Журналіста-палітвязня Пачобута асудзілі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Вядомага журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў Беларусі Андрэя Пачобута абвінавацілі сярод інашага ў «закліках да санкцый» і «ў ажыццяўленні дзеянняў для рэабілітацыі нацызму».
Працэс над Андрэем Пачобутам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі па невядомых прычынах, піша «Св*бода».
8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў палітзняволенага журналіста вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Ажыццяўленне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і ажыццяўленне наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і прысудзіў яму 8 гадоў зняволення з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміла БелТА.
У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «спіс тэрарыстаў». Ён за кратамі ўжо больш за паўтара года. Зняволены мае праблемы са страўнікам, у яго болі шмат ад якой ежы. Раней паведамлялі, што Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога не есць, толькі дыетычныя кашы. Да таго ж у Андрэя хворае сэрца: асабліва ў спёку ў яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасці, дома ў яго адбыўся шматгадзінны ператрус. З таго часу ён за кратамі: спачатку ў следчай турме Жодзіна, пасля — у СІЗА № 1 у Мінску, ад верасня 2022-га — у СІЗА ў Гродне.
Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязнем.
Хто такі Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадскі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі.
Нарадзіўся 17 красавіка 1973 года ў Вялікай Бераставіцы (Гродзенская вобласць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Гродне. Жанаты, мае двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Гродне ў медычным універсітэце, малодшы сын ходзіць у школу.
У 2002 годзе Андрэй Пачобут прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных гродзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газеце «Народная воля», газеце СПБ на польскай мове «Głos znad Niemna» («Голас з-над Нёмана»). Быў рэдактарам часопіса СПБ «Magazyn Polski na uchodźstwie», карэспандэнтам буйнога польскага выдання «Gazeta Wyborcza». Займаўся тэмамі, звязанымі з гісторый спецслужбаў СССР, антысавецкім супрацівам у Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
25 сакавіка 2021 года Андрэя Пачобута затрымалі. Журналіст праходзіць па «польскай справе». Яму закідаюць «распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» і «заклікі да санкцый», якія былі «накіраваны на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» Беларусі. Абодва артыкулы прадугледжваюць да 12 гадоў калоніі.
Трох фігурантак «польскай справы» (Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву) у траўні мінулага года вызвалілі ўзамен на выезд з Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс вызвалілі з СІЗА пад хатні арышт.
Цяпер Пачобут у СІЗА гродзенскай турмы.