Судзяць адваката, які абараняў Алеся Бяляцкага

Сёння, 16 студзеня, у Мінску пачалі судзіць адваката Віталя Брагінца. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах: «распальванне сацыяльнай варожасці», «заклікі да санкцый», «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім».

brahinec.png

Віталь Брагінец абараняў палітвязняў, у тым ліку кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і адваката Андрэя Мачалава.

Справу адваката разглядаюць у Мінскім гарадскім судзе. Працэс вядзе суддзя Алена Ананіч.

Былога адваката абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).


Нагадаем, як пісаў НЧ, Віталя Брагінца затрымалі 23 траўня 2022 года. Пасля затрымання яго даставілі ў Партызанскі РУУС «для праверкі на дачыненне да пратэснай дзейнасці». Адтуль ён, як сцвярджалася ў судзе, «паспрабаваў сысці». І гэтым, нібыта, адвакат «здзейсніў непадпарадкаванне». Прынамсі менавіта на такой падставе на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КоАП і арыштавалі на 15 сутак. Пазней арышт працягнулі яшчэ на на 15 сутак.

Праз нейкі час стала вядома, што Віталь Брагінец не выйшаў на волю пасля сутак, таму што затрыманы па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах.

5 жніўня 2022 года Кваліфікацыйная камісія пазбавіла Брагінца ліцэнзіі «ў сувязі з прымяненнем да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з Мінскай абласной калегіі адвакатаў за ўчыненне правін, несумяшчальных са званнем адваката».