ISW: Захад павінен перакрыць кісларод расійскім наратывам і кааліцыям

Тэндэнцыі Захаду ігнараваць дзеянні Расіі былі і застаюцца важнай магчымасцю для Пуціна, лічаць у амерыканскім «Інстытуце вывучэння вайны».

Ілюстрацыйны калаж: liga.net

Ілюстрацыйны калаж: liga.net

Захад дамогся пэўнага поспеху ў супрацьдзеянні Крамлю пасля незаконнай акупацыі Крыма Расіяй, але Уладзімір Пуцін знайшоў спосабы кампенсаваць вонкавы ціск на Расію, не адмаўляючыся ад сваіх мэтаў, лічаць у «Institute for the Study of War». Прычым усё большае значэнне набывае здольнасць фармаваць ўспрыманне іншых і ствараць вобраз магутнай Расіі.

Намаганні Пуціна з 2014 года накіраваныя на тое, каб кампенсаваць слабыя бакі пазіцыі Расіі і прасоўваць свае мэты. Асноўныя кірункі дзейнасці Крамля з таго перыяду наступныя:

  • стварэнне спрыяльнай для сябе інфармацыйнай прасторы;
  • мэтанакіраванае павелічэнне вайсковай прысутнасці Расіі, што дазваляе ўплываць на прыняцце рашэнняў;
  • узмацненне Расіі праз сетку кааліцый і міжнародных арганізацый;
  • дыверсіфікацыя інструментаў і сродкаў расійскага ўплыву і падрыўной дзейнасці;
  • пашырэнне ўплыву Расіі на перыферыйных тэатрах ваенных дзеянняў;
  • кансалідацыя ўлады ўнутры Расіі.

Эксперты ISW лічаць, што Захад павінен перакрыць кісларод двум ключавым узмацняльнікам пуцінскай улады — наратывам і кааліцыям. Доўгатэрміновым рашэннем супраць Расіі было б стварэнне калектыўнага імунітэту супраць пагрозы, якая ствараецца расійскімі ўладамі. Для гэтага варта выкарыстоўваць усе магчымасці стратэгічнай выведкі ў ЗША і іх партнёраў, каб распазнаць тактыку «павольнага падпаўзання» Пуціна, перш чым яна стане яго стратэгічнай перавагай.

Шляхі дасягнення мэтаў

Пуцін знаходзіцца ва ўладзе каля 20 гадоў, і гэтаму спрыялі некалькі фактараў. Па-першае, ён разумее Расію. і робіць расійскаму народу і іншым краінам рэальную каштоўнасную прапанову, якая недасканалая і перыядычна мяняецца, але тым не менш. Па-другое, у яго ёсць некалькі крыніц рэальнай улады: ядзерная зброя, глабальная вайсковая прысутнасць і права вета ў Савеце Бяспекі ААН. Па-трэцяе, Пуцін кантралюе ўнутраны наратыў Расіі і мае магчымасці ўплываць на глабальны наратыў.

Пастаянна мяняецца і змест дыялогу з грамадствам. Зусім нядаўна расійскі кіраўнік паказаў, што гатовы эксперыментаваць з менш рэпрэсіўнай тактыкай для ўтаймавання грамадскай незадаволенасці: ён дазволіў антыкрамлёўскім пратэстам 2020 года на Далёкім Усходзе заціхнуць, не душачы іх значна даўжэй, чым ён зрабіў бы гэта, напрыклад, у мінулым. Ён развівае падыходы Расіі да гібрыднай вайны і выкарыстоўвае досвед антыўрадавых пратэстаў у Беларусі — у тым ліку і для таго, каб аднавіць кантроль над «саюзнікам».

Аднак улада Пуціна мае рэальныя межы. Яго клептакратычны рэжым несумяшчальны з рэформамі, неабходнымі для істотнага росту расійскай эканомікі. Намаганні расійскіх уладаў пасля 2014 года былі накіраваныя на тое, каб больш эфектыўна кантраляваць расійскае грамадства і аказваць больш доўгі ціск на іншыя краіны, а не на рэфармаванні Расіі ці ператварэнні яе ў больш прывабнага міжнароднага партнёра.

Пуцін больш не можа дазволіць сабе раскошу прыкрываць свае дзеянні з прававога пункту гледжання. На працягу двух дзесяцігоддзяў ён спрабаваў захаваць у Расіі бачнасць дэмакратыі і неаднаразова заяўляў, што не будзе мяняць Канстытуцыю ў адпаведнасці са сваёй палітычнай праграмай, аднак адкрыта зрабіў менавіта гэта ў 2020 годзе, каб даць сабе рэальную магчымасць кіраваць пажыццёва.

Фасад легітымнасці, які важны для дасягнення пастаўленых мэтаў, таксама з'яўляецца абмежаваннем дзеянняў Крамля ў глабальным маштабе. Напрыклад, наступ на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе быў спынены, калі ў Расіі скончылася інфармацыйнае прыкрыццё для прасоўвання кампаніі гібрыдным спосабам, — не прадпрымаючы адкрыта паўнавартаснага ваеннага наступу на Украіну. Крэмль планаваў захапіць шэсць рэгіёнаў Украіны, але змог «праглынуць» толькі часткі двух рэгіёнаў — збольшага таму, што моцна пераацаніў падтрымку ідэі «рускага свету» [i] сярод насельніцтва Украіны. Гэтая адсутнасць падтрымкі пазбавіла Крэмль інфармацыйнага прыкрыцця, неабходнага для захопу дадатковых тэрыторый.

Нягледзячы на шэраг няўдач у пашырэнні свайго ўплыву, Расія, аднак, працягвае дамагацца поспехаў часта ў «сляпых зонах» Захаду. Пуцін па-ранейшаму забяспечвае сабе дадатковы ўплыў у краінах былога Савецкага Саюза, а таксама пашырае вайсковую прысутнасць Расіі і інфармацыйны ўплыў па ўсім свеце.

Тэндэнцыя Захаду ігнараваць трывіяльныя дзеянні Расіі — яшчэ адна важная магчымасць для Пуціна. Павольнае, непрыкметнае напаўзанне, часта на тактычным узроўні, — як правіла, так Крэмль стварае ўмовы для стратэгічных заваёў.

Яшчэ адной уразлівасцю Захаду з'яўляецца схільнасць памылкова прымаць разгільдзяйства і прыстасавальніцтва Крамля за апартунізм. Гэтая схільнасць збольшага тлумачыцца тым фактам, што Пуцін сапраўды дзейнічае хутка, калі бачыць магчымасці, і часта пераскоквае з аднаго тэатра на іншы такім чынам, што заходняй аўдыторыі, якая разглядае, скажам, Блізкі Усход і краіны Балтыі як цалкам асобныя праблемы, здаецца, не хапае ўзгодненасці. На самай справе Пуцін паслядоўна пераследаваў адны і тыя ж мэты на працягу многіх гадоў. Ён прадэманстраваў гатоўнасць змірыцца са стратамі, каб прасунуць свае больш маштабныя намаганні. Крамлёўскія сродкі дасягнення гэтых мэтаў распрацоўваюцца і ўдасканальваюцца для іх падтрымкі, нават нягледзячы на тое, што іх выкананне часта неэфектыўнае, дрэнна скаардынаванае і контрпрадуктыўнае.

Захад таксама павінен разумець, што легітымізацыя наратываў Крамля і далучэнне да яго міжнародных кааліцый забяспечвае кісларод двум асноўным узмацняльнікам улады Пуціна. Без гэтага кіслароду Пуцін, хутчэй за ўсё, быў бы зрынуты.

Пасля 2014 года

Намаганні Пуціна з 2014 года былі ўсё больш сканцэнтраваныя на фармаванні, а не проста на разбурэнні міжнароднай абстаноўкі, якая будзе спрыяць інтарэсам Расіі і забяспечыць Крэмль рэсурсамі і легітымнасцю.

Асноўныя напрамкі намаганняў Пуціна, якія падтрымліваюць гэтую мэту:

  • Стварэнне спрыяльнай для Расіі інфармацыйнай прасторы і пашырэнне інфармацыйных магчымасцей Крамля. Бітва за розумы — гэта ключавая бітва Пуціна. Парадыгма нацыянальнай бяспекі Расіі зрушылася ў бок інфармацыйнай прасторы прыкладна ў 2014 годзе — верагодна, у адказ на інфармацыйныя поспехі і няўдачы яе гібрыднага наступу на Украіну. Крэмль перагледзеў сваю інфармацыйную палітыку і пашырыў сферу свайго інфармацыйнага ўздзеяння ва ўсім свеце. Гэтая вобласць ўздзеяння шырокая і выходзіць за рамкі сродкаў масавай інфармацыі і ферм троляў.
  • Пашырэнне прасторы бяспекі вакол Расіі без уцягвання ў дарагую гонку ўзбраенняў. Пуцін мэтанакіравана пашырае вайсковую прысутнасць РФ, прадтрымліваючы наратыў пра тое, што Расія павінна аднавіць сваю моц. Крэмль аддаў прыярытэт стварэнню кааліцый у галіне бяспекі, каб кампенсаваць межы сваёй вайсковай прысутнасці, якая расце, але ўсё яшчэ абмежаваная. Для гэтага выкарыстоўваюцца партнёрскія адносіны ў галіне бяспекі з іншымі краінамі — яны забяспечваюць сілы для вайсковых кампаній Крамля, легітымізацыю расійскага ўмяшання пад эгідай міжнароднага супрацоўніцтва і прасоўванне больш шырокіх мэтаў Крамля — такіх, як аднаўленне ўплыву на былыя савецкія дзяржавы.
  • Ахутванне Расіі павуціннем кааліцый і міжнародных арганізацый. Пуцін пашырае і ўвязвае фармальныя і нефармальныя партнёрскія адносіны, каб фармаваць міжнародны парадак дня, супрацьстаяць ціску Захаду, а таксама атрымліваць доступ да крыніц наяўнасці і легітымнасці. З 2014 года Расія падпісала сотні пагадненняў у розных галінах — ад медыя да вайсковага супрацоўніцтва. 
  • Умацаванне вяршэнства Савета Бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (СБ ААН). Парадак, які ўсталяваўся пасля Другой сусветнай вайны, і статус Расіі як аднаго з пастаянных членаў Савета Бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (G5) з'яўляюцца ключавой асновай рэальнай і меркаванай моцы Расіі. Крэмль імкнецца як адрадзіць супрацоўніцтва G5, так і ўмацаваць вяршэнства ААН, дзе Расія валодае правам вета ў Радзе Бяспекі, у якасці ключавога міжнароднага арбітра. Захаванне гэтых паўнамоцтваў жыццёва важна для Пуціна.

Падсумоўваючы свае тэзісы, эксперты «Інстытута вывучэння вайны» раяць краінам Захаду і ЗША прыняць складанасць пуцінскага рэжыму і не спрашчаць яго да «дыктатуры трэцяга свету, заправачнай станцыі, кіраванай мафіяй з ядзернай зброяй», бо гэта хавае нюансы, з дапамогай якіх Расія кідае выклік ЗША і іх хаўруснікам. Пуцін многае выйграе дзякуючы ўспрыманню — у тых сляпых зонах, пра існаванне якіх Захад часта не падазрае. Інфармацыйныя аперацыі, асабліва іх кумулятыўны эфект з цягам часу, уяўляюць рэальную пагрозу для заходніх краін.
Таксама не варта забываць пра рэальную ўладу, якой валодае Пуцін — у тым ліку і на фарміраванне наратываў масавай свядомасці. Трэба ўмацоўваць міжнародныя механізмы для захавання праўды і выкрыцці ілжывых сцвярджэнняў пуцінскага рэжыму, а таксама стварыць шырокую міжнародную кааліцыю для расследавання парушэнняў Расіяй міжнароднага права.

Не варта надзяляць Пуціна паўнамоцтвамі, узаконьваючы яго дзеянні, і паддавацца на ўгаворы аб супрацоўніцтве. Прызнанне Украіны галоўным стрымліваючым фактарам для амбіцый Пуціна дапаможа выйграць.

Гэты аналіз быў зроблены ў верасні 2020 года Наталляй Бугаевай, але, на жаль, ніхто так і не зрабіў з яго высновы. Таму Пуцін вырашыў, што можа дзейнічаць. Таму сёння гінуць мірныя жыхары Украіны.