Кацярына Шуст: Заставацца чалавекам — свабода, якую не адняць нікому

Прадпрымальніца і колішняя актывістка Партыі БНФ падзялілася сваімі ўражанннямі пасля 10 сутак арышту. Пра сваіх каляжанак і пра тое, што чалавек часам сам не ўсведамляе, які ён моцны.

318698107_5084630561636687_639456400274393959_n_2_enev4_1.jpg


Чацвер, 9:40. Стаю перад люстэркам і разглядаю бліскучую кашу на галаве. Не надта хацела фарбавацца, але шкада фарбы, што прападае, набытая месяцы таму. Мільгае дурацкая думка: «Цікава, а калі прыходзяць падчас фарбавання валасоў, хоць змыць даюць ці перапэцкаюцца ў фарбе?»

Тады я не даведалася пра гэта. За мной прыйшлі на гадзіну пазней, у 10:40.

***

Страх, злосць і крыўда. Страх невядомасці. Крыўда на сябе. Страх супраціўляцца. Злосць на сябе за гэты страх. Крыўда на сітуацыю. Страх, што сябры праз мае патрэсканыя вусны вырашаць, што мяне тут збівалі. Страх, страх, СТРАХ, СТРАХ СТРАХ — таго, што хтосьці з самых-самых дарагіх людзей апынецца ў падобнай сітуацыі.

Злосць. Злосць, злосць, ЗЛОСЦЬ, ЗЛОСЦЬ ЗЛОСЦЬ ЗЛОСЦЬ — на гэта ўсё. Зацягнулася.

***

Магчыма, я дурная. Шмат чытала раней пра ўражанні людзей, пакуты ад прыніжэнняў на кожным кроку: мацюкоў, кайданкоў, аглядаў з распрананнем, абавязкаў уставаць ноччу па два разы, адсутнасці матрацаў, ежы з перадач — але я не пакутавала ад гэтага і не адчувала сябе прыніжанай. Я з цікаўнасцю разглядала кайданкі на сваіх руках, такіх танюткіх: нават калі зашпіляліся да ўпору, я магла дастаць руку. Дзе яшчэ пабачыш ды паносіш сапраўдныя міліцэйскія кайданкі? Я адчувала сябе перайгранай і працягвала гуляць у гэтую гульню паводле ейных дзікіх правіл, але не прыніжанай, не. Магчыма, я дурная, але мае галоўныя пакуты былі зусім не ад побытавых умоў. Я ўвесь час дзіка баялася за блізкіх людзей і за тое, што яны трапяць у гэтую мясарубку.

Але ўмовы ў ІЧУ — гэта катавальня.

***

Пра І. я пачула яшчэ пры перапісванні маіх паказанняў з ейных. Пра дзяўчыну, якую затрымалі за дзень да мяне. Я некалькі разоў думала: цікава, а што з ёй сталася? Праз два дні я пазнаёмілася з ёй у камеры. І. любіць сваю працу і свайго пухнатага рудога ката, і сваю бабулю, якой ужо няма, але з якой праводзіла кожнае лета ў вёсцы. І. вельмі гучная, вясёлая і зусім-зусім «я ніякі не змагар!!!». Але І. самы сапраўдны і годны змагар-пераможца. Яна перажыла цэлы дзень адна ў камеры, поўная невядомасці сітуацыі і будучыні, паўтара тыдні перажыванняў за працу, якую адзіную мела 13 апошніх гадоў, на якую прабілася сваёй неверагоднай упартасцю. І. перажыла самае страшнае: разварот на прыступках пасля адбыцця сутак. Яна так чакала сваіх апошніх хвілін у ІЧУ, яна выканала ўсе забабонныя дзеянні: «я забяру з сабой усе свае рэчы, пакідаць — дурная прыкмета!», я мыла за ёй падлогу проста да бляску, я здолела нават незаўважна кінуць ёй у торбу скарынку хлеба — забабон ад знаўцаў. Я распавяла ёй, што такое «пасхалачкі», якія я пастаянна шукала ў перадачах, а яна смяялася з гэтай новай для яе з’явы… Праз тры гадзіны пасля яе выхадау я пачула ў калідоры яе голас — гучныя, нейкія дзіўныя фразы — і зразумела: гэта «пасхалачка» для мяне. Яна тут і нікуды не выйшла. Я зразумела, што са мной будзе тое самае, і канешне мне было сумна, але, ведаючы ўжо, як І. хацела на свабоду, я адчувала сапраўдны і вельмі моцны боль за яе.

***

І вось у свае 36, у каморцы ІЧУ, ты раптам разумееш, дзеля чаго ты так шмат падарожнічала ўсё жыццё. Так-так, усе гэтыя вандраванні падводзілі цябе да галоўнага іспыту. Іконка «вы тут». У гарадзенскім ІЧУ на 10 сутак, і ваш квэст пачынаецца, і зараз паглядзім, што вы засвоілі ў гэтых вашых лоўкостах. Як цудоўна і весела праводзіць час, распавядаючы сукамерніцам пра экзатычныя краіны. Як пратрываць на аднастайным і вельмі малым рацыёне ды яшчэ і навучыцца яго накопліваць на выпадак «начнога дажору». Як спаць на нарах без матраца («Пфф, ды пасля ночы ў прыбіральні барселонскага аэрапорта тут проста люкс»). Як трымаць сябе ў чысціні, маючы мінімум сродкаў і ўмоў («Пфф, ды пасля мыцця галавы ў ракавіне «Раскошы» тут мегакамфортна»). Як дзяліць цесны пакой з незнаёмымі людзьмі («У хостэле ў Генце было горш, гэтыя хоць ноччу не балбочуць»). Як спакойна спаць пры святле, зрабіўшы на вочы маску з вільготных сурвэтак. Як не звар’яцець ад усяго, што навокал. Ад усяго гэтага абсурду. І нікога ні пра што не пытаць, але дзяліцца ўсім сваім, бо ў цябе даўно ўжо істотна больш рэсурсу на іншых, любога рэсурсу — хоць пракладак у перадачах, хоць самастойнасці ў мыцці валасоў.

«Мам, не паверыш. Я была самая трывалая».


***

Гэта было дзень на другі ці трэці ў ІЧУ. Я звыкла адчыняла вакно, караскаючыся на другі паверх нар. Там удалечыні чырванее шпіль «замка Дракулы», на пагорку побач бачна каплічка, што на могілках… Узгадала свае шпацыры па Падольнай і не толькі. І зразумела: можа, так неразумна думаць пра гэта ў такіх абставінах, але такая дзіўная радасць ад таго, што — калі ўжо так сталася — я на сутках у Горадні, а не ў іншым горадзе.

Горадня за вакном на пару хвілін у дзень — гэта было адзінае, што дапамагала.

***

Не разумею, чаму людзі так хутка добраахвотна здаюць сваю чалавечнасць. Вакол мяне матам не лаяліся, а размаўлялі. На жаль, не толькі ахоўнікі, гэта тычылася і сукамерніц. Мне падавалася, што калі ўжо няма за што трымацца — можна трымацца хаця б за сябе і сваю сутнасць. Я пачынала дзень з «Добрага ранку, дзяўчаты». Гэта было гэтак жа натуральна, як расплюшчыць вочы.

Сапраўдная свабода — свабода застацца сабой.

***

Самы моцны трыгер — жанчыны, якія складаюць палову кантынгенту ІЧУ. «Абавязаныя», то-бок п’янчужкі, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, якія мусяць працаваць для выплаты аліментаў. Жанчыны, якім (у пераважнай большасці выпадкаў) алкаголь стаў даражэйшы за ўласных дзяцей. Я сутыкнулася з гэтай з’явай ажно ў першы дзень у РАУСе. Я ўвесь час то ціха плакала, то злавалася з агідай — ад думак пра тое, што калі б толькі ў мяне было дзіця, для мяне не існавала б нічога і нікога ў свеце даражэйшага за яго, я ні за што не дазволіла б такога, каб нас разлучылі — а навокал тыя, у каго дзеці ёсць, але... У мяне дагэтуль усё ўнутры сціскаецца ад гэтых думак.

***

Неяк перад самым адбоем у нашай камеры раптам з’явілася пятая. Вось так, у адзін момант. У нас некалькі хвілін, каб вырашыць квэст з размяшчэннем пяці чалавек на чатырох нарах і ўсяго двух матрацах. Я не ведаю, што гэта было са мной, і працягваю пераконваць сябе, што проста хацела скарыстаць выпадак легальна паспаць на мягчэйшай за нары падлозе… Пара секунд, і пакуль астатнія маўчаць у разгубленасці, я ўпэўнена сказала пятай: «Лезьце на мае нары, я на падлогу». Абышлося, пятую ўзяла да сябе на матрац іншая дзяўчына.

Я працягваю думаць пра прагматыку, але… нешта ўнутры тады падказвала, што не такая ўжо гэта і прагматыка. Заставацца чалавекам — свабода, якую не адняць нікому.

***

Як па мне, самае жахлівае не святло ўночы, не адсутнасць матраца, не ежа, не кайданкі і не забарона ляжаць удзень. Самае жахлівае — абмежаванне на кнігі паўгадзіны на дзень. Але я ўхітрылася заныкаць кніжку на тры дні і нават двойчы перанесці яе з камеры ў камеру пры перасяленні, і прачытаць ажно 100 старонак. Знайшлі, забралі. Але ж ухітрылася.

***

У сераду, калі абавязаныя паехалі на працу, а І. выйшла, я засталася ў камеры адна на некалькі гадзін. Да гэтага падавалася, што адзінота без магчымасці рабіць хоць штосьці будзе пераносіцца складана. Але гэта былі лепшыя гадзіны. У цішыні, спакоі і сам-насам. Я спявала самой сабе песні, якіх за жыццё вывучыла на памяць нямала. Мая галава, поўная вобразаў, успамінаў, думак, не давала мне засумаваць ні на хвіліну. І тады я адчула, як — пакрыху і незаўважна — усё маё папярэдняе жыццё падрыхтавала мяне да гэтага выпрабавання. Мне не сумна з самой сабой. Мне ёсць пра што ўзгадаць і аб чым задумвацца і разважаць, бадай, на гады наперад. Я пражыла насычанае і цікавае жыццё, поўнае вельмі яркіх уражанняў — і тут, у маленькай пустой камеры, яны зіхацяць, як калядныя агеньчыкі. Ужо праз паўгадзіны адзіноты я ўсміхалася самой сабе і са спакоем думала, што тое, што падавалася самым цяжкім, выявілася нечакана самым прыемным часам.

***

«Як думаеш, гэта яшчэ надоўга?» — «Мне падалося, яны стаміліся. Я бачу гэта ў вачах. Як не стаміцца за тры гады, калі штодня выкрываеш дзясяткі новых і новых людзей…»

І. вельмі намагалася вывучыць верш, які мне ўзгадаўся ў камеры, і ніяк не магла слушна прамовіць словы — але мне завучыць яго было лёгка. Занадта маляўнічы гэты вобраз, занадта ярка паўстае ў галаве, занадта глыбока разумееш яго, калі сутыкаешся ў жыцці. Пра тое пісалася дзесяцігоддзі таму — я не першая, хто адчуў, а таму, бадай, не памыляюся.

«Лейтенант в окно глядит.

Пьёт — не остановится…

Полстраны уже сидит.

Полстраны готовится»