Незайздросны лёс «вяртанцаў». Як дыктатура помсціць тым, хто з'ехаў

Заклікі «вярнуцца і пакаяцца» з боку Лукашэнкі і яго памагатых — зусім не новая з'ява. Як і многае з таго, што робіць рэжым, вяртанне «беглых» ужо было ў практыцы чэкістаў. І скончылася яно ніяк не нацыянальным прымірэннем.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


— І ўсё-ткі намаганні рэжыму, які спрабуе схіліць частку палітэмігрантаў да вяртання на радзіму, не будуць зусім бясплённымі, — піша на «РС» Віктар Багдзевіч. — Неўзабаве пасля таго, як рэальна пачне працаваць камісія генпракурора Шведа, некаторыя паспрабуюць скарыстацца гэтым шляхам: пераважна тыя, хто стаміўся чакаць; каму асабліва цяжка перажываць расстанне з радзімай; хто не быў гатовы да такіх выпрабаванняў. Плынь не будзе асабліва шырокай. Але і яна імгненна спыніцца — як толькі першыя з «вяртанцаў» акажуцца пад следствам, у турме ці пад хатнім арыштам. А тое, што для многіх шлях дамоў скончыцца менавіта так, сумневу не выклікае. Чаму?

Цяжка ўстрымацца ад гістарычных паралеляў сённяшняй беларускай рэчаіснасці з пачаткам і сярэдзінай 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Пасля паразы белага руху ў грамадзянскай вайне, паводле розных ацэнак, за мяжой, у эміграцыі апынуліся ад 1,2 да 2,5 мільёна падданых былой Расійскай імперыі. Гэта была пераважна адукаваная публіка, інтэлігенцыя — вайскоўцы, выкладчыкі, лекары, інжынеры, чыноўнікі... Першыя гады вымушанага выгнання многія з іх былі апантаныя ідэяй вяртання на радзіму. Тым больш што пераважная большасць мясцін, куды яны траплялі адразу пасля ўцёкаў — Турцыя, Кітай, Балгарыя, Сербія — былі даволі непрытульныя для эмігрантаў. Без грошай, без працы, без акрэсленай будучыні многія адчувалі сябе пакінутымі і нікому не патрэбнымі.


З іншага боку, новым бальшавіцкім гаспадарам савецкай Расіі востра не хапала менавіта адукаваных кадраў. Спроба вярнуць «збеглых» (прынамсі, найбольш лаяльных да бальшавіцкага рэжыму) выглядала лагічнай і натуральнай. Так з'явіліся ўрадавыя дэкрэты аб амністыі ўдзельнікаў «белага руху»: спачатку ад 3 лістапада 1921-га, потым — ад 9 чэрвеня 1924-га. Дараваць абяцалі ўсім, хто «падманам ці гвалтам быў уцягнуты ў барацьбу супраць савецкай улады». На абяцаную амністыю адгукнуліся многія, асабліва ў першы год. У 1921-м на радзіму вярнуліся 121 343 асобы (усяго за час з 1921 па 1931 гады — 181 432 асобы). Аднак вялізная хваля першых месяцаў хутка сышла на нішто пасля дзіўных і страшных паведамленняў пра лёс тых, хто паверыў бальшавікам і наважыўся вярнуцца. Белых афіцэраў і чыноўнікаў часта арыштоўвалі і расстрэльвалі адразу пасля прыбыцця, ледзь не ля трапа парахода. Частка унтэр-афіцэраў і салдат апынуліся ў працоўных лагерах (створаных савецкімі спецслужбамі яшчэ да ГУЛАГу), трапілі на цяжкія прымусовыя працы на бакінскія нафтавыя радовішчы.

Падманутыя «вяртанцы» першай хвалі масава пісалі тым, хто заставаўся за мяжой, заклікаючы не верыць гарантыям бальшавікоў. Таму плынь тых, хто вяртаўся (пачаткова надзвычай шырокая) вельмі хутка практычна спынілася.

Чаму так адбывалася? У бальшавіцкім урадзе першых пасля грамадзянскай вайны гадоў былі не адно толькі кавалерыйскія камдзівы ці камісары ВЧК. Тыя дзеячы, якім даводзілася займацца эканомікай, барацьбой з галечай і голадам, зусім прагматычна і прадбачліва разумелі, да якіх станоўчых вынікаў можа прывесці грамадскае прымірэнне, вяртанне ў краіну соцень тысяч адукаваных адмыслоўцаў. Таму рашэнні пра амністыю ўрадам прымаліся. Але ля трапаў параходаў з Марсэля і Канстанцінопаля былых белагвардзейцаў і «буржуяў» у Адэсе і Новарасійску сустракалі не тыя, хто абяцаў амністыю, а — чэкісты з маўзерамі на баку і рубакі-варашылаўцы з шаблямі, якія яшчэ ўчора секлі галовы «белай контры». І хто нават з высокапастаўленых бальшавіцкіх дзеячоў таго часу мог адважыцца пярэчыць таварышу Дзяржынскаму, таварышу Апанскаму ці пазней таварышу Яжову, якія настойвалі на «класавай пільнасці» і «бязлітаснасці да ворагаў рэвалюцыі»? Дзе была гарантыя, што заўтра нарад ВЧК з маўзерамі не з'явіцца да цябе на кватэру, атрымаўшы інфармацыю, што твае бабуля ці цётка былі зусім не пралетарскага паходжання, а мелі ўласную крамку капялюшыкаў на Неўскім праспекце і, такім чынам, належалі да класы эксплуататараў працоўнага народа?


Пазней выявілася, што нават пра тых, каму бальшавікі нібыта даравалі і пакінулі на волі, насамрэч ГПУ-НКВД не забывала: усе яны браліся на ўлік, у дазвол на жыхарства кожнага ставіўся адпаведны штамп — «За службу ў белых арміях суду і пакаранню не падлягае». Наколькі «не падлягае» — рана ці позна ўсе яны спраўдзілі на ўласным досведзе. Праўда, у 20-я пераважная большасць іх яшчэ жыла параўнальна спакойна. А вось 30-я мала хто з былых белагвардзейцаў і царскіх чыноўнікаў перажыў: такі штамп быў раўназначны смяротнаму прысуду.

Трагічная памылка многіх палітэмігрантаў першай хвалі палягала ў тым, што яны ўпарта хацелі верыць (і верылі) у добрыя намеры бальшавікоў. Іх цяжка было пераканаць у тым, што палітычны рэжым можа быць аж настолькі помслівым, падступным, жорсткім і несправядлівым. Развітанне з ілюзіямі часта было надзвычай балючым.

У Беларусі падобны лёс напаткаў многіх дзеячаў БНР: старшыню ўрада Аляксандра Цвікевіча, яго паплечнікаў Уладзіміра Пракулевіча, Лявона Зайца, Аляксандра Галавінскага. На пачатку 20-х гадоў пэўныя поспехі БССР (беларусізацыя, значнае ўзбуйненне за кошт вернутых ад РСФСР тэрыторый Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны, НЭП) нарадзілі ў асяроддзі беларускай палітычнай эміграцыі прасавецкія настроі. Паддаўся ім і Цвікевіч. Пра гэта стала вядома ў Мінску. Кіраўніцтва КП(б)Б, якое мела на мэце раздрабніць палітэміграцыю, уступіла ў кантакт з «групай Цвікевіча» і схіліла яго да роспуску ўрада БНР. Дзеля гэтага правялі Другую Усебеларускую канфэрэнцыю ў Берліне, дзе дамагліся ўсіх патрэбных бальшавікам рашэнняў.


Урад БНР 15 кастрычніка 1925 году самараспусціўся, а Цвікевіч і яго аднадумцы прызналі Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі і самі вярнуліся ў БССР. Некаторыя напачатку нават атрымалі ад бальшавікоў немалую, як на тыя часы, дапамогу — па 430 долараў. Але ідылія ў адносінах з бальшавікамі працягвалася нядоўга: ужо на пачатку 30-х усе былыя дзеячы БНР, якія наважыліся вярнуцца, трапілі пад нож сталінскіх рэпрэсій: спачатку — у ссылку і лагеры, а напрыканцы 30-х іх расстралялі.

Цалкам артыкул пра паралелі з сённяшняй Беларуссю можна прачытаць на «Радыё Св*бода».