«Круцілі, грамілі, фатаграфавалі». Як праходзіў чарговы «хапун» у раённых цэнтрах
У райцэнтрах адбываюцца арышты, ператрусы і судовыя працэсы па палітычна матываваных адміністрацыйных справах. Прэвентыўныя затрыманні пачаліся напярэдадні Дня Волі, распавядае «Н*ша Ніва».

Дзясяткі людзей былі затрыманы за апошнія дні ў Полацку, Ляхавічах, Бабруйску, Мёрах, Круглым у розных абласцях Беларусі. У іншых прайшлі ператрусы.
У Ляхавічах, як удалося высветліць з розных не звязаных між
сабою крыніц, сілавікі забіралі людзей на працоўных месцах.
У зняволенні апынуліся работнікі асноўных прадпрыемстваў
райцэнтра: малочнага завода «Ляхавічок», прадпрыемстваў «Інтэрлак» і
«Металапластмас». Таксама былі схоплены і некалькі прадпрымальнікаў. Імёнаў зняволеных родныя просяць не называць, бо лічаць, што агалоска ім нашкодзіць.
У райцэнтры аблава пачалася напярэдадні Дня Волі, і, як
сцвярджаецца, адзінкавыя затрыманні працягваюцца пасля яго. Колькасць
зняволеных дасягае дзясятка чалавек: пяць гадоў таму столькі людзей на беларускае
свята звычайна затрымлівалі ў сталіцы, цяпер — у райцэнтры з насельніцтвам
10500 чалавек. Нагодай для затрымання былі падазрэнні ў нелюбові да дыктатуры,
а таксама ўдзел у мінулым у апазіцыйных чатах.
Як пішуць праваабаронцы, аднаго з затрыманых супрацоўнікі
АМАПа катавалі на вачах у сям'і.

У Полацку затрыманні ішлі цягам апошняга тыдня.
Мужчыны на камеру супрацоўнікам ГУБАЗіК гавораць, што іх
забралі за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (так лукашысты называюць
незалежную грамадска-палітычную ці культурную інфармацыю), а таксама за
падпіску на «забароненыя тэлеграм-каналы». Адзін з іх кажа, што ў яго на
тэлефоне быў беларускі нацыянальны сцяг.
На відэа паказана, як сілавікі круцяць пажылога мужчыну і
начэпліваюць яму на рукі кайданкі. Далей ён сядзіць на табурэце з рукамі за
спінай.
Паводле крыніц «НН», 29 сакавіка сілавікі правялі
маштабную аблаву ў Нацыянальным Полацкiм гісторыка-культурным
музеі-запаведніку.
Затрымана прынамсі 8 чалавек. Па інфармацыі праваабаронцаў,
сярод іх былая дырэктарка запаведніка Тамара Джумантаева, наваполацкія
фатографы Кірыл Смалякоў і Ігар Супранёнак, кандыдат філасофскіх навук,
супрацоўнік Музея кнігадрукавання ў Полацку Ігар Бортнік.
Забралі камп'ютарную тэхніку, ім закідаецца распаўсюджванне
«экстрэмісцкай» інфармацыі, каментарыі, лайкі і г.д.
У райцэнтры Мёры Віцебскай вобласці, як кажуць крыніцы, як мінімум шасцярых жыхароў асудзілі за «распаўсюджванне
экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці вядома як мінімум пра
адзін судовы працэс за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Прэвентыўныя затрыманні адбыліся і ў найбуйнейшым райцэнтры
краіны — Бабруйску.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, забралі і асудзілі на
адміністрацыйны арышт прафсаюзную актывістку Галіну Смірнову. У доме жанчыны
правялі ператрус, а затым сфатаграфавалі разгром і стомленую гаспадыню.
Схапілі жыхарку Бабруйска Алену Мядзведзеву. На відэа
прапагандысцкага тэлеграм-канала яна кажа, што не падпісана на «экстрэмісцкія
тэлеграм-каналы» і не зʼяўляецца актывісткай «экстрэмісцкіх» арганізацый.

Фота з праўладнага канала
Ператрэслі жытло і старшыні магілёўскай абласной арганізацыі
сацыял-дэмакратаў, жыхара Бабруйска Юрыя Грынявецкага. Сілавікі ў
тэлеграм-канале пахваліліся фотаздымкам пажылога актывіста з раскладзенымі
перад ім нібыта забароненымі матэрыяламі. Варта адзначыць, што гэтыя выданні не
ўваходзяць ні ў якія спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і былі адвольна
выбраны лукашыстамі, якія праводзілі ператрус.
Вобшук сілавікі правялі і ў жыхара Бабруйска Андрэя
Карэліна. У чым мужчыну вінавацяць, незразумела. Яго сфатаграфавалі ў
разгромленай кватэры і паабяцалі, што «працяг будзе».
У Круглым, райцэнтры на Магілёўшчыне, таксама адбыліся
затрыманні. Паводле праваабаронцаў, 28 сакавіка забралі шасцярых
мясцовых жыхароў за ўдзел у пратэстах 2020 года. Называлася імя адной з
затрыманых — Аліны Горавай.
30 сакавіка адзін з праўладных тэлеграм-каналаў паведаміў
пра затрыманне мясцовага прадпрымальніка Аляксандра Каліна. Нагодай стаў яго
ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах» 2020 года. За тое ж дачка бізнесоўца
абвешчана ў вышук. Заяўляецца, што супраць затрыманых распачата крымінальная
справа, ім пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Фота «Св*боды»
У 2021 годзе Аляксандр Калін судзіўся са старшынёй Круглянскага райвыканкама Сцяпанам Палоннікавым, якога вінаваціў у знявазе
гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. З чыноўніка намагаўся спагнаць 10 тысяч
рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Чыноўнік на праўладным мітынгу 19 снежня 2020 года
абвінаваціў Каліна ў здрадзе і выгукваў зняважлівыя выказванні. Відэа з яго
выступленнем было размешчана на сайце раённай арганізацыі БРСМ і мясцовай раёнкі, але
праз дзень фільм прыбралі. Рэакцыя Палоннікава была выклікана публічным
пратэстам жыхароў райцэнтра супраць фальшывых вынікаў выбараў і гвалту
сілавікоў.
Суд, які праходзіў у Шклове, прадпрымальніку выйграць не
ўдалося.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020
года. Пасля выбараў людзі выйшлі на пратэсты супраць фальсіфікацыі іх вынікаў і
гвалту сілавікоў. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларусы зазналі
пераслед за антываенныя настроі. За 2,5 гады тэрору ў краіне адбылося каля 50
тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена каля 12 тысяч
палітычна-крымінальных спраў і адкінуты базавыя нормы законнасці і маралі.