Шклоўская калонія — здзекі з палітвязняў, магчымае забойства Вітольда Ашурка і ціск на Паўла Севярынца

Праваабаронцам сталі вядомы новыя падрабязнасці таго, што адбываецца ўнутры адной з самых жорсткіх калоній Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Папраўчая калонія № 17 у Шклове лічыцца адным з самых жорсткіх месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі. Цяпер там утрымліваецца мінімум 78 палітзняволеных. Гэта калонія вядомая тым, што ў 2021 годзе там памёр 50-гадовы палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак. Крымінальная справа па факце яго смерці дагэтуль не заведзена. Адзін з былых вязняў на ўмовах ананімнасці (яго імя ёсць у распараджэнні праваабаронцаў) расказаў праваабаронцам пра катаванні і здзекі са зняволеных па палітычных матывах, абставіны смерці Вітольда Ашурка і ціск на Паўла Севярынца.

«У начальніка калоніі будзе паметка, што зняволены скардзіўся ці нечым незадаволены»

Паводле слоў былога зняволенага, у шклоўскай калоніі існуе «рытуал»: усіх асуджаных, якія прыехалі, адразу пасылаюць у штрафны ізалятар (ШІЗА) і робяць «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

«Калі прыязджаюць новыя асуджаныя, то ва ўсіх ёсць паметы, як яны сябе вялі ў СІЗА, на этапе, у цягніку і ў аўтазаку. Адразу пасля прыезду ў калонію на ўсіх «экстрэмістаў» складаюць рапарты за дробязі, якіх напачатку цяжка прытрымлівацца: гузік не зашпілены, няправільна назваўся супрацоўніку, размаўляў у шыхце, несвоечасова ўстаў з ложка і шматлікае іншае. Палітзняволеных адразу пазбаўляюць усіх спатканняў і пасылак. Адпраўляюць у ШІЗА на 3-5 сутак і робяць «злоснымі парушальнікамі рэжыму». На ежу з крамы тады застаецца толькі дзве базавыя.

У калоніі парушаюцца ўсе правы чалавека. Напрыклад, пазбаўляюць сну, праз што з'яўляюцца галюцынацыі. У мяне самога так кружылася галава, я бачыў галюцынацыі — сваіх дзяцей — і чуў голас маці. Некаторыя страчвалі прытомнасць. Зняволеных трымаюць у холадзе, праз што ў іх праблемы з кровазваротам і ныркамі. У ШІЗА сядзіш у цішыні — нельга размаўляць, ляжаць, спаць, заплюшчваць вочы. Лекары і псіхолагі не прыходзяць».


Паводле слоў былога зняволенага, штрафны ізалятар заўсёды напоўнены асуджанымі:

«Такога не бывае, каб ён быў пустым. Зняволеных, якія неяк абараняюць свае правы, доўга трымаюць у ШІЗА — напрыклад, тры разы запар па 10 сутак. Потым на месяц пасылаюць у ПКТ, а затым — на «крытую» турму. Шмат хто адразу з каранціну туды з'язджаюць.

Калі супрацоўнікі ўбачаць ці пачуюць, што зняволены ў лістах ці па тэлефоне паскардзіўся ці выказаў незадаволенасць, то чакай гасцей. Супрацоўнікі знойдуць любую прычыну, каб напісаць рапарт і адправіць у ШІЗА. У начальніка калоніі будзе паметка, што зняволены скардзіўся ці нечым быў незадаволены, а гэта адразу 10 сутак і пагрозы дадатковым тэрмінам па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»)».

«Супрацоўнікі ўвесь час адпускаюць жартачкі, што палітзняволеныя — заходнія шлюхі, геі, прастытуткі»

Паводле слоў былога зняволенага, адносіны супрацоўнікаў у калоніі № 17 да палітзняволеных прадузятыя, яны выкарыстоўваюць усе спосабы ціску.

«Часта гэта ініцыятыва саміх супрацоўнікаў. Пры гэтым у пакоі дзяжурнага памочніка вісіць спіс прозвішчаў, хто павінен быць «на адстрэле», то-бок на каго абавязкова павінен быць складзены рапарт за любое парушэнне. Палітзняволеных не лечаць у медчастцы, не пускаюць займацца спортам, пазбаўляюць пасылак, спатканняў, грашовых сродкаў, робячы ўсіх «злоснымі парушальнікамі». Іх садзяць у ШІЗА, прымушаюць спяваць гімн, вучыць правілы ўнутранага распарадку, аўтараў гімна, Канстытуцыю і змены, прынятыя на незаконным рэферэндуме. Пытаюць, хто прэзідэнт Беларусі. Адказ мусіць быць «Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч». Уборка праходзіць па шэсць разоў на дзень пад наглядам супрацоўніка з відэарэгістратарам.

Супрацоўнікі ўвесь час адпускаюць жартачкі, што палітзняволеныя — заходнія шлюхі, геі, прастытуткі. Іх вядуць, каб намазаць зялёнкай лоб і паставіць да сценкі. І шматлікае іншае... Мне цяжка ўсё ўспамінаць.


Супрацоўнікі лянівыя і робяць «адстрэлы» (караюць) толькі па загадзе зверху. У іх куча працы, яны не паспяваюць яе выконваць, касячаць і не ведаюць законаў і правіл. І самае галоўнае і гідкае — яны не вераць у папраўчую сістэму».

У вытворчай зоне шклоўскай калоніі функцыянуе абутковая, швейная вытворчасць і дрэваапрацоўка. Як расказвае былы зняволены, асуджаных па палітычных артыкулах прымушаюць працаваць на самай бруднай і цяжкай працы, дзе ад дыму цяжка дыхаць і пастаянна холадна.

«У мяне былі галюцынацыі ў ШІЗА і думкі пра самагубства»

Былы зняволены кажа, што сам ён не падпадаў пад катаванні, але чуў з кабінетаў крыкі іншых зняволеных, якіх збівалі. Паводле слоў іншых палітвязняў, могуць біць за татуіроўкі, нататкі ў сшытках і лістах, выказванне свайго меркавання, непрызнанне віны, адмову выконваць загад і з іншых прычын. Але, як кажа былы зняволены, супрацоўнікі калоніі практыкуюць розныя формы здзекаў з асуджаных.

«Ставяць на расцяжку: зорачкай рукі і ногі ў бакі, кайданкамі прыкоўваюць да ложкаў альбо клеткі і б'юць па тулаве (нырках, печані, селязёнцы) або па сцёгнах. Кагосьці душылі проста ў ШІЗА, не баючыся відэакамер. Казалі, што першых, хто прыехаў, жорстка білі: падвешвалі на нейкі ланцуг у кайданках.

Яны здзекуюцца псіхалагічна. Тое, што асабіста для мяне горш. Мораць голадам і холадам. Самае жорсткае — калі пазбаўляюць сну. У мяне былі галюцынацыі ў ШІЗА і думкі пра самагубства.

Вязні павінны стрыгчыся налыса і стаяць па дзве гадзіны на вуліцы на холадзе па стойцы «смирно» без пальчатак. Альбо пад дажджом, а потым у мокрай вопратцы хадзіць і смярдзець. Прымушаюць глядзець праўладныя фільмы і ролікі пра сілу міліцыі і міласэрнасць прэзідэнта да нас. Казалі, што маглі расстраляць нас, але далі шанец. Вось такі здзеклівы рытуал».

«Заганяюць зняволеных у «нізкі статус»

Паводле слоў былога зняволенага, адным з распаўсюджаных спосабаў ціску на палітзняволеных з'яўляецца перавод іх у разрад «людзей з нізкім сацыяльным статусам».

«Акрамя гэтага, супрацоўнікі заганяюць зняволеных у «нізкі статус». Яны загадваюць выносіць смецце за 100 чалавекамі ў атрадзе альбо мыць падлогу ў туалеце — і ўсё. Калі адмаўляешся, то адпраўляюць у ШІЗА, а там — аж да крымінальнай справы па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса».

Пра такі спосаб ціску раней расказвалі і іншыя былыя зняволеныя з калоніі № 17.

«Казалі, што Вітольда выводзілі ў прагулачны дворык і білі па нагах і тулаве»

21 траўня 2021 года стала вядома, што ў калоніі № 17 у Шклове загінуў 50-гадовы палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Афіцыйная прычына — сардэчны прыступ, аднак калі сваякі атрымалі цела на пахаванне, то выявілі, што яно знявечана: распухлі рукі, а галава была перавязана так, каб толькі яго рот быў бачны. Палітзняволены прабыў у калоніі толькі каля месяца.

«Вітольд Ашурак заўсёды стаяў на сваім і ўсім даводзіў свой пункт гледжання. Ён не мог пагадзіцца з тым, што людзі не разумеюць простых рэчаў і не могуць адказаць на простыя пытанні, заўсёды смела размаўляў са зняволенымі, з канвоем і супрацоўнікамі. Але яго прэсавалі ў поўным аб'ёме: рвалі лісты, рэзалі рэчы, ламалі цыгарэты, абзывалі заходнім клоўнам, кожны дзень яго вадзілі на пакаранне. Перад апошнімі пасадкамі ў ШІЗА ён казаў, што яго пасадзяць, бо ён жорстка паразмаўляў з начальнікам калоніі і настойваў на сваім. Ён расказваў іншым зняволеным у курылцы, што звычайныя палітвязні малайцы, што не прайшлі міма, але яны выканалі сваю ролю ў гэтай вайне і ім трэба вяртацца дадому да дзяцей і сем'яў, а яго місія — у большым. Яго мэта — нечага дасягнуць і даказаць. Больш яго не бачылі...


Адразу Вітольду далі 10 сутак ШІЗА, потым яшчэ 10 сутак. Потым пайшлі размовы, што супрацоўнікі сказалі яго рэчы і матрац пакласці ў хадок да «апушчаных» (месца ў куце асобна ад астатніх), каб ён мыў туалеты і выносіў смецце. Вітольд з гонарам адмовіўся ад выхаду з ШІЗА, бо так ён заставаўся ў нармальным статусе. А потым было 21 траўня... [у гэты дзень стала вядома пра смерць Вітольда Ашурка].

У той дзень прыехала хуткая дапамога, а праз дзве гадзіны — чорная «Газель» са шторамі. Сказалі, што ён упаў галавой на стол. Вязні гаварылі, што Вітольда выводзілі ў дворык для шпацыру і білі па нагах і тулаве, каб ён не мог сядзець і хадзіць у туалет.

На тым відэа, якое ўсім паказвалі, бачна, што ён страчваў прытомнасць. Гэта магло быць ад бессані і знясілення. Нягледзячы на ​​канец траўня ў калоніі было халодна, і яны спецыяльна адчынялі вокны. Быў скразняк, вельмі дзьмула, немагчыма было сядзець, трэба было пастаянна хадзіць, каб сагрэцца».

«На царкоўныя службы пачалі прыходзіць міліцыянеры і сачыць»

Паводле слоў былога зняволенага, у шклоўскай калоніі забаронены зносіны паміж асуджанымі па палітычных артыкулах. Кожныя паўгода зняволеных тусуюць па розных атрадах, каб яны не сябравалі і не размаўлялі. Супрацоўнікі нават складаюць графік наведвання санчасткі і царквы так, каб зняволеныя з розных атрадаў не размаўлялі паміж сабой. Праблем з наведваннем царквы там няма, адзначае былі зняволены, але цяпер некаторыя службы праходзяць пад кантролем супрацоўнікаў.

«Вязні неяк паскардзіліся адміністрацыі, што Павел Севярынец у царкве збірае гурткі палітзняволеных на беларускай мове. Пасля гэтага на царкоўныя службы пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі і сачыць. Ідзе служба — а ў іх рацыя гарлапаніць і яны грызуць семкі.

Севярынца не чапалі да лета 2022 года. Потым чулі, што і ў атрадзе, і ў ШІЗА забаранілі ўсім мець зносіны з ім».

Сапраўды, у чэрвені 2022 года праваабаронцам стала вядома, што палітзняволенага Паўла Севярынца пазбавілі працяглага спаткання.

«Прымушаў рваць [лісты] не чытаючы і выкідаць у смецце»

Паводле слоў былога вязня, лісты ім перасталі аддаваць у канцы студзеня 2022 года. Такая практыка была ва ўсіх папраўчых установах Беларусі.

«За кожнымі 15-20 палітычнымі замацаваны супрацоўнік, які правярае лісты і хто ім піша. Прыйшоў загад зверху, што перапіска дазволена толькі з блізкімі сваякамі. Супрацоўнікі спецыяльна выклікалі да сябе, калі ў асуджаных быў вольны час. Яны чакалі ў калідоры па дзве-тры гадзіны. Кожны заходзіў на 5-10 хвілін, супрацоўнік пры ім чытаў, ад каго ліст, а потым прымушаў рваць не чытаючы і выкідаць у смецце. Калі зняволены адмаўляўся, то на яго складваўся рапарт за тое, што ён нібыта лаяўся нецэнзурнымі словамі ці жаргонам».


Хто датычны да рэпрэсій у калоніі № 17?

Былы зняволены назваў праваабаронцам імёны супрацоўнікаў, датычных да рэпрэсій палітзняволеных:

«Гэта старшы рэжымны аператыўны супрацоўнік маёр Сяргей Карчэўскі. Гэта інспектар-рэжымнік капітан Іван Галанаў, старшы інспектар-рэжымнік капітан Віталь Краўчанка, дзяжурны памочнік начальніка калоніі капітан Павел Прохараў, дзяжурны памочнік маёр Дзмітрый Удодаў, маёр Канстанцін Самойлаў, капітан Фяськоў, маёр Сямёнаў, прапаршчык Радычкін».