Валерый Кавалеўскі: менавіта Лукашэнка пагражае незалежнасці Беларусі

«Калі раней у Лукашэнкі атрымлівалася нейкімі абяцаннямі, пасуламі мяняць палітыку Захада да сябе, то сёння ў краін Захаду адносна яго ніякіх ілюзій не засталося», — лічыць прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета.

1__1___1__2.png

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі ў Вашынгтоне сустрэўся з кіраўніцтвам Міністэрства абароны і Дзярждэпартамента ЗША, са старшынёй Офіса па каардынацыі санкцый Дзярждэпартамента Джымам О’Браянам, цяперашнім і былым дырэктарамі па пытаннях Усходняй Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Кейтам Бінам і Трэем Лаянзам, прадстаўнікамі Кангрэса ЗША і аналітычных цэнтраў.

Па выніках сустрэч Валерый Кавалеўскі заявіў пра выхад палітычнага супрацоўніцтва з ЗША на новы ўзровень: не разавых гучных сустрэч, а пастаянных афіцыйных кантактаў. Напрыклад, ужо запланаваны шэраг мерапрыемстваў і сустрэч высокага ўзроўню, у тым ліку з удзелам Святланы Ціханоўскай.

Больш падрабязна пра вынікі паездкі “Новы Час” пагаварыў з Валерыем Кавалеўскім.

Фота з асабістага архіву

Фота з асабістага архіву

— Візіт у ЗША — гэта спроба вярнуць беларускае пытанне ў міжнародны парадак дня?

— Гэта звычайныя працоўныя кантакты. Мой візіт — першы афіцыйны візіт прадстаўніка Аб’яднага кабінета ў Вашынгтон з моманту стварэння Кабінета. Злучаныя Штаты з’яўляюцца адным з галоўных ігракоў на сусветнай арэне, якія заявілі пра сваю падтрымку намаганняў беларусаў аднаўленні дэмакратыі ў Беларусі і абароне яе незалежнасці. Такія кантакты вельмі важныя, і іх павінна быць больш.

— Першы крок да прызнання Аб’яднанага кабінета?

— На сённяшні дзень мы не імкнемся атрымаць паўнавартаснае, паўнафарматнае прызнанне Кабінета як дзяржавы. На сённяшні дзень казаць пра гэта заўчасна, не заўсёды магчыма. Што для нас надзвычай важна, дык гэта працоўныя кантакты, якія з’яўляюцца прызнаннем Кабінета дэ-факта як прадстаўніка беларускага народа.

— Пра што ўдалося і пра што не ўдалося дамовіцца падчас гэтага візіту?

— Я правёў працоўныя кансультацыі. Вельмі важна было данесці інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі сёння. У краіне працягваюцца рэпрэсіі, якія тлумачацца як унутрыпалітычным кантэкстам, так і стаўленнем беларусаў да вайны супраць Украіны. Лукашэнка праз удзел у вайне стварыў сур’ёзную пагрозу незалежнасці Беларусі — гэты факт заслугоўвае ўвагу не толькі беларускага грамадства, але і міжнароднай супольнасці. Мы гаворым пра незалежнасць краіны, якая з’яўляецца сузаснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных нацый, і беларусам трэба дапамагчы ў барацьбе за незалежнасць.

Мы размаўлялі пра супрацу і ваенна-палітычную, і інфармацыйную, і дыпламатычную, і на палітычным узроўні. Каб мы маглі атрымліваць далейшую дапамогу па вяртанні Беларусі на шлях дэмакратыі, за вяртанне ўлады народу і каб зрабіць усё магчымае, каб Беларусь засталася незалежнай дзяржавай.

— Міжнарождная супольнасць разглядае беларускае пытанне толькі праз прызму яе ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Ці гатовая міжнародная супольнасць звярнуць больш увагі на ўнутрыпалітычныя працэсы? Якія, на жаль, ідуць у рэчышчы страты суверэнітэту.

— Гэта застаецца асновай палітыкі міжнароднай супольнасці, найперш краін Захаду. Падзеі 2020 года сталі фундаментам цяперашняга ўяўлення краін Захаду пра Беларусь.

Але ў кожнай краіны (у Еўрасаюзе, у Канады, у ЗША) ёсць асобная гісторыя адносін з Лукашэнкам. Гэтыя гісторыя стасункаў таксама вызначае іхняе стаўленне да краіны. Калі раней у Лукашэнкі атрымлівалася нейкімі абяцаннямі, пасуламі мяняць палітыку Захада да сябе, то сёння ў краін Захаду не засталося ніякіх ілюзій адносна Лукашэнкі: гэты чалавек кіруецца сваімі ўласнымі інтарэсамі, спрабуе ўсімі магчымымі і немагчымымі сродкамі застацца ва ўладзе — і дзеля гэтага гатовы на любыя здзелкі з Расіяй.