Хапун у Мёрах. Што вядома на гэты час

У Мёрах сілавікі 30 лістапада пасля ператрусаў затрымалі сем чалавек. Сярод іх прынамсі адна жанчына. Найстарэйшаму, якога называюць настаўнікам гісторыі, 72 гады. Нагодай для затрыманняў сталі нібыта фотаздымкі з пратэснай сімволікай у сацыяльных сетках ды падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, распавядае «Н*ша Ніва».

xxxl_13.webp

Па людзей, кажуць крыніцы, прыязджалі разам з мясцовымі міліцыянтамі віцебскія спецслужбоўцы на двух бусах. Аперацыяй кіраваў КДБ.

«Затрыманых можа быць больш, бо 30 лістапада ў райаддзеле міліцыі было шмат дастаўленых людзей, не толькі з завода. Чаму іх туды прывезлі, невядома», — адзначыў адзін з жыхароў раёна.

На гэты момант няма звестак, ці застаюцца затрыманыя ў райцэнтры або іх звезлі ў Віцебск.

Пра затрыманні на металапракатным заводзе ў Мёрах 30 лістапада паведамілі праваабаронцы. Паводле іх, забіралі тых, хто быў актыўным пасля выбараў 2020 года. Імя аднаго з затрыманых — Сяргей Ерафееў.

«Хапун» у Мёрах адбыўся на фоне праблем з мясцовым металапракатным заводам. Лукашэнка вырашыў нацыяналізаваць яго. Такія намеры ён патлумачыў тым, што «прыватнікі не выканалі свае абавязальніцтвы» і «ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута».

Паводле мясцовых жыхароў, парадкі на заводзе як на абаронным прадпрыемстве, і яны стараюцца трымацца падалей ад яго праблем. Разам з тым, лёс завода іх цікавіць, бо гэта адзінае буйное прадпрыемства ў раёне.