Пачынаюць судзіць выкладчыцу Наталлю Дуліну. Сярод абвінавачванняў — інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» медыя

Сёння ў Мінскім абласным судзе пачынаюць судзіць былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну, паведамляюць праваабаронцы. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса.

nata_dulina1_1.jpg

Наталля Дуліна была затрымана на пачатку кастрычніка 2022 года ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК).

Затрымлівалі яе мінімум шэсць сілавікоў. Да гэтага цягам года Наталлю затрымлівалі чатыры разы і судзілі паводле палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулаў.

У сярэдзіне лістапада 2022 года стала вядома, што Наталлю абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК.

Апошні артыкул — гэта яўна пра інтэрв'ю «экстрэмісцкім» медыя. Менавіта за гэта лукашэнкаўцы асудзілі ўжо двух палітвязняў — ваеннага аналітыка Ягора Лебядка (пяць гадоў калоніі) і жонку блогера Ігара Лосіка (таксама палітвязня) Дар'ю Лосік (два гады).

Наталля Дуліна летась размаўляла з карэспандэнтам «экстрэмісцкага» «Еўрарадыё». Хутчэй за ўсё, менавіта тое інтэрв'ю ёй цяпер і ставяць у віну, праз што педагогу пагражае да шасці гадоў зняволення.

«Беларусам трэба пазбавіцца ад дзвюх рэчаў, каб стаць звычайнай еўрапейскай дзяржавай. Еўрапейскай не толькі з пункту гледжання геаграфіі, але і ўсярэдненага менталітэту, звычак, традыцый. Гэтыя рэчы — так званы «савок» і Расія, — казала тады Наталля. — Мы не ўсведамляем, што нават у паўсядзённым жыцці мы пастаянна прывязаныя, дэманструем гэтую спадчыну і ўплыў.

Гэта выяўляецца нават у нейкіх дробязях: як святкуем падзеі, выпіваем, збіраемся разам. Нездарма ж ёсць клішэ, што Беларусь — гэта апошні астравок Савецкага Саюза. Што тычыцца Расіі, то гэты «рускі свет» — ён таксама ўсюды.

Мы можам колькі заўгодна крычаць, што мы Беларусь, а не Беларусія, але гэта нічога не зменіць, пакуль мы не памяняем адносіны нават да простых рэчаў. Напрыклад, калісьці я сказала, што ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова — беларуская.

Было шмат каментароў, у адным з якіх чалавек напісаў: "Я абсалютна з вамі ва ўсім згодны, акрамя рускай мовы. За яе я парву". Але ж адзіная дзяржаўная мова не забараняе грамадзянам гаварыць на іншых мовах.

Яшчэ адно далікатнае пытанне, якое вырашае, наколькі хутка мы можам перайсці да дэмакратыі — гэта пытанне смяротнага пакарання. Многія людзі, якія лічаць сябе дэмакратамі, загразлі ў старых і кансерватыўных уяўленнях. Гэта ў тым ліку ўплыў Расіі. Паглядзіце, як там ставяцца да чалавечага жыцця».

Былая выкладчыца таксама ўспомніла, што ў 2022 годзе яе тройчы затрымлівалі. У сувязі з гэтым яна дала беларусам некалькі парад.

«Я хачу сказаць беларусам, якія знаходзяцца ў Беларусі: не трымайце дома сімволікі і не рабіце рэпостаў. Пратэставаць з дуляй у кішэні — гэта важна для самога чалавека. Але давайце сімволіка будзе ў нас унутры, тым больш мы ўжо зразумелі, хто мы ёсць, — сказала Наталля. — Я думаю, што трэба напісаць кнігу або зняць фільм, які будзе прысвечаны затрыманням. Гэта будзе бестселер. Адна мая сукамерніца сядзела за тое, што ў яе на ўнутраным баку дзвярэй быў БЧБ-квадрат.

Думаю, што калі ўжо і сядзець, то за канкрэтныя дзеянні. Напрыклад, былі затрыманні падчас рэферэндуму ў лютым. Але ў тым ліку дзякуючы нашым дзеянням Лукашэнка не адправіў беларускія войскі на вайну».

Наталля Дуліна — былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ, сябра Каардынацыйнай рады. Яна падтрымала забастоўку і пратэсты студэнтаў.