Прадстаўнік МЗС Польшчы: нам удалося вызваліць звыш дзесяці палітвязняў

Намеснік міністра замежных спраў Павел Яблонскі ў эфіры Polskie Radio заявіў, што Польшчы ўдаецца дасягнуць пэўных поспехаў у справе вызвалення некаторых палітвязняў, пераважна беларускіх палякаў.

Салідарнасць з Андрэем Пачобутам у Польшчы. Фота Anatol Chomicz / Forum

Салідарнасць з Андрэем Пачобутам у Польшчы. Фота Anatol Chomicz / Forum


Павел Яблонскі ў эфіры адзначыў, што дзякуючы Польшчы стала развіваецца міжнародны ціск на Беларусь з мэтай вызвалення палітвязняў, і, хаця дыпламатычныя намаганні ў сувязях з Беларуссю ненадзейныя, Польшчы ўдаецца дасягнуць пэўных поспехаў у справе вызвалення некаторых палітвязняў.

«Нам удалося дасягнуць мэты ў выпадку нават звыш дзесяці чалавек. Я не хачу гаварыць пра дэталі гэтых справаў, таму што кожны раз патрэбны быў індывідуальны падыход. У выпадку такіх перамоваў трэба быць асцярожным. Найважнейшая паспяховасць, дасягненне вызвалення палітвязняў.

Я цяпер гавару пра палякаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, бо гэта для нас прыярытэт, але нам трэба памятаць, што па палітычных матывах зняволеныя ў Беларусі больш за 1500 чалавек», — сказаў дыпламат.

Нагадаем, што ў сакавіку 2021 году стала вядома пра так званую «польскую справу». Тады затрымалі Анджэя Пачобута, а таксама трох прадстаўніц незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) з Ліды, Ваўкавыску і Брэста — Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву. За два дні да гэтага затрымалі старшыню СПБ Анджэліку Борыс. Усіх абвінавацілі ў «распальванні варожасці», артыкул прадугледжваў да 12 гадоў турмы.

Праз два месяцы Бярнацкую, Цішкоўскую і Панішаву вызвалілі наўзамен на выезд з Беларусі. Іх адвезлі з СІЗА на беларуска-польскую мяжу. Цяпер жанчыны жывуць у Варшаве і Беластоку. Яны застаюцца абвінавачанымі. Прадстаўніцы СПБ займаюцца сямейнымі і грамадскімі справамі, але пазбягаюць каментароў.

Анджэю Пачобуту таксама рабілі падобную прапанову вызвалення, але ён адмовіўся, бо не хацеў з'язджаць з Беларусі. 8 лютага 2023 года ён быў асуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.


Анджэліку Борыс выпусцілі з СІЗА праз год пасля затрымання. Яе адвезлі да маці ў вёску пад Гродна. Ужо праз некалькі дзён старшыня СПБ вярнулася дадому ў Гродна, дзе жыла да затрымання.

У сярэдзіне сакавіка Еўрапарламент у спецыяльнай рэзалюцыі заклікаў беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага, а таксама польскага журналіста Анджэя Пачобута і ўсіх іншых палітвязняў.

Са жніўня 2020 года Еўрасаюз уводзіць чарговыя пакеты санкцый супраць фізічных і юрыдычных асоб, адказных за ўнутраныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў адказ на ўцягванне краіны ў вайну Расіі супраць Украіны.

Санкцыі заключаюцца ў забароне на ўезд у ЕС і замарожванні актываў фігурантаў санкцыйнага спісу, цяпер яны датычацца 195 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і замарозцы актываў 34 суб'ектаў.

9 лютага Польшча абвясціла аб закрыцці памежнага пераходу ў Баброўніках, апошняга з адкрытых у Гродзенскай вобласці, «у сувязі з інтарэсамі дзяржаўнай бяспекі». Гэта стала рэакцыяй на вынесены прысуд актывісту польскай меншасці і журналісту Анджэю Пачобуту.