Хронікі рэпрэсій 7 лютага. 111 гадоў пазбаўлення волі на ўсіх

Вынікі студзеня: па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 50 чалавек. З дапамогай СМІ і праваабаронцаў сабралі факты палітычнага пераследу беларусаў за 7 лютага.

_belarus____bczb___zyve_belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Праваабаронцы прыводзіць несуцяшальныя даныя студзеньскага маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі. 

Па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 50 чалавек, з якіх 13 жанчын і 37 мужчын.

Ім агулам прысудзілі 111 гадоў і 7 месяцаў пазбаўлення волі, 4 гады і 6 месяцаў «хіміі», 31 год і 3 месяцы «хатняй хіміі», 82 510 рублёў штрафаў, 9 месяцаў арышту, 5 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады ў органах унутраных спраў.

Па «пратэсных» крымінальных справах у снежні суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 65,45% выпадкаў.

Палітзняволены журналіст-расследавальнік і аўтар НЧ Дзяніс Івашын патрапіў у шпіталь

Пра гэта паведамляе ягоная жонка — палітвязень прыбыў у калонію з тэмпэратурай 39.

«Карантыну як такога не было, бо ў такім стане Дзяніс, натуральна, адразу патрапіў у шпіталь. Адчуваў сябе надта кепска, нават ня мог нам пісаць. Але нашыя лісты ён атрымаў, то чакаем на вестачку ў хуткім часе. Дзяніс знаходзіцца ў 11 атрадзе, то заклікаю пісаць яму з гэтай пазначкай».

Нагдаем, 15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме распачаўся разгляд справы журналіста. Праз месяц суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Суд над Наталляй Дулінай зрабілі закрытым

Сёння ў Мінскім абласным судзе пачалі судзіць былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.

Наталля — былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ, сябра Каардынацыйна рады. Яна падтрымала забастоўку і пратэсты студэнтаў.


Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

У гомельскай жаночай калоніі на выязным пасяджэнні 14 чэрвеня разглядзелі крымінальную справу палітзняволенай па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў Вікторыі ў дадатак да 2,5 гадоў калоніі яшчэ адзін год зняволення.

Стала вядома, што Кульшу зноў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК, але гэтым разам — за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі ў Зарэччы, дзе яна знаходзіцца са жніўня. Вядома, што па прыбыцці ў калонію яе змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ.

Нагадаем, інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

Youtube-каналы «Дзiкае Паляванне», «ЖЭСТАЧАЙШЫЙ МУЛЬТ»;

Суполка ва «Укантакце» «Экстрэмістская паказуха (Рудабельская)»;

Суполка ў «Аднакласніках» «Климовичи»;

Telegram-стыкеры «14/NTSP/88».

Тры гады «хатняй хіміі» па «народным» артыкуле. Дзмітрыя Бурага апазналі па фотаздымках з пратэстаў

У судзе Ленінскага раёна Мінска асудзілі Дзмітрыя Бурага паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК. Суддзя Марына Клімчук прызначыла Дзмітрыю тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён некалькі разоў удзельнічаў у Мінскіх акцыях пратэсту, выходзіў на праезную частку праспекта Незалежнасці, чым блакаваў рух грамадскага транспарту.

Паводле меркавання суда, тым, што Дзмітрый прыняў удзел у акцыі пратэсту, ён і іншыя удзельнікі «працягла парушалі грамадскі спакой, абмежавалі права дабрапрыстойных грамадзянаў на спакойны адпачынак і вольнае перамяшчэнне, то-бок груба парушылі грамадскі парадак». 



Кацярыну Якаўлеву асудзілі за ўдзел у пратэстах на год калоніі

У судзе Маскоўскага раёну Мінска асудзілі палітзняволеную Кацярыну Якаўлеву, былую супрацоўніцу «Белагра», паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Лідзія Целіца прызначыла Кацярыне адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Кацярына — грамадзянка Расійскай Федэрацыі. Была затрымана пасля вобшукаў у «Белагра» 29 верасня 2022 года.



Палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча могуць перавесці на турэмны рэжым

Месяц таму адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змясціла Уладзіміра ў памяшканне камернага тыпу на тры месяцы. Пры гэтым у пачатку студзеня паведамлялася, што працяглы час палітвязню фактычна заблакаваная перапіска і яго пазбавілі тэлефонных размоў.

Цяпер стала вядома, што 13 лютага ў судзе Шклоўскага раёна адбудзецца суд па замене Уладзіміру рэжыму ўтрымання і пераводзе яго ў іншую ўстанову. Гэта значыць, што па рашэнні суддзі Аляксандра Тараканава, філосафа могуць перавесці на турэмны рэжым.

Нагадаем, палітвязня абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі да пяці гадоў зняволення.



22-гадоваму грузчыку, які разганяў пратэсты ў 2020-м, замянілі пакаранне за абразу інспектара ДПС

У лістападзе 2022 года 22-гадовага грузчыка кандытарскай фабрыкі «Віцьба» Аляксея Грыгаровіча прызналі вінаватым (http://bit.ly/3DEuhxh) паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса за TikTok з удзелам младшага інспектара дарожна-патрульнай службы Уладзіміра Васількова. Тады яму прызначылі шэсць месяцаў пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання.

У 2020-м Грыгаровіч служыў па кантракце ва ўнутраных войсках і прымаў удзел у разгоне пратэстаў. Падчас апытання адвакатам ён упэўнена адказаў, што ў 2020 годзе ў Беларусі былі масавые беспарадкі, а ён хацеў, каб у краіне было стабільна, і ўсё жыццё падтрымліваў Лукашэнку. Ён адзначыў, што тады ў іх і «молатавы ляцелі — то бок, я жыццём рызыкаваў».

У студзені ж была разгледжаная апеляцыя па справе, падчас якой Аляксею замянілі пакаранне на два месяцы арышту. Гэта значыць, неўзабаве ён паедзе адбываць пакаранне ў арыштны дом.

Былога студэнта ЕГУ асудзілі на два з паловай гады «хатняй хіміі» за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска асудзілі палітзняволенага Юрыя Хрысталюбава паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць гармадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Суддзя Юліана Шчэрба прызначыла Юрыю два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Пасля затрымання Юрыя ў праўладным тэлеграм-канале з ім апублікавалі пакаяльнае відэа. Паводле сілавікоў, хлопец нібы ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту. Таксама яны сцвярджалі, што з Юрыем у 2020 годзе нібыта звязваліся спецслужбы Літвы і прапаноўвалі грошы за ўдзел у пратэстах.


Баранавіцкі актывіст Чарнавус-малодшы затрыманы па крымінальнай справе

Як стала вядома яго бацьку, Мікалаю Чарнавусу-старэйшаму, сына пасля трох сутак не адпусцілі, бо адмістрацыйная справа перацякла ў крымінальную.

Якая можа быць крымінальная справа Чарнавус-старэйшы нават і ўявіць сабе не можа. За акцыі сын пакараны. Летам 2021 яго арыштоўвалі на тры дні, а затым пакаралі штрафам у 20 базавых.

Як Мікалаю Чарнавусу расказалі сведкі затрымання яго сыну, 2 лютага 10 міліцыянтаў прабіраліся да іхняга дома паўзком. Відаць, уяўлялі сабе, што будуць затрымліваць небяспечнага злачынцу. Паламалі плот пры пераадоленні такой перашкоды. Калі ўварваліся ў дом, то ўчынілі дзікі крык: «стоять, лицом к стене, руки за голову!» Абшукалі не толькі другі паверх, дзе жыве Мікалай з сям'ёй, а і першы паверх, дзе жыве Чарнавус-старэйшы. Забралі тэлефон Мікалая-малодшага і ноўтбук.



Затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Леанюка — абвінавачваюць у «распальванні варожасці да рускіх»

У відэа сілавікоў ён кажа, што нібыта пакідаў каментары ў тэлеграме. Дэманструецца таксама іх меркаваны змест — каментары звязаныя з асуджэннем расійскай агрэсіі ва Украіне.

Губазікаўцы сцвярджаюць, што супраць мужчыны заведзеная крымінальная справа па артыкуле 130 за «распальванне варажнечы да рускіх».



Заўтра вынесуць прысуд журналісту Андрэю Пачобуту

8 лютага ў Гродзенскім абласным судзе вынесуць прысуд журналісту Андрэю Пачобуту. Пачатак у 14.30. Абвяшчэнне прысуду будзе праходзіць у адкрытым рэжыме, на ім могуць прысутнічаць усе жадаючыя.

Працэс над журналістам і адным з лідараў Саюза палякаў Беларусі пачаўся 16 студзеня і праходзіць у закрытым рэжыме.

Пачобута абвінавацілі паводле арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.