З эміграцыі вы на Радзіму дакладна вернецеся. З вайны — не факт

Безумоўна, самай абмяркоўваемай тэмай на тыдні стала стварэнне камісіі па «вяртанні збеглых». Усе эксперты амаль аднагалосна заявілі, што прычыны стварэння такой камісіі — эканамічныя. Аднак ёсць нюанс, які доўжыцца ўжо шмат часу, і ён — самы небяспечны для «вяртанцаў».

_belarus_vajna_vaenny_ljudzi_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Адразу заўважым два моманты. Момант першы: са стварэннем такой камісіі Лукашэнка заявіў, што «здраднікам» літасці не будзе. З іншага боку, тыя, хто «пакаяліся», могуць вярнуцца. Не зусім бяспечна, вырашаць у кожным канкрэтным выпадку будзе генпракурор Андрэй Швед, які лічыцца ці не «архітэктарам» беларускіх рэпрэсій. Гэтая ж камісія, імаверна, будзе вырашаць і ступень «пакаяння».

Трапна пра гэта напісаў аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»: «Збеглыя, якія ні ў чым не вінаватыя, павінны проста пакаяцца. Ва ўстаноўленай пісьмовай форме. З падрабязным пералікам антыдзяржаўных фактаў, у якіх яны не вінаватыя… І пасля таго, як збеглыя, якія не вінаватыя, пакаюцца і прызнаюць віну, дзяржава гарантуе, што да іх "меры ў пэўных выпадках прымяняцца не будуць"».

Цікавая, канешне, форма гэтага пакаяння. І нават, па аналогіі з іншымі захадамі ўлады, можна меркаваць, якой гэтая форма будзе. Памятаеце, як прымушалі «пакаяцца» айцішнікаў, што данацілі ў дабрачынныя фонды? Пералічыць грошы ў дзяржаўны фонд у дзесяцікратным памеры, але не менш за 1000 долараў. Вось і з ні ў чым не вінаватых «збеглых» будуць браць той жа аброк. Калі, канешне, яны задумаюць вярнуцца.

І зразумела, на каго гэта разлічана — на тых, хто сапраўды з’ехаў «у прэвентыўным парадку». На тых жа айцішнікаў, траціна якіх пакінула краіну толькі ў мінулым годзе, і пакінула яе зусім не з прычын рэпрэсій. Проста з пачаткам вайны ва Украіне і ўвядзення з гэтай нагоды санкцый адносна Беларусі за садзейнічанне ў нападзе на нашую суседку заходнія кампаніі перасталі мець з імі справу. А ў некаторых выпадках сталі немагчымыя і плацяжы айцішнікам, якія атрымлівалі грошы за сваю працу з замежжа на рахункі ў «крыху санкцыйных» беларускіх банках. Таму гэтая рэлакацыя мела вялікі эканамічны складнік.

Мажліва, Лукашэнка наслухаўся намесніка дырэктара ПВТ Кірылу Залескага, які сцвярджае, што «айцішнікі едуць туды, дзе ёсць праекты», а потым вяртаюцца назад. Што, канешне, поўная лухта, інакш бы не было такіх слоў, як «аўтсорс» і «праца на аддалёнцы». І Лукашэнка, які лічыць інтэрнэт «вялікай сметніцай», сапраўды мяркуе, што ад'езд спецыялістаў — справа часовая, і што айцішнікі ў нечым падобныя да будаўнікоў, якія сапраўды ездзяць «на аб'ект».


Але справа не ў тым, хто і як пісьменна праехаўся Лукашэнку па мазгах. Справа ў тым, што першапрычына ад'езду людзей — ці то айцішнікаў, ці то будаўнікоў, ці то прадпрымальнікаў, ці то дактароў — нікуды не падзелася. Краіна па-ранейшаму пад санкцыямі, па-ранейшаму ёсць праблема з плацяжамі, па-ранейшаму з Беларуссю мала хто хоча мець справу ў фінансавых пытаннях. Прычым, пасля нашага «тэхнічнага дэфолту» сітуацыя нават пагоршылася.

А тут яшчэ і Еўропа кажа, што санкцыі не тое што здымаць не збіраецца, а нават плануе іх узмацніць. Які сэнс айцішніку вяртацца ў краіну, дзе ён не зможа атрымаць свае заробленыя грошы? У гэтых варунках разлічваць на тое, што ў краіну вернуцца «невінаватыя», проста наіўна.

Але самае галоўнае не ў гэтым. Галоўнае — у навінах, якія проста пераследуюць нас увесь час.

У Беларусі скончылася зверка даных ваеннаабавязаных. Па меркаванні Мінабароны, скончылася яна паспяхова, і ўсіх «падлічылі». Аднак ваенкам Брэсцкай вобласці Алег Канавалаў нават пагражаў забаронай на выезд тым, хто не з’явіўся ў ваенкамат на гэтую «зверку».

Па звестках праваабаронцаў, адміністрацыя гомельскай жаночай (!!!) калоніі №4 пачала складаць спісы жанчын, якія з'яўляюцца ваеннаабавязанымі.

У мясцовых бюджэтах на 2023 год значна павялічылі выдаткі на мабілізацыю. Прычым, у некаторых раёнах гэтыя выдаткі павысіліся не тое што ў дзясяткі — у сотні разоў. Напрыклад, у бюджэце Пінска Брэсцкай вобласці выдаткі на мабілізацыю ўзраслі на 2700%, а ўвогуле запланаваныя выдаткі Пінска на нацыянальную абарону ў 2 разы большыя, чым Мінска — сталіцы і самага вялікага горада Беларусі.


І ў тым жа Пінскім і Столінскім раёнах на тыдні абвясцілі, што ў рамках вучэнняў будуць усталёўваць на дарогах блокпасты, як у ваенны час. Маўляў, грамадзянскія службы ўсяго толькі «адпрацуюць практыку ўзвядзення збудаванняў з бетонных блокаў, а праваахоўнікі — парадак працы ва ўмовах прапускнога рэжыму».

Гэта — зусім не бяскрыўдныя дзеянні. Напрыклад, палітолаг Павел Усаў лічыць тое, што ў памежных раёнах імітуюць умовы ваеннага часу, «паступовым укараненнем наратываў вайны ў свядомасць людзей». То-бок, людзі павінны прывыкнуць да думак аб вайне і свядома яе чакаць, каб пачатак ваенных дзеянняў не стаў для беларускага грамадства шокам і не выклікаў новай хвалі антываенных выступаў і нават сабатажу.

Узнікае пытанне: каго паслаць на фронт у першую чаргу? «Ябацек»? Дык «ябацек», па-першае, няшмат, па-другое, у іх мысленне Шарыкава з «Сабачага сэрца». Памятаеце, як гэты герой адказаў Швондэру пра неабходнасць стаць на вайсковы ўлік? «На ўлік стану, ваяваць не пайду».

Сілавікоў? Дык, па-першае, на іх трымаецца ўлада Лукашэнкі, і калі іх «перамалоць» у баях з УСУ, то больш спадзявацца няма на каго. Па-другое, мы ўсе памятаем, як гэтыя сілавікі ў 2020-м бегалі, як зайцы, калі да іх паварочваўся натоўп шматтысячных мітынгаў — пры гэтым, калі яны, сілавікі, былі да зубоў узброеныя. Яны могуць ціхенька і подленька арыштоўваць людзей па адзінцы, разганяць невялікія купкі народу (калі іх, сілавікоў, прыкладна столькі ж, колькі народу, і яны ўзброеныя), а, сутыкнуўшыся з арганізаваным масавым супрацівам, яны адразу кладуць у штаны. А калі яны так вялі сябе перад няўзброеным народам, што ім рабіць на фронце?

Вось і застаецца шукаць тых, хто ў выпадку чаго выканае ролю «гарматнага мяса». А сілавікі адыграюць звыклую ім ролю «заградатрадаў».

І таму цалкам зразумела, чаму Лукашэнка супраць вяртання «здраднікаў», а не супраць вяртання «памыліўшыхся». Калі здраднікаў адправіць на фронт — яны ваяваць дакладна не будуць, а тое яшчэ і далучацца да палку Каліноўскага. А вось астатнім можна сказаць, каб «выкупілі сваю правіну крывёю». І прывесці замшэлыя і заезджаныя прапагандысцкія прыклады Вялікай Айчыннай…

Пагадзіцеся: лепш чакаць свайго сына, мужа, бацьку з-за мяжы, з эміграцыі, чым з-пад Данецку або Луганску. Ці, крый божухна, з-пад Чарнігава і Сумаў.

Канешне, пакуль сцэнар з нападам войскаў Беларусі на Украіну, з усеагульнай мабілізацыяй і іншымі непрыемнасцямі выглядае малаімаверным. Але той узровень рэпрэсій, які накрыў краіну пасля 2020-га, яшчэ напачатку таго года таксама падаваўся неймаверным. І напад на Украіну з боку Беларусі быў неймаверным і нечаканым.

Хто можа сказаць, што дакладна ў галаве ў Лукашэнкі? Ці ведаем мы, пра што ён дамаўляецца з Пуціным? Хто можа гарантаваць, што двум дыктатарам зноў не стрэльне ў галаву «ўзяць Кіеў за тры дні»?

Так што мая парада так званым «збеглым» (як, дарэчы, парада і іншых экспертаў) — сядзіце ў сваёй эміграцыі, рабіце, што робіце, і нават не рыпайцеся. Лепш быць жывым у замежжы, чым «гарматным мясам» на Радзіме.

З эміграцыі вы на Радзіму дакладна вернецеся. З вайны — не факт.