Рэкет айцішнікаў: якая мінімальная сума «кампенсацыі» за данат у фонды дапамогі?

Лукашэнкаўцы вызначылі мінімальную суму «кампенсацыі» за ахвяраванне ў фонды, што дапамагалі пацярпелым ад палітычных рэпрэсій. Мінімальная сума «водкупу» — 1000 долараў, але і яна нічога не азначае.

fba4ea0f6a36_1920.jpg


Працягваецца разгорнутая органамі аховы ўлады Лукашэнкі кампанія па рэкеце айцішнікаў, якія адзначыліся данатамі на падтрымку рэпрэсаваных у 2020-м і 2021-м. Аказваецца, дзесяцікратны мультыплікатар працуе толькі для тых, хто данаціў больш за сто долараў. А калі толькі пяць, дзесяць?

А як быць з тымі, хто данаціў менш, скажам, 30 рублёў? Вызначылі ніжнюю планку.

«Тысяча долараў — гэта ніжняя планка кампенсацыі, нават калі данаціў толькі 15 долараў», — паведамілі «Нашай Ніве» абазнаныя суразмоўцы.

З улікам таго, што ўсяго ў фонды дапамогі ахвяравалі больш за 60 тысяч чалавек, лукашэнкаўцы хочуць сабраць у выглядзе штрафаў дзясяткі, калі не сотні, мільёнаў долараў.

Але гэта не гарантуе, што ў будучыні на тых жа людзей не завядуць яшчэ і крымінальную справу — яны ж прызнаюць, што ахвяравалі грошы ў фонды. Гэтаксама, як некаторыя «вяртанцы» паведамілі прапагандзе, і з’явіліся пакаяцца ў ГУБАЗіК, а потым ім далі вялікія турэмныя тэрміны.

Частку з тых, хто ахвяраваў грошы, ужо выклікаюць на размовы ў КДБ.

Сілавікам могуць быць вядомыя толькі тыя пераводы, якія рабіліся з беларускіх картак.

Фонды дапамаглі дзясяткам тысяч ахвяр палітычных рэпрэсій і іх сем'ям — арыштаваным і звольненым з працы. Эфектыўнасць і адвага, з якой дзейнічалі фонды, зрабілі іх адной з галоўных цэляў для лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

«Мы настойліва рэкамендуем з'ехаць з краіны тым, каго выклікаюць на «размову». Ніхто не ведае, чым яна скончыцца канкрэтна для вас», — напісаў Андрэй Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.

«Ці працягвае BY_help працаваць? — Так, працягвае. І ніколі не спыняўся, — піша са сваёй фэйсбук-старонкі фундацыя BY_help. — Чым мы дапамагаем? — Мы выцягваем з фінансавай ямы тых, каго нашае «гасударства» спрабуе літаральна пазбавіць усяго. Штрафы, пазовы, дапамога палітычным, адвакаты».

На 2020 год фонды салідарнасці дзейнічалі на законнай аснове. Наданне новапрыманым законам «зваротнай сілы» стала ў Беларусі сістэмнай з'явай.