«Галоўная небяспека для Лукашэнкі — яго ўласны апарат»

Юрый Дракахруст для «Філіна» аналізуе апошнія дзеянні рэжыму: стварэнне камісіі па вяртанні тых, хто з'ехаў, і заявы пра падрыхтоўку Захадам замаху на Лукашэнку.

fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


— Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з жадаючымі вярнуцца на радзіму. У свой час былыя чальцы лукашэнкаўскай каманды расказвалі гісторыю, як ён у самым пачатку свайго прэзідэнцтва прапаноўваў з дапамогай дэкрэта спыніць цэны. Ці можна з дапамогай указа перамагчы тое, з чым рэжым змагаецца ад жніўня 2020-га?

— Тут справа не ў дэкрэтах. Дэкрэтам, насамрэч, можна абвесціць новую палітыку. І калі эканоміцы не загадаеш, то апарату можна. І ён будзе праводзіць гэтую палітыку. Але ёсць перадгісторыя ўсяго гэтага, якая сведчыць пра поўную абсурднасць сітуацыі. Абсурднасць нават з пункту гледжання ўладаў.

Гэтыя заявы пра вяртанне гучалі яшчэ год таму. Мы памятаем, у якой форме яны гучалі: паўзіце на каленях, кланяйцеся. І пры гэтым вам ніхто нічога не абяцае. Вы паўзіце, а мы ўжо вырашым.

Потым была арганізаваная і запушчаная нейкая праграма «Вяртанне дадому». Некаторыя людзі з розных прычын па гэтай праграме вярнуліся. Як вядома, пры гэтым 58 чалавек былі рэпрэсаваныя ў той ці іншай меры. І няма ніводнага чалавека, які б вярнуўся, пакаяўся і яго проста так адпусцілі. Няма аніводнага такога выпадку.


Таму з улікам падобнага досведу ўсе гэтыя ўказы азначаюць адно: вы прыязджайце, а мы вас пасадзім. Ну і на каго гэта разлічана? У мяне ёсць ўласная гіпотэза, што гэта, груба кажучы, нейкая нескладуха паміж рознымі ведамствамі, фрагментамі ўлады.

Гледзячы па ўсім, ёсць людзі якія кажуць, што трэба суайчыннікаў вяртаць, бо шмат спецыялістаў з’ехала, напружанне ў грамадстве. Трэба гэтае пытанне вырашаць і перагортваць старонку. Магчыма, гэта нейкія гаспадарнікі, а можа і людзі, якія вызначаюць дзяржаўную палітыку.

А ёсць сілавікі, якія кажуць: няхай вяртаюцца, але саджаць трэба ўсіх, да каго дацягнемся, таго пасадзім. Кожны з гэтых падыходаў паасобку выглядае лагічным і цэласным, я тут маральныя чыннікі выношу за дужкі.

Для рэалізацыі ў поўнай меры першага падыходу трэба абвяшчаць поўную амністыю ўсім. І прадэманстраваць хоць некалькі прыкладаў, што людзі вярнуліся і з імі ўсё нармальна. А на справе атрымліваецца не тое і не сеё. Адны прапануюць: вы вяртайцеся. А іншыя кажуць: і ўсё адно мы вас пасадзім. Гэта фантастычная сітуацыя.

— На сустрэчы з генпракурорам Лукашэнка загаварыў пра замах на яго і на дзяржслужбоўцаў, які, паводле яго слоў, рыхтуе і фінансуе Захад. Падобныя заявы мы чулі раней не аднойчы. Чаму гэтая прагучала менавіта цяпер?  

— Вось Захаду цяпер толькі і трэба, што забіць Лукашэнку, ён толькі пра гэта думае і марыць. Мы бачым, як ён асцярожна сябе паводзіць з тымі ж санкцыямі. То паўзу рабілі, з падачы Украіны ці не з падачы, але яна была.

Цяпер вось новыя санкцыі, якія не спяшаюцца ўводзіць. Таму, з аб’ектыўнага пункту гледжання, гэта поўнае трызненне. Я думаю, што насамрэч гэта вербальна-рытарычны сродак гуртавання наменклатуры.

Бо для яго цяпер гэта, я думаю, самае галоўнае. Калі грамадства маўчыць, сцішылася, то самая галоўная небяспека для Лукашэнкі — яго ўласны апарат. Прычым у розных сітуацыях. І пры ўмове, што Расія церпіць паразу, і ў выніку яе перамогі.


Калі ў краіне пасвяцца ў вялікай колькасці расійскія войскі, самы час нагадаць уласнай наменклатуры: патану я — патонеце і вы. Незалежна ад таго, хто тут і што. Гаворыцца «Захад», а маецца на ўвазе, магчыма, не толькі ён.  

І не столькі ён, бо заходніх войскаў у Беларусі няма, а расійскія ёсць. І яны тут сябе адчуваюць даволі ўтульна, вольна. А паколькі наўпрост так не скажаш, то і прыдумляюцца розныя «замахі».


Цалкам інтэрв'ю Юрыя Дракахруста чытайце тут.