Сталі вядомыя новыя падрабязнасці смерці Вітольда Ашурка. Хронікі рэпрэсій 24 чэрвеня
Вітольда Ашурка збівалі і хацелі перавесці ў атрад з нізкім сацыяльным статусам. Пра гэта вядзецца ў даследаванні, прысвечаным умовам утрымання ў ПК-17 Шклова, што апублікавалі Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і «Вясна».

Аўтары пагаварылі з 18 экс-палітвязнямі са шклоўскай калоніі. Адзін з апытаных распавёў, што рэчы Ашурка хацелі перанесці ў пяты атрад, які мае нізкі сацыяльны статус.
Зняволеныя мяркуюць, што гэтая інфармацыя магла дайсці да Вітольда Ашурка, і таму ён не хацеў выходзіць з ШІЗА. І за гэта яго жорстка збівалі.
«Чулі ўсе, як гэты працэс адбываўся, у камп’ютарным класе, зусім побач, былі чутныя крыкі. У суседняй камеры штрафнога ізалятара, там таксама нармальна чуваць», -- распавёў адзін з суразмоўцаў.
Экс-зняволеныя таксама сцвярджаюць, што на апублікаваным відэа з калоніі быў насамрэч не Вітольд Ашурак.
«Са слоў людзей, якія знаёмыя з сітуацыяй, чалавек, які зняўся на відэа, быў у суседнім атрадзе. Ён сілуэтам ззаду падобны на Ашурка, па прычосцы, па ўсім. Мне сказалі, што ён сам казаў пра гэта некаторым, што гэта ён. Гэты чалавек знаходзіўся ў 6-м атрадзе», — сказаў адзін з суразмоўцаў.
Цалкам прачытаць даследаванне можна тут.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі двух чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы двух чалавек.
Гэта грамадзянін Уганды Абубакар Сваллех, а таксама 45-гадовы беларус Вячаслаў Малышаў, асуджаны паводле арт. 361 КК (заклікі да прычынення шкоды Беларусі).
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1305 чалавек, з іх 610 — беларусы.
Вядомую мінскую трэнерку па танцах асудзілі за ўдзел у пратэстах
Аляксандры Ашурка 38 гадоў. Яна родам з Крэва (Гродзенская вобласць). Вучылася ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце на факультэце міжнародных адносін. Аляксандра замужам.
Шмат гадоў дзяўчына займаецца танцамі. Яна заснавальніца вялікай студыі Devil Dance studio. У 2016 годзе Ашурка была прызнаная харэографам года па версіі Bizon Awards — гэта адна з самых прэстыжных харэаграфічных прэмій на постсавецкай прасторы. У 2015 і 2017 яе намінавалі на харэографа года. Нумары, якія яна ставіць, рэгулярна выйграюць узнагароды на розных танцавальных чэмпіянатах.
Аляксандра паставіла сотні танцавальных нумароў, ставіла спектаклі і флэшмобы. Таксама яна арганізоўвае танцавальны фестываль Hot Weekend Minsk. Дае майстар-класы ў розных краінах і судзіць чэмпіянаты.
Яе асудзілі ў 2025 годзе па ч. 1 арт. 342 КК — «арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Прысуд, меркавана, «хатняя хімія», піша «Наша Ніва».
На пачатку ліпеня пачнуць судзіць палітзняволенага Мікіту Самарына
Судовы працэс пачнецца 2 ліпеня, хутчэй усяго ў будынку абласнога суда, піша «Гарадзенская Праваабарона». Вядома, што самога Самарына надалей утрымліваюць у ШІЗА.
Нагадаем, пра затрыманне палітвязня стала вядома 27 сакавіка. Як паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў, мужчыну спынілі ў Гродне — дакументаў пры ім не было, таму яму прапанавалі прайсці ў пастарунак. Беларус нібыта аказаў супраціў міліцыянтам і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з іх руку.
Паведамляецца, што мужчына быў у вышуку за тое, што ў жніўні 2020 году нібыта «распыліў у твар праваахоўнікам газавы балончык». За гэта супраць яго распачалі крымінальную справу. Ён з'ехаў з краіны, але потым нелегальна вярнуўся ў Беларусь.