зброі, вайсковая частка 42654 арсенала 12 галоўнага ўпраўлення Мінабароны СССР. З поўдня да яе прымыкаў жылы гарадок, з поўначы — сама ваенная частка, абгароджаная па перыметры калючым дротам з кулямётнымі гнёздамі.

У “Гомель-30” звозілі ядзерную зброю з розных куткоў і праводзілі яе канчатковую зборку і абслугоўванне. Тут захоўваліся боепрыпасы самых розных родаў войскаў: ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, ВПС, сухапутных войскаў, ВМФ, інжынерных войскаў. Ваеннаслужачыя гэтай часткі, дарэчы, насілі форму і знакі войскаў сувязі, каб “нічога не прадвяшчала бяды”.

Само сховішча ўяўляе сабой умоўны квадрат лесу памерамі прыкладна 2,2×2,2 км, у якім на значнай аддаленасці адзін ад аднаго размешчаныя 6 бункераў-сховішчаў. Сховішчы схаваныя ў гары, а перад імі пабудаваныя невялікія перагрузачныя пляцоўкі, накрытыя шыферным дахам, і зборачныя залы. Будынак у куце чырвонага квадрата — гэта жаночая калонія ВК-24 УДВП МУС.

homel_30_2_.jpg

На сённяшні дзень паўднёвая частка былога “Гомеля-30” — гэта мірны жылы пасёлак Зарэчча. Чыгунка разабраная ў сярэдзіне 2010-х гадоў. Аховай аб'екта займаюцца ў тым ліку і супрацоўнікі калоніі.

Адзін з бункераў выкарыстоўваецца для захоўвання радыеактыўных адходаў з іншых дэмантаваных ракетных сховішчаў і баз і ўяўляе сабой <…> аб’ект калодзежнага тыпу з аб'ёмам сховішча 5 м³ і агульнай вагай адходаў (уключаючы зацэментаваныя) роўным 12 тонам», — распавёў навуковец Сяргей Бесараб.


Варта згадаць, што жаночая папраўчая калонія №24 у Зарэччы цяпер сумна вядомая з іншай нагоды. ПК-24 — гэта калонія для жанчын рэцыдывістак, якія паўторна здзейснілі цяжкае злачынства. Там цяпер трымаюць палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк. Яе муж, Андрэй Шарэнда, пісаў пра гэту калонію ПК-24 наступнае: «Яна знаходзіцца ў лесе паміж Рэчыцай і Светлагорскам і вядома вельмі жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Таксама ПК-24 вядома кепскімі санітарнымі ўмовамі для вязняў і цяжкай фізічнай працай для зняволеных. Усе, хто там быў, кажуць, што мэта гэтай установы — менавіта псіхалагічна зламаць чалавека і зрабіць з яго раба. Умовы і парадкі там блізкія да савецкага ГУЛАГу».