Андрэй Пачобут: Калі справа палітычная, то знайсці праўду ў судовых інстанцыях немагчыма

Cёння, 13 сакавіка, уступае ў сілу прысуд па «справе БЕЛТА», які вынесены галоўнаму рэдактару TUT.BY Марыне Золатавай, і абскарджваць яна судовае рашэнне не збіраецца.

zolatava_novy_chas_2_logo_1.jpg


Вядомы журналіст Андрэй Пачобут, у дачыненні да якога ў свой час таксама была распачата палітычная крымінальная справа, распавёў сайту palitviazni.info, ці варта было ў такой сітуацыі прайсці ўсе ступені асбкарджвання.
«Я не веру, што можна дабіцца адмены абвінаваўчага прысуду з улікам статыстыкі, на якую я ўжо шмат разоў спасылалася, – усяго 0,2 працэнта апраўдальных прысудаў было ў мінулым годзе.
З улікам таго, што і так ужо затрачана сем месяцаў часу, жыцця і намаганняў, траціць час яшчэ і на тое, у поспех чаго не веру, я не бачу сэнсу”, – патлумачыла Золатава парталу naviny.by.
Як вядома, Марына Золатава прызнана вінаватай у бяздейнасці службовай асобы і аштрафавана на 300 базавых велічынь (7 тысяч 650 рублёў). Дадаткова з Золатавай будзе забрана на карысць на карысць УП «БЕЛТА» 6 тысяч рублёў – у залік кампенсацыі юрыдычных выдаткаў.
“Кожны чалавек сам прымае рашэнне: аспрэчваць прысуд альбо не, – кажа Андрэй Пачобут. – Марына Золатава вырашыла ў справе паставіць кропку, і гэта яе выбар. Тыя аргументы, якія яна прыводзіць, таксама правільныя, бо, калі справа палітычная, то знайсці праўду ў судовых інстанцыя практычна немагчыма.
Але, напрыклад, я абскарджваў свой прысуд, бо для мяне гэта было прынцыпова. Хацеў такім чынам прадэманстраваць нязгоду з абсалютна палітычным рашэннем па маёй справе. Хаця, паўтаруся, кожны сам прымае рашэнне, як паступаць у той ці іншай сітуацыі».
Са слоў Андрэя Пачобута, прысуд па “справе БЕЛТА” можна было ўжо спрагназаваць, калі дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакаранне ў выглядзе штрафа.
“Шчыра кажучы, да гэтага я думаў, што рашэнне будзе больш жорсткім,  — адзначае суразмоўца. – Меркаваў, што маглі даць і ўмоўны тэрмін, але, як бачым, вырашылі абмежавацца штрафам. Магчыма, таму Марына Золатава і не абскарджавае рашэнне”.
Андрэй Пачобут дадае, што “справа БЕЛТА” – гэта была з боку ўладаў пэўная дэманстрацыя сілы на тле не вельмі добрай эканамічнай сітуацыі ў краіне:
“Гэта такі сігнал для СМІ, бо TUT.BY – магутны рэсурс. Гэта не тое, што прэсаваць дробныя сайты альбо блогераў. Таму выбралі самы буйны партал і ператрэслі яго, каб, маўляў, іншым была навука”.