Хронікі рэпрэсій: 6 лютага

Суды, затрыманні, «пакаяльныя» відэа — навіны знутры краіны за сённяшні дзень.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg


Сёння ў Мінску пачаўся суд над палітзняволенымі Валерыяй Касцюговай і Таццянай Кузінай. У залежнасці ад ролі кожнай з іх ім прад'яўляюць тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і ч. 3 арт. 130 («Узбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці»). Справу разглядае суддзя Мінскага суда Дзіна Кучукова.

5 гадоў пазбаўлення волі за «перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» прысудзілі палітвязню Глебу Гладкоўскаму. Вядома, што яму выставілі абвінавачанне паводле ч.1 арт.368 («Абраза прэзідэнта»), арт.198 («Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»), ч.3 арт.361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), ч.1 арт.130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»). Справу разглядала суддзя Святлана Чарапанава

Сілавікі затрымалі супрацоўніцу газеты «Народная воля» Анастасію Шаркевіч. У відэа, якое знята пасля затрымання, яна кажа, што адміністравала Telegram-канал выдання, пры гэтым сацыяльныя сеткі і сайт «Народнай волі» не прызнаныя «экстрэмісцкімі». Сілавікі заяўляюць, што Шаркевіч «прасоўвала дэструктыўны кантэнт».

Стала вядома, што ў канцы студзеня на 15 сутак затрымалі вакаліста гурта «Бан Жвірба» Дзмітрыя Гаўрыліна і яго жонку. Гаўрылін павінен выйсці на волю 9 лютага.

Суд над заснавальнікам Symbal.bу Паўлам Белавусам пачнецца 20 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт.356 («Здрада дзяржаве»), ч.1 арт.342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч.3 арт.361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару»), ч.1 арт.361-1 («Кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем»). Паўла затрымалі 15 лістапада 2021 года.

Па даносе з чат-рулеткі затрымалі 49-гадовага жыхара Рэчыцы Тараса Гапоненку. На відэа ён кажа, што падтрымлівае Украіну і яе нацыянальных герояў, а таксама жадае ёй перамогі. ГУБАЗіК сцвярджае, што за гэта яму пагражае крымінальная справа за «распальванне варожасці».

У Беларусі плюс 20 новых палітвязняў: Аксана Зарэцкая, Андрэй Дзмітрыеў, Ілона Зайцава, Уладзімір Булаўскі, Яўген Лівянт, Ганна Лівянт, Юлія Лівянт, Аляксей Іваноў, Андрэй Трызубаў, Ганна Кавалёва, Юрый Уласюк, Мікіта Дрозд, Ала Новікава, Іван Марозаў, Міхаіл Разуванаў, Васіль Шалькевіч, Яўген Папакуль, Міхаіл Кудлач, Андрэй Карпенка.

Усяго, паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», у краіне на дадзены момант налічваецца 1450 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1706 чалавек, сярод іх — 191 жанчына і 6 непаўнагадовых. 13 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.