«Я думаў, мяне вязуць расстрэльваць». Расповед грамадзяніна Латвіі, які быў сярод вызваленых 14

За тры гады ён схуднеў на 26 кілаграмаў і цалкам пасівеў — вось як выглядае грамадзянін Латвіі Дзмітрый Міхайлаўс, палітычны зняволены, які вярнуўся ў Рыгу з турмы ў Беларусі. Яго злачынствам былі каментары ў закрытай групе ў Signal. Праз паўтара года пасля гэтых каментарыяў яго арыштавалі. Доўга судзілі і асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі. У суботу ён быў вызвалены разам з 13 іншымі палітычнымі зняволеным. Гутарку з былым вязнем публікуе выданне lsm.lv.

Дзмітрый Міхайлаў у Рызе 22 чэрвеня 2025 года. Фота: Яніс Голдбергс

Дзмітрый Міхайлаў у Рызе 22 чэрвеня 2025 года. Фота: Яніс Голдбергс

Два дні таму ён усё яшчэ быў вязнем у калоніі ў Беларусі. Чатырохгадовы тэрмін пазбаўлення волі, да якога ён быў асуджаны, скончыўся б 19 лістапада — за два дні да 48-годдзя Дзмітрыя. Ён выглядае старэйшым. Ён цалкам сівы. Калі Дзмітрыя павезлі ў Латвію з пакетам на галаве і ў кайданках, ён падумаў, што яго вязуць расстрэльваць.

Але першы пераход скончыўся ў Мінску.

«Нас было 14 чалавек, бо Сяргея Ціханоўскага трымалі асобна. Дзвюх жанчын аддзялілі. А адзін японец... — як ён туды трапіў?»

У лесе каля мяжы іх чакала машына. 

«Амерыканец сказаў — вы ў бяспецы... Гэта быў эмацыйны момант для ўсіх нас...»

— расказваў, плачучы, пра нядаўнія падзеі вызвалены мужчына.

Да суда Дзмітрый валодаў некалькімі крамамі ў Мінску, паспяхова займаўся бізнесам. 

«У мяне былі ружовыя акуляры. Мінск — выдатны горад. Усё было добра. Тая карціна была добрая. Я бачыў там патэнцыял. Горад з двума мільёнамі насельніцтва... КДБ не меў да мяне пытанняў. Пакуль не з'явіліся мае каментары».

Падчас пандэміі Covid каля 130 прадпрымальнікаў стварылі закрытую групу ў Signal, каб змагацца за зніжэнне арэнднай платы. У той жа час у Мінску пачаліся пратэсты, відэа з якіх было апублікавана ў інтэрнэце. «І я пачаў каментаваць гэта», — сказаў Дзмітрый, адзначыўшы, што не пісаў ніякіх пастоў, пакуль знаходзіўся ў Беларусі. 

«Усе грамадзяне Латвіі, якія думаюць, што могуць туды паехаць — добра, едзьце. Але ведаеце, калі выпадкова нешта здарыцца... калі ў вас будзе перапіска па тэлефоне з сваяком у Латвіі наконт вышэйшай улады, нават проста сказ пра тое, што яны не павінны адмяняць санкцыі... — шэсць гадоў турмы».

У турме ён найбольш сумаваў па ўласнай сям'і — сыну і дачцэ. Калі яго арыштавалі, сыну было 18 гадоў, дачцэ — дзевяць. І ён сумаваў па латышскай ежы. «Адзіная краіна, дзе вырабляюць добры цэльназерневы хлеб, — гэта Латвія. Я сумую па цукерках «Laima», «Serenade», сырах «Kārums». Там я схуднеў на 26 кілаграмаў і пастарэў на 10 гадоў, але ў пятніцу, калі мяне забралі з гэтым мяшком на галаве, я страціў яшчэ пяць гадоў», — сказаў ён.

Цяпер Дзмітрыю трэба шукаць працу, бо кампаніі больш не існуюць. Але спачатку ён збіраецца наведаць бацьку.