Хронікі рэпрэсій: 29 сакавіка

Галоўныя навіны пра затрыманні, суды, ператрусы за сённяшні дзень.

56497.jpg


Пракурор, які падтрымліваў абвінавачанне па крымінальнай справе супраць «вясноўцаў», падаў апеляцыйны пратэст на прысуд. «Думаю, што ім не спадабаліся нашы тэрміны, лічаць іх занадта мяккімі», — пракаментаваў апеляцыю Валянцін Стэфановіч. 3 сакавіка суд прызначыў Алесю Бяляцкаму пазбаўленне волі тэрмінам на 10 гадоў, Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў, Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў. Пракурор Аляксандр Кароль запытваў у суда больш строгае пакаранне: 12 гадоў для Бяляцкага, 9 гадоў для Лабковіча, 11 гадоў для Стэфановіча.

Не выйшаў на волю былы дырэктар Купалаўскага тэатра Мікалай Заяц. Яго затрымалі 13 сакавіка, перад гэтым дома прайшоў ператрус. Як расказалі журналістам блізкія маладога чалавека, Зайца судзілі паўторна і арыштавалі яшчэ на 14 сутак. Прычына тая ж, што і ў першы раз — ён нібыта «размахваў рукамі».

Стала вядома, што аўтара YouTube-канала «Mozg*N» Уладзіміра Цыгановіча, які ўжо адбывае 15 гадоў пазбаўлення волі па «справе Ціханоўскага», будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».

1 сакавіка ў Мінскім абласным судзе працягнуўся суд над кандыдатам у прэзідэнты Валерыем Цапкалам. Пракурор запытаў для яго завочна 19 гадоў турмы. Цапкалу інкрымінуецца больш за 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Справу супраць яго вядзе Сяргей Епіхаў.

Сёння адбыўся суд над сынам апазіцыйнага палітыка Анатоля Лябедзькі Арцёмам, якога затрымалі напярэдадні. Суд прысудзіў яго да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Лябедзьку-малодшага судзілі за тое, што ён нібыта «стаяў побач з міліцыяй і нецэнзурна лаяўся».

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што сёння ўначы на беларускай мяжы былі затрыманы кіроўцы міжнароднага аўтобуса, які ехаў з Польшчы ў Беларусь. Гаворка ідзе пра аўтобус кампаніі «PKS Gdańsk», якая выконвае рэйсы па маршрутах «Гданьск — Мінск» і «Познань — Мінск». Затрыманыя кіроўцы — беларусы. Паведамляецца, што пасля затрымання пасажыры аўтобуса некалькі гадзін чакалі, пакуль па іх з Мінска прыедзе новы аўтобус. Прычыны затрымання невядомыя.

Сёння сілавікі заявіліся ў рэпетытарскі адукацыйны цэнтр «100 балаў». Ператрусы прайшлі ў галоўным офісе ў Мінску і яго рэгіянальных аддзяленнях. Новага дырэктара цэнтра Таццяну Карней забралі. Прычына пакуль невядомая.

Праўладныя Telegram-каналы паведамляюць, што па даручэнні кіраўніка МУС у міліцыі дадуць «жорсткую ацэнку дзеянням асоб, якія дапускаюць грубыя парушэнні ПДР». Сілавікі пад гэтай фармулёўкай маюць на ўвазе парушэнні дарожных правіл, звязаныя з «экстрэмізмам»: «тыя, хто раней прыцягваліся за спыненне руху на праезнай частцы, падачу сігналу або дэманстрацыю з аўто забароненай сімволікі, будуць узяты на асаблівы ўлік і старанна правераны на прадмет выкарыстання транспарту ў адпаведнасці з законам».

Як паведамляюць СМІ, сілавікі ўчынілі маштабную аблаву ў Нацыянальным Полацкiм гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Былі затрыманы 8 асоб, сярод іх — былая дырэктарка ўстановы Тамара Джумантаева і кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік. Затрыманых абвінавачваюць у «распаўсюджанні экстрэмісцкай інфармацыі».

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1466 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1747 чалавек. Сярод іх — 189 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.