Лукашэнка не прапанаваў эміграцыі нічога, акрамя пустых слоў

Беларускі правіцель абяцае прыняць эмігрантаў назад, не ўсіх, канешне, і не проста так. Вось толькі абяцаная шапка на вушы не лезе. Адвакат Алесь Міхалевіч называе абяцанні простай прапагандай, не вартай ніякага даверу.

«Як быць з тымі, хто яшчэ ўчора выступаў супраць дзяржавы (мы ўсе памятаем 2020 год), пакінуў краіну (хтосьці ў месцах не гэтак аддаленых), а сёння раскаяўся, але баіцца вярнуцца ці звяртаецца да мяне з просьбай аб памілаванні. Я адчуваю, што ў асобнай часткі нашага грамадства з'явіўся запыт на дадзеную тэму. Я даручаў Адміністрацыі з удзелам грамадскасці прапрацаваць дадзенае пытанне і прапанаваць механізм яго вырашэння», — сказаў Лукашэнка.

«Кожны, хто стаў на шлях выпраўлення і хоча загладзіць сваю віну, павінен мець шанц на разуменне і ласку. Гэта датычыцца толькі тых, хто заслугоўвае гэтага прабачэння», — падкрэсліў правіцель.

Яшчэ не створаная ні спецкамісія на чале з генпракурорам Шведам, не выпрацаваны прававы механізм, але Лукашэнка ўжо прадэклараваў асноўныя крытэрыі для вяртання «беглых»:

— Тыя, хто ўсвядоміў, хто раскаяўся, публічную заяву (зрабіў. — Заўв.). Гэта абавязкова. А затым разам з людзьмі, грамадскасцю — журналістамі, блогерамі, хто быў на перадавой, — мы будзем вырашаць, што з імі зрабіць, — аб’явіў ён.

Як трэба ставіцца да падобных абяцанак? «Новы Час» спытаўся ў адваката Алеся Міхалевіча, які спецыялізуецца на справах уцекачоў.

— Гэтая прапанова пакуль не прадугледжвае ніякага прававога механізма, то-бок робіцца, як амаль усё ў сённяшняй Беларусі, у ручным рэжыме: няма ні закона, ні дэкрэта, хаця Лукашэнка можа такія дэкрэты падпісваць. Няма па сутнасці і самой камісіі.

Існуе толькі агульнае пасланне: калі вы не рабілі нічога дрэннага і не робіце гэтага цяпер, то вяртайцеся. Але паколькі адсутнічае прававы рэжым, прававое рэгуляванне пытання, то гэтае пасланне трактуецца традыцыйна: захочам — вызвалім ад адказнасці, не захочам — усё адно будзеце адказваць.

— Раскаянне — філасофскае паняцце, з маральнай сферы. Мала таго, што рэжым Лукашэнкі і мараль несумяшчальныя, але ці магчыма яго аформіць у прававое рашэнне?

— Улада ва ўсе часы вырашала, ці ёсць чыстасардэчнае раскаянне ці яго няма. Думаю, прававымі спосабамі яго аформіць немагчыма, далей улада ў ручным рэжыме будзе вырашаць, хто раскаяўся, а хто не.

— Якімі матывамі трэба кіравацца найперш, прымаючы канчатковае рашэнне: вяртацца ці з’язджаць?

— Кожны чалавек павінен кіравацца сваімі ўласнымі матывамі і сваёй канкрэтнай сітуацыяй. І перш за ўсё трэба глядзець, ці ёсць актуальныя справы ў дачыненні да чалавека і які прававы статус яму нададзены ў рамках гэтай актуальнай справы. Калі чалавек ужо з’яўляецца абвінавачаным, то верагоднасць зняцця абвінавачвання ў сувязі з просьбамі ці з-за раскаяння дастаткова малая, я б яе ацаніў як блізкую да нуля. А калі на чалавека няма нічога, апроч удзелу ў акцыях 2020 года (чалавек не прымаў удзелу ні ў чым сур’ёзным), то трэба глядзець на канкрэтную сітуацыю. І ў прынцыпе можна як вяртацца ў некаторых выпадках, так і проста не трэба з’язджаць.

— Ці могуць словы Лукашэнкі гарантаваць невінаватаму нават па цяперашніх «законах» чалавеку бяспеку? Ці гатовы вы прыняць прапанову Лукашэнкі, тым больш на веру?

— Не, словы нічога не гарантуюць. Тым больш, што ўсё будзе вырашацца ў «ручным рэжыме».
Я б не паверыў нават, калі б быў падпісаны дэкрэт. Тым больш не паверу ў звычайную прапаганду.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: