Васкрасенскім будзеш? Што яшчэ не прагаворана аб лукашэнкаўскай «камісіі» па вяртанні
Галоўная тэма на гэтым тыдні — спецыяльнае запрашэнне палітычным эмігрантам вярнуцца на радзіму. Прапанову агучыў Лукашэнка, сярод умоў — адсутнасць у анамнезе сур’ёзных «злачынстваў» супраць рэжыму і неабходнасць дзейна і публічна «раскаяцца».

Юрый Васкрасенскі. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца АНТ
Экспертная супольнасць, медыя і сацсеткі ўжо прэпаравалі ідэю з усіх бакоў, але пэўныя нюансы дагэтуль не прагавораныя (альбо прагавораныя недастаткова). Запоўнім гэтыя лакуны.
Тым, хто вернецца, не дадуць нармальна працаваць
Менавіта так: памылкова лічыць, нібыта па вяртанні рэжым дазволіць былому «збегламу» аднавіць ранейшы сацыяльны статус. Як мы бачым, праз два з паловай года пасля выбараў і пратэстаў працягваюцца рэпрэсіі ўвогуле і «палітычныя» звальненні ў прыватнасці. Толькі ў апошнія дні стала вядома пра чысткі ў музеі Заіра Азгура і чорныя спісы культработнікаў у Гродне. Няма сумневу, што «рэпатрыянты» ў гэтыя спісы трапяць адразу, інакш сістэма будзе супярэчыць сама сабе.
Для экс-эмігрантаў будуць закрыты дзверы на любую дзяржслужбу, на любую бюджэтніцкую пасаду. Дый у прыватным сектары добра ўладкавацца таксама будзе праблемай. Настаўніка не пусцяць у школу ці ўніверсітэт. Кіроўцу не дадуць стырно, акрамя хіба таксі. Менеджару трэба забыцца пра крэсла ў паспяховай кампаніі, музыку — пра канцэрты, рабочаму — пра працу на дзяржаўных прадпрыемствах.
Нават лекару не варта цешыць сябе ілюзіямі. Бо хоць у Беларусі і існуе вялікі дэфіцыт кадраў у медычнай сферы, камісія пракурора Шведа максімум прапануе такому спецыялісту вакансію недзе ў зоне адчужэння. Бо, вядома, недахоп маецца не толькі ў Мінску ды абласных цэнтрах, а і ў дэпрэсіўнай глыбінцы. Здымнае жыллё і маленькі заробак — хіба на такія «шчодрасці» і застанецца спадзявацца ўчорашняму «змагару».

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя медыкаў у Мінску 17 жніўня 2020
Памятаеце «справу артапедаў»? Спачатку тых выдатных спецыялістаў, пераважна кіраўнікоў, кінулі за краты. А потым, вызваліўшы за «раскаянне», перавялі на дробныя пасады — фактычна разжалавалі ў шараговыя медыкі. Тое ж самае будзе і з тымі, хто «прыпаўзе на каленях» з Польшчы ці Літвы.

Хіба што айцішнікам будзе прасцей, бо рынак ІТ застаецца прагрэсіўнай сферай нават пасярод беларускага таталітарызму. Але каму з айцішнікаў прыйдзе ў галаву вяртацца ў гэты таталітарызм з цёплага офісу ў Варшаве альбо Берліне?

То што застанецца? Як у класіка: усе працы добрыя, выбірай на густ. Можна будзе пайсці вартаўніком, прыбіральшчыкам, на будоўлю, у сельскую гаспадарку. У гэтым сэнсе сітуацыя будзе мала чым адрознівацца ад адбывання «хіміі». Хатняй — бо дома ўсё ж лепш, чым на чужыне, але «хіміі». Цалкам магчыма, што і з праверкамі «кантралюючых органаў» і неабходнасцю спраўна адзначацца ў бліжэйшым РУУС паводле законаў спецуліку.
Ці каштуе такое жыццё асалоды дыхаць родным паветрам і стасавацца з пажылымі бацькамі не праз скайп, а ўвачавідкі?..
Тыя, хто вернуцца, стануць новымі Васкрасенскімі і Пратасевічамі
Менавіта так: на прапагандысцкі эфект ці не найперш разлічвае рэжым, завабліваючы вяртацца тых, хто з’ехаў. Лукашэнка і яго набліжаныя не могуць не разумець, што вялікай плыні «вяртанцаў» не будзе. Для выпраўлення эканомікі гэтага не хопіць. Для прапаганды дастаткова і некалькіх дзясяткаў кейсаў.
Наіўна спадзявацца, што пасля прыезду «рэпатрыянтаў» чакаюць толькі «пяць хвілін ганьбы». Запісаў «пакаяльнае відэа» і ідзі на чатыры бакі? Не, так не будзе. Так гэта не працуе. Лукашэнкаўскі агітпрап возьме такіх людзей у круты абарот. Прыблізна ў такі, у які трапілі, бадай, самыя вядомыя рэнегаты — Юрый Васкрасенскі і Раман Пратасевіч.
Акрамя «пакаяння» на тэлекамеру, маючыя намер вярнуцца мусяць рыхтавацца да поўнага спектру прапагандысцкага выкарыстання. Інтэрв’ю дзяржаўным медыя, у якіх прыйдзецца ўхваляць рэжым і пляжыць Захад з апазіцыяй. Удзел у розных праўладных актыўнасцях кшталту смешных мітынгаў каля замежных абмасадаў і грамадскіх аб’яднаннях кшталту смешнай «Белай Русі». Падаецца, што кожнага, хто вернецца, будуць найперш узважваць па гэтай шкале — шкале прапагандысцкага плёну, які тут можна выціснуць. І што драматычна: жаданне ці нежаданне чалавека ўдзельнічаць у ганебных гульнях прапаганды ўлічвацца аніяк не будзе.
Другая тэза — ад генпракурора Шведа, які заўважыў, што мае паўнамоцтвы персанальна прымаць рашэнні аб пераследзе таго ці іншага «рэпатрыянта». То-бок, нават калі тая самая «камісія» пастановіць, што да чалавека прэтэнзій няма, Швед як старшыня той камісіі можа вырашыць інакш.
Што гэта азначае? Толькі тое, што ніякіх гарантый рэжым не дае, і любое «памілаванне» можа быць адмененае ў любы момант. Будзеш недастатковым ябацькам. Не прыйдзеш на эфір да Азаронка. Не ўздымеш чырвона-зялёны сцяг на праўладным мітынгу. Усё гэта будзе трактавацца як прыкмета недастатковай любові да Вялікага Брата. З адпаведнымі крымінальнымі наступствамі.
Ці ўсцешыць перспектыва існавання пад каўпаком у рэжыме паменшанай копіі Васкрасенскага-Пратасевіча тых, хто засумаваў па краявідах Міншчыны і глазураваных сырках?..
Прапанова Лукашэнкі — выклік для дэмсіл і актывістаў
Менавіта так: дэмакратычныя сілы і розныя ініцыятывы за мяжой павінны ўключыцца ў працу з тымі, хто завагаўся і схіляецца да таго, каб паехаць дадому. Заклікаў гэтага не рабіць і заяваў пра хлуслівасць і помслівасць Лукашэнкі тут недастаткова.

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя 28.09.2022 у Батумі супраць вайны і ў падтрымку Грузіі пасля таго, як стала вядома пра перамовы, што ладзіў Лукашэнка ў акупаванай Расіяй Абхазіі.
Усе ведаюць, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Што колькасць палітвязняў павялічваецца. Што рэжым ніколі не трымае слова, а сілавікі не спыняюцца ў пераследзе іншадумцаў. Што ледзьве не штодзённа ідуць суды па палітычных справах, а ўлады прыдумляюць усё новыя формы ціску і спосабы пакарання. То немагчыма сабе ўявіць, што рэпрэсіўная машына абміне ўчорашніх «здраднікаў», якія «пакаяліся-раскаяліся» і вярнуліся на радзіму. Будуць сярод іх і затрыманні, і новыя справы.
Вось гэта ўсё дэмакратычная супольнасць і мусіць даводзіць эмігрантам. А таксама — па магчымасці аказваць усялякую іншую дапамогу. Якім чынам — пытанне важнае, але тэхнічнае. Гэта можа быць нейкі ўмоўны «тэлефон даверу», куды можна звярнуцца са сваімі рэфлексіямі. Ці нешта яшчэ, але абавязкова дзейснае.
Хачу вярнуцца ў Беларусь, бо псіхалагічна цяжка за мяжой, — пасадзейнічаць з псіхолагам. Няма працы — дапамагчы з працай. Захрас у еўрапейскай бюракратыі — дапамагчы з легалізацыяй. Карацей, трэба выпрацаваць асобны гуманітарны кірунак дзеля ратавання людзей ад неабдуманых учынкаў. Дзеля таго, каб яны не ішлі на повадзе ў лукашэнкаўцаў і потым запознена не шкадавалі аб гэтым.
Зразумела, што цалкам прадухіліць вяртанне не атрымаецца. Занадта шмат беларусаў з’ехала за мяжу за апошнія два з паловай года, каб нейкая, хай і невялічкая, частка іх не вырашыла вярнуцца. Даверлівыя, самотныя і паспешлівыя ёсць у любой сацыяльнай групе.
Але задачы прадухіліць тут і няма. Задача фармулюецца інакш: пераканаць — дапамогай, эмпатыяй, падтрымкай і іншым — хоць нейкую колькасць. 2020 год паказаў, што салідарнасць беларусаў — неймаверная сіла. Самы час гэтую салідарнасць прадэманстраваць зноў.
Ці не гэтага наўпрост зараз чакаюць патэнцыйныя рэпатрыянты ад астатніх суайчыннікаў, чый лёс у замежжы складваецца больш паспяхова?..