Адвакатаў засталося на тры дні

Без права на абарону — тое, што можа чакаць беларусаў у бліжэйшай будучыні, калі рухавік рэпрэсій супраць адвакатаў будзе працаваць з такой жа магутнасцю, як апошнія два гады.

У Беларусі адвакаты — адзіныя, хто можа патрапіць да палітвязняў і затрыманых, і то не заўсёды. Але ўжо не сакрэт, што многія адвакаты наўпрост адмаўляюцца працаваць па «палітычных» справах.

Цяпер у Беларусі налічваецца шэсць палітзняволеных адвакатаў, некаторыя сталі фігурантамі крымінальных і адміністрацыйных спраў, не менш за 70 адвакатаў пазбаўлены ліцэнзій, каля 250 самі прынялі рашэнне сысці з адвакатуры пасля падзей 2020 года. «В*сна» прыводзіць хроніку пераследу адвакатаў і палітзняволеных абаронцаў, а юрыст Павел Сапелка, якога ў 2011 годзе таксама пазбавілі ліцэнзіі, распавядае, якія наступствы гэта можа мець для ўсіх беларусаў.

На сёння ў няволі ўтрымліваюцца мінімум шэсць адвакатаў: хроніка палітычнага пераследу

Самы гучны і вядомы выпадак пераследу адваката ў Беларусі — гэта гісторыя палітзняволенага Максіма Знака.

6 верасня 2021 Мінскі абласны суд вынес прысуд Максіму Знаку паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім). Адваката асудзілі да 10 гадоў калоніі.

Цяпер Максім у папраўчай калоніі № 3 (Віцьба). Там ён працуе на швейнай вытворчасці і зарабляе вельмі малыя грошы.

У траўні 2022 года ААН прызнала зняволенне Максіма Знака неправамерным, а КДБ у сваю чаргу ўнёс яго ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

У Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні ў праваабарончай серыі «Беларуская турэмная літаратура» была прэзентаваная кніга Максіма Знака «Зэкамерон».

Людміла Казак

У верасні 2020 года ў Мінску затрымлівалі яшчэ адну адвакатку — Людмілу Казак. Пасля ночы ў ІЧУ ёй прызначылі штраф за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі ў памеры 25 базавых велічыняў (675 рублёў), хаця адвакатку фактычна выкралі на вуліцы трое мужчын.

Нават у ІЧУ Людміла працягвала дапамагаць затрыманым абараняць сябе. Калі Людміла выйшла з ізалятара на Акрэсціна, то прадэманстравала журналістам скаргу, напісаную на кавалку тканіны (бо паперы для скаргі не далі), ад адной з сукамерніц — Наталлі Хершэ, якую тады яшчэ адразу арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у жаночым Маршы і потым асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі за сарваную балаклаву з амапаўца. Яна была вызваленая раней за тэрмін дзякуючы намаганням Амбасады Швейцарыі.

У 2021 годзе адвакаты Максім Знак і Людміла Казак сталі лаўрэатамі прэстыжнай прэміі Lawyers for Lawyers.

Масавы пераслед адвакатаў паводле адміністрацыйных і крымінальных справаў пачаўся ў 2022 годзе. Супраць адвакатаў узбуджаюць крымінальныя справы за «зліў дадзеных сілавікоў» паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), за ўдзел у Маршах паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), за «заклікі да санкцый» паводле арт. 361 КК, за «сайдзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле арт. 361-4 КК, за «разгалошванне дадзеных» паводле арт. 407 КК.

Аляксандр Данілевіч

20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы затрымалі адваката Аляксандра Данілевіча. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый).

Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў, якія асудзілі ваенныя дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне і заклікалі спыніць іх. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 год выкладаў на факультэце міжнародных адносін.

Дата суда над Данілевічам пакуль не прызначаная.

Віталь Брагінец

Праз тры дні пасля затрымання Данілевіча — 23 траўня — затрымалі адваката Віталя Брагінца. Ён таксама абараняў старшыню праваабарончага цэнтра «В*сна» Алеся Бяляцкага. Яго спачатку двойчы запар арыштавалі на 15 сутак, а потым затрымалі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 КК. 

Калі адбудзецца суд над Брагінцам — невядома.

Анастасія Лазарэнка

Адвакатку Анастасію Лазарэнку затрымалі 2 чэрвеня — праз два дні пасля яе 40-годдзя. Сілавікі прыехалі да жанчыны з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, залезлі ў вокны і выламалі дзверы. Супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за «перадачу дадзеных сілавікоў і суддзяў у тэлеграм-каналы». Ужо шосты месяц яна ўтрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага. На волі ў яе засталіся сталы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона.

Юлія Юргілевіч

30 жніўня па вяртанні ў Беларусь з Польшчы была затрыманая гродзенская адвакатка Юлія Юргілевіч. Яна працавала адвакаткай амаль 18 гадоў. Юлія абараняла ў судзе палітвязняў мастака Алеся Пушкіна, студэнта Арцёма Баярскага, музыку Ігара Банцэра, сына святара Андрэя Аўсіевіча. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Адвакатка ў лютым з'ехала з Беларусі, але вярнулася ў Гродна, дзе была затрымана. Юлія ўтрымліваецца пад вартай у гродзенскай турме.

Па папярэдняй інфармацыі, Юлію вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК).

Міхаіл Макараў

13 верасня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне «групы адвакатаў». Гэта Міхаіл Макараў, Анастасія Сагановіч, Вікторыя Гулькова. Тады паведамлялася, што Міхаіл і Анастасія перадавалі «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, СК, пракуратуры і суддзяў. Затрыманне адвакатаў звязвалі з абаронай палітвязняў па «справе Рэвалюцыйнага дзеяння», хаця Сагановіч не працавала па гэтай справе. Міхаіл Макараў абараняў палітвязня Мікіту Дранца. Пасля гэтага трох адвакатаў арыштавалі на 15 сутак, якія яны адбывалі ў ІЧУ на Акрэсціна. Пасля 15-сутачнага арышту Анастасія была адпушчана на волю, падрабязнасці пра яе крымінальны пераслед і статус невядомыя.

Вядома, што адвакатку Вікторыю Гулькову яшчэ раз пераарыштоўвалі, але цяпер яна на волі.

Пасля адміністрацыйнага арышту Міхаілу Макараву выставілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіцца ўжо амаль два месяцы. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуецца арт. 342 КК. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным. Дата суда над Міхаілам пакуль невядомая.

Крымінальны і адміністрацыйны пераслед адвакатаў

Фігурантамі двух крымінальных спраў сталі яшчэ два адвакаты — Андрэй Мачалаў і Дзмітрый Пігуль. У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 чэрвеня 2022 года агучылі прысуд па крымінальнай справе супраць былога адваката Андрэя Мачалава. Ён абараняў палітзняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч і шматдзетную маці Вольгу Залатар, пра катаванні якой распавёў СМІ.

Суддзя Таццяна Шоцік прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 380 КК — адвакат удзельнічаў у крымінальным працэсе, хоць нібыта ведаў, што ўжо быў выключаны з Мінскай гарадской калегіі. Яму прызначылі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Адвакат Мачалава Віталь Брагінец не змог патрапіць на ніводны працэс свайго падабароннага, бо яго ўтрымлівалі на «сутках». Цяпер Віталь утрымліваецца ў СІЗА ў межах крымінальнай справы, а Андрэй чакае накіравання на «хімію». 13 верасня ў Мінскім гарадскім судзе прысуд пакінулі без зменаў.

Адвакат Дзмітрый Пігуль быў затрыманы 28 верасня 2022 года супрацоўнікамі КДБ. Яго затрымалі паводле па арт. 407 КК (разгалошванне дадзеных папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння). У СІЗА КДБ яго пратрымалі трое сутак і выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Пігуль быў адвакатам на працэсе па справе «Буслы ляцяць», фігурантам якой вынеслі жорсткія прысуды. Акрамя гэтага, ён абараняў палітзняволеную Алену Маліноўскую, якая была асуджана разам з Анатолем Латушкам, а таксама палітвязня Арцёма Анішчука.

2 верасня на «суткі» кідалі Уладзіміра Ангельскага — адваката Мінскай абласной калегіі. Суд Маскоўскага раёна Мінска арыштаваў Ангельскага на 14 сутак за «непадпарадкаванне міліцыі» (артыкул 24.3 КаАП). Цяпер ён на волі.

Не менш за 70 адвакатаў з 2020 года пазбаўленыя ліцэнзій

Паводле інфармацыі праекту «Права на абарону», з пачатку 2020 года па верасень 2022 года не менш за 70 адвакатаў пазбаўленыя свайго статусу. Сярод іх такія вядомыя адвакаты, якія выступалі па гучных справах супраць палітвязняў, як Наталля Мацкевіч, Дзмітрый Лаеўскі, Аляксандр Пыльчанка, Сяргей Зікрацкі, Антон Гашынскі, Яўген Маслаў, Марыя Колесава-Гудзіліна, Аляксей Дравіца, Максім Конанаў, Яўген Пыльчанка і шмат іншых.

1 снежня 2022 атэстацыю ў кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі не прайшлі адвакаты Уладзімір Пыльчанка, Дзмітрый Пігуль і Віктар Мацкевіч. Уладзімір Пыльчанка з'яўляецца адвакатам палітзняволеных Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай), Лявона Халатрана і іншых. Віктар Мацкевіч з'яўляецца адвакатам Алеся Бяляцкага, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыкі.

Трэцяга лістапада Мінюст правёў кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці, дзе пазбавіў ліцэнзіі адразу 14 адвакатаў. Сярод іх і тыя, каго нядаўна затрымлівалі. Гэта Анастасія Сагановіч, Міхаіл Макараў, Вікторыя Гулькова і Уладзімір Ангельскі. Афіцыйная прычына — «прымяненне да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з тэрытарыяльных калегій адвакатаў за здзяйсненне правін, несумяшчальных са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру)».

Адвакацкі чат — «экстрэмісцкае фармаванне»

Яшчэ адна форма ціску на адвакатаў — запіс іх у «экстрэмісты». 9 верасня 2022 года МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» Telegram-чат «Беларускiя Адвакаты». 

Якія наступствы для беларусаў можа мець такі ціск на адвакатаў?

Юрыст «В*сны» Павел Сапелка, які ў траўні 2011 года таксама быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі за абарону кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, адзначае, што пераслед адвакатаў адаб'ецца на ўсіх грамадзянах:

— Пра самыя відавочныя наступствы гаворыцца шмат — гэта разбурэнне інстытута сапраўднай адвакатуры. Гэта здаецца, што ў першую чаргу адбіваецца на саміх адвакатах. Аднак — не, галоўная мэта — гэта мы, грамадзяне, якія губляем свае гарантаваныя правы. Мы даведаемся пра гэта не адразу, а тады, калі спатрэбіцца добры прафесіянал-юрыст, які свабодна і без усялякага ціску ажыццяўляе свае правы і абараняе правы кліента. І тады стане зразумела, што адвакатура цяпер — гэта не самае прывабнае месца для высокапрафесійных юрыстаў, а сумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў для многіх адвакатаў стала прамой дарогай да пазбаўлення статусу. Таму тым, хто застаўся, прасцей фармальна прысутнічаць пры кліенце, не ўвязваючыся ў працэсуальныя канфлікты, назіраючы за пацвярджэннем сваіх высноваў — чарговымі выпадкамі пазбаўлення ліцэнзій або выключэннем з калегій тых, хто захаваў сумленне і прафесійны гонар.

«Прыкметаў таго, што сітуацыя будзе мяняцца ў лепшы бок, не назіраецца»

Міхаіл Баднарчук, былы адвакат і абаронца аднаго з «дыджэяў пераменаў» Уладзіслава Сакалоўскага і журналісткі Кацярыны Барысевіч, які быў вымушаны пакінуць краіну, распавёў у верасні на Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве пра рэпрэсіі і механізмы ціску ў беларускай адвакатуры:

— Сама сістэма органаў адвакацкага самакіравання фактычна з'яўляецца часткай карнага механізму. На сённяшні дзень увесь час патрабуецца пацверджанне сваёй лаяльнасці дзейснаму рэжыму: падпісанне розных лістоў, удзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах, узгадненне адказаў на пытанні журналістам.

Карціна складаецца вельмі сумная і прыкметаў таго, што сітуацыя будзе мяняцца ў лепшы бок, не назіраецца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: