«Будзе паміраць, але будзе трымацца свайго». 7 фактаў пра Андрэя Пачобута
Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сёння пачалі судзіць па «польскай справе» журналіста-палітвязьня Анджэя Пачобута.
У Горадні пачаўся працэс на журналістам і сябрам Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам. «Св*бода» абрала сем цікавых фактаў пра яго.
Суд над Анджэем Пачобутам пачаўся ў 10:30. На працэс спачатку пусьцілі толькі бліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў, іншыя чакалі ў калідоры. Пазьней працэс на патрабаваньне пракурора зрабілі закрытым і ўсіх выставілі ў калідор. Судзьдзя ў працэсе — Дзьмітры Бубенчык.
1. Выхаваны ў польскай традыцыі
Бацька і маці Анджэя — палякі, паходзяць зь Бераставіцкага раёну Горадзенскай вобласьці. У Вялікай Бераставіцы нарадзіўся і сам Анджэй. Анджэй вызнае сябе палякам, які жыве ў Беларусі.
У дзяцінстве ён не любіў польскую, размаўляў па-расейску. Аднак потым зацікавіўся польскай мовай, культурай, гісторыяй. Асабліва, калі пабачыў дакумэнты пра сваіх продкаў. Самы далёкі вядомы продак роду Пачобутаў — Мікалай Пачобут-Адляніцкі, які нарадзіўся ў 1536 годзе.
Анджэй вывучаў тое, што датычыла польскасьці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Шануе польскую гісторыю, прыкладам, лічыць жаўнераў Арміі Краёвай узорам для перайманьня.
Сябар Анджэя і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі расказаў Свабодзе, што Анджэй шмат чаго ведае пра польскасьць, Горадню і ня толькі, зь ім цікава размаўляць, спрачацца на розныя тэмы.
Аднак сваякі Анджэя падкрэсьліваюць, што ён ніколі ня быў нацыяналістам, паважаў беларусаў і беларускую мову. На яго ў дзяцінстве аказала вялікі ўплыў бабуля-беларуска, яны зь ёй цёпла сябравалі.
Сёлета Анджэю будзе 50 гадоў. Ён жанаты, мае з жонкай двое дзяцей, якія хадзілі ў «польскую» школу. Дзеці звычайна гавораць зь дзедам (бацькам Анджэя) па-польску. Анджэй з малодшым сынам таксама заўсёды гаворыць на польскай мове, якую лічыць роднай. На ёй жа піша яму лісты з турмы, аднак іх не прапускаў цэнзар. Бацькі Анджэя цяпер жывуць у Горадні.
2. Іграў у панк-рок-гурце
Родны брат Анджэя Стас Пачобут больш вядомы як музыкант. У 1993 годзе браты разам стварылі панк-рок-гурт Deviation. У іхных песень была палітычная афарбоўка анархічнага зьместу, у тэкстах крытыкавалі фашызм і таталітарызм, а таксама Аляксандра Лукашэнку.
«На якой ён іграў гітары? Хутчэй на бубне. У яго слыху няма», — раней іранічна выказвалася пра музычныя здольнасьці сына маці.
«Гэта былі ў пэўным сэнсе для маладога хлопца лякальныя зоркі, якія сьпявалі ў асноўным па-беларуску — гэта таксама тады было калі не прыкметай багемнасьці, то пэўнай элітарнасьці», — раней расказваў «Прэс-клюбу» пра гурт Deviation цяперашні палітвязень Павал Мажэйка.
3. Марыў стаць адвакатам
Анджэй скончыў юрыдычны факультэт у Горадні. Марыў стаць адвакатам. Вучыўся на «выдатна», але перад выпускам атрымаў адну «чацьвёрку» і праз гэта не атрымаў чырвонага дыплёма.
«Ён ужо тады быў прыкметны. Ягоная думка часта разыходзілася з думкай іншых», — расказваў раней пра Анджэя бацька Станіслаў.
Чатыры гады пасьля ўнівэрсытэту Анджэй выкладаў права ў політэхнічным каледжы ў Горадні і тэхнікуме права і бізнэсу. Зарабляў няшмат. Спрабаваў уладкавацца на працу на мясакамбінат — не ўзялі.
4. Стаяў ля вытокаў горадзенскай журналістыкі ў незалежнай Беларусі
Пачобут прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе па сьлядах бацькі. Неўзабаве пасьля ягонага прыходу закрылася незалежная горадзенская газэта «Пагоня». Потым яны разам зь Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам стварылі газэту «Дзень». Але і яна выходзіла нядоўга, яе вымусілі закрыцца.
«Вы не баіцеся мяне браць? Калі я прыходжу ў газэту, дык яна закрываецца», — жартаваў пасьля гэтага Анджэй.
Ён пісаў для газэтаў «Местное время», «Народная воля», польскамоўнай газэты Саюзу палякаў Беларусі «Głos z-nad Niemna», буйнога польскага выданьня «Gazeta Wyborcza».
У 2021 годзе Пачобута другі раз прызналі Журналістам году ў Польшчы (першы раз быў у 2011-м).
5. Любіць Горадню і Нёман
Большую частку жыцьця Анджэй пражыў у Горадні. Ён любіць гэтую зямлю настолькі, што адмовіўся выехаць зь Беларусі ўзамен на вызваленьне.
«Я вельмі люблю Нёман. Ён такі розны: ад вузкага ручайка да проста-такі марскіх шыротаў... Увогуле прырода — гэта тое, чаго не хапае», — пісаў у лістах Анджэй.
Пакуль Пачобут сядзеў на «Валадарцы», то стараўся займацца спортам па некалькі гадзін у дзень. Камэра была цесная, таму даводзілася хадзіць амаль на месцы.
«Я сабе выдумаў так: кожны крок — гэта крок у кірунку Горадні. Гэта вельмі матывуе. Кожны крок — і ты бліжэй да дому. Зразумела, што вывезьлі мяне далёка, а вывезуць яшчэ далей, але калі не здавацца і крочыць, то раней ці пазьней дойдзеш да хаты, да нашага каралеўскага гораду», — прыдумаў Анджэй.
Цяпер ён сядзіць у СІЗА горадзенскай турмы. Працэс над ім пройдзе ў будынку Горадзенскага абласнога суду.
6. Моцна схуднеў падчас мінулай адседкі
Цяперашні арышт Анджэя — ужо трэці ў крымінальных справах.
У 2010 годзе ён сядзеў «суткі» пасьля Плошчы. У 2011 і 2012 гадах на яго заводзілі крымінальныя справы за «абразу Лукашэнкі» і «паклёп на Лукашэнку». Тады ён правёў пад вартай каля чатырох месяцаў.
Калі Анджэй вызваліўся 10 гадоў таму, яго цяжка было пазнаць, настолькі ён зьмяніўся. Ён тады абвяшчаў у турме сухую галадоўку і моцна схуднеў.
«Раней ён любіў есьці салодкае, булачкі, піць салодкую ваду. Потым ён казаў мне: "Ведаеш, я зразумеў, што магу спакойна абыходзіцца бяз гэтага ўсяго". Ён памяняў свой густ. Раней жыў для таго, каб есьці, а цяпер есьць для таго, каб падтрымліваць сябе. Ён узяўся за сябе, шмат хадзіў», — расказвалі ягоныя бацькі.
Падчас цяперашняга зьняволеньня Анджэя стала вядома аб праблемах з сэрцам, якія абвастраюцца падчас летняй сьпёкі, таксама пра захворваньне страўніка. Ён амаль нічога ня можа есьці. Падчас гэтага зьняволеньня журналіст таксама ўжо моцна схуднеў.
Цяпер Анджэй аскетычны ў сваім турэмным жыцьці. Барыс Гарэцкі пэўны час насіў перадачы ў турму для калегі. Ён адзначыў, што Анджэй заўжды прасіў не прыносіць шмат. Яму стараліся найперш перадаваць сьвежую гародніну.
«Думаю, прычына менавіта ў аскетызьме, а не ў фізычных асаблівасьцях Анджэя», — думае Барыс.
«Сяджу ў Пішчалаўскім замку і адчуваю сябе графам Монтэ-Крыста. Нягледзячы на тое, што зь першага арышту прайшло ўжо 10 гадоў, хутка ўспомніў рэжым. Хутка адаптаваўся», — пісаў Анджэй да бацькоў у пачатку адседкі.
7. Адмовіўся прасіць памілаваньня
Першапачаткова затрыманых у «польскай справе» было пяцёра. Усе сябры Саюзу палякаў Беларусі з розных беларускіх гарадоў на чале са старшынёй СПБ Анджэлікай Борыс.
У траўні 2021 году, праз два месяцы пасьля затрыманьня, стала вядома пра вызваленьне зь СІЗА трох фігурантак справы ўзамен на выезд зь Беларусі. Іх адвезьлі зь вязьніцы да польскай мяжы і высадзілі. Гэтаму папярэднічалі перамовы з абвінавачанымі праз польскага консула.
Пазьней стала вядома, што Анджэю прапаноўвалі падобны плян, але ён адмовіўся.
«Ніякія памілаваньні мне не патрэбныя. Зьвяртацца ці прасіцца я не зьбіраюся. Нават калі будуць ціснуць. У такіх справах, як мая, падобныя паводзіны былі б амаральнымі і ня годнымі памяці герояў Арміі Краёвай», — тлумачыў раней у лістах свой выбар Пачобут.
«Ён будзе паміраць, але будзе трымацца свайго», — казаў раней пра Анджэя бацька Станіслаў.
Калегі называюць Пачобута «чалавекам са сталі» і «прыкладам непахіснасьці».
Намесьнік галоўнага рэдактара Gazety Wyborczej Роман Імельскі часта размаўляў з Пачобутам пра падзеі ў Беларусі.
«Я ад пачатку ведаў, што Анджэй ня пойдзе ні на якую дамову з уладамі. Я таксама быў перакананы, што ўлады будуць яму такое прапаноўваць. Анджэя нельга выкінуць сілай, яму нельга прапанаваць такі кампраміс. Анджэй — чалавек каштоўнасьцяў, нязломны чалавек. Я падкрэсьліваю, нязломны чалавек. Яму баліць сэрца за дабро дзяржавы, у якой ён нарадзіўся. Хоць ён паляк, але грамадзянін Беларусі. Анджэй хоча, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай», — сказаў Імельскі.
Што вядома пра справу Анджэя Пачобута?
Анджэй сярод першых журналістаў, каго забралі ў крымінальнай справе пасьля пратэстаў 2020 году. Ён сядзіць ужо 1 год і амаль 10 месяцаў. Па яго прыйшлі дадому зранку на Дзень Волі 2021 году, калі сям’я яшчэ спала.
Спачатку яго вінавацілі ў «распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці і рэабілітацыі нацызму». Падстава — тое, што Пачобут у мэдыях назваў напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе агрэсіяй. Да таго ж яму закідаюць заявы ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020 годзе і тэкст у Magazyn Polski, напісаны яшчэ ў 2006 годзе і прысьвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля ў Горадзенскай вобласьці. Паводле гэтага артыкулу яму пагражае да 12 гадоў калёніі.
Пазьней Анджэю дадалі яшчэ адну справу — за «заклікі да санкцый», якія былі «накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» Беларусі. Гэты артыкул таксама прадугледжвае да 12 гадоў калёніі.
Пачобута ўнесьлі ў «тэрарыстычны» сьпіс.
Анджэліку Борыс выпусьцілі праз год пасьля затрыманьня. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісала. Яна знаходзіцца пад хатнім арыштам. Крымінальную справу ў дачыненьні да яе не закрылі. Але яе ня будуць судзіць у адным працэсе з Пачобутам.
Працэс над Анджэем Пачобутам двойчы пераносілі зь невядомых прычынаў. Чарговы пачатак суду прызначылі на 16 студзеня ў будынку Горадзенскага абласнога суду. Справу будзе разглядаць Дзьмітры Бубенчык. Анджэй — адзіны абвінавачаны ў працэсе ў «польскай справе».
Хто такі Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі. Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
Пачобут праходзіць па «польскай справе». Яму закідаюць «распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» і «заклікі да санкцый», якія былі «накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» Беларусі. Абодва артыкулы прадугледжваюць да 12 гадоў калёніі.
Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву сёлета ў траўні вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анджэліку Борыс вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
Цяпер Пачобут у СІЗА горадзенскай турмы.
У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.