Коршунаў пра «камісію Шведа»: Па сутнасці, «беглым» прапануецца самім завесці на сябе «справу»
Беларускі сацыёлаг Генадзь Коршунаў падзяліўся меркаваннем аб прапанове рэжыму Лукашэнкі палітычным эмігрантам.
![Акцыя салідарнасці беларускай дыяспары ў Гданьску. Фота «Нямецкай хвалі» Акцыя салідарнасці беларускай дыяспары ў Гданьску. Фота «Нямецкай хвалі»](/img/v1/images/62765716_906.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акцыя салідарнасці беларускай дыяспары ў Гданьску. Фота «Нямецкай хвалі»
Палітычным эмігрантам, лік якіх пасля 2020 года пайшоў на сотні тысяч, рэжым хоча даць магчымасць вярнуцца ў Беларусь. Улады абяцаюць не пераследаваць такіх вяртанцаў па палітычнай прыкмеце.
Але для гэтага трэба будзе выканаць шэраг умоў: ва ўсім «прызнацца», раскаяцца перад спецыяльнай камісіяй, якую ўзначаліць генпракурор Швед, публічна пакаяцца за «здзейсненыя правапарушэнні» і гэтак далей. Але нават гэта не гарантуе такім людзям спакойнага жыцця. Бо «камісія», куды ўключаць апантаных лукашэнкаўцаў, яшчэ будзе вырашаць, ці заслугоўвае такі чалавек «прабачэння», а ў дадатак у любы момант рэжым можа прыдумаць для тых, хто вернецца, новае абвінавачанне і з санкцыі таго ж Шведа рэпрэсіраваць.
![Васкрасенскім будзеш? Што яшчэ не прагаворана аб лукашэнкаўскай «камісіі» па вяртанні Васкрасенскім будзеш? Што яшчэ не прагаворана аб лукашэнкаўскай «камісіі» па вяртанні](/img/v1/images/luis73ko7k9st85i.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Я нешта думаў, што камісія па вяртанні «беглых» у сваёй дзейнасці будзе абапірацца на нейкія свае базы, — піша Генадзь Коршунаў. — Яны ж там казалі, што ўсе «востракапытныя» ў іх узятыя на карандаш. Як мінімум у той базе, што «Бес-парадкі» ці як там. Ды іншыя ж базы таксама мусяць быць.
А вось і не! Аказваецца, «беглым» сапраўды прапануюць пакаяцца напоўніцу — самім напісаць заявы, дзе трэба пералічыць усе свае грахі, да апошняга камента і лайка за апошнія тры гады. Як на споведзі, натуральна.
Вырак аб ступені грэшнасці будзе выносіць шчырая камісія з вядомых уладам людзей. «Лепшыя людзі горада», ага. Самыя лепшыя.
Што мы маем у выніку: «беглым» прапануецца самім завесці на сябе «справу», дачакацца спагады камісіі і ўсё роўна быць пад дамоклавым мячом настрою сп-ра Шведа. Шык.