Ян Матэйка: напісаў гісторыю Радзімы пэндзлем, расквітаўся з суседзямі-крыўдзіцелямі
185 год таму, 24 чэрвеня 1839 году ў Кракаве нарадзіўся мастак, якому было наканавана адлюстраваць фарбамі на палатне ўсё самае значнае і важнае што было ў гісторыі Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. Цяжка ўявіць гістарычныя тэксты, якія б не суправаджаліся творамі пэндзля Яна Матэйкі.
Ян Матэйка лічыцца адным з найбольш шанаваных жывапісцаў у гісторыі польскага мастацтва. Але яго творчасць закранала ўсе народы, якія ўваходзілі ў дзяржаву, пазбаўленую палітычнага суверэнітэту ў выніку падзелаў 1772–1795 гадоў. Паказваючы былую веліч Рэчы Паспалітай і славу яе зброі, Матэйка хацеў паўплываць на сэрцы і розум яе народаў, уваскрэсіць веру ў адраджэнне незалежнай бацькаўшчыны. Ён першы даў высокую адзнаку гістарычнаму жывапісу, сюжэтамі польскай і літоўскай гісторыі захапіў вялікую публіку. І як вынік — атрымаў найвышэйшыя ўзнагароды на выставах у Парыжы, Вене і Берліне. Атрымаў прызнанне.
Уплыў брата, дух Кракава, натхненне ад гісторыка: пачаткі творчасці Матэйкі
Бацькі Матэйкі не былі карэннымі жыхарам даўняй Рэчы Паспалітай. Бацька мастака быў чэшскім эмігрантам, маці паходзіла з паланізаванай нямецкай сям’і. Але ў кракаўскім доме Матэйкаў жыла патрыятычная атмасфера, панавалі незалежніцкія ідэалы — два браты Яна ваявалі падчас Вясны народаў у Венгрыі. Значны ўплыў на зацікаўленасць будучага жывапісца Яна да гісторыі аказаў яго старэйшы брат Францішак Матэйка, які быў дацэнтам гісторыі і супрацоўнікам Ягелонскай бібліятэкі.
Важная была тут і атмасфера роднага Кракава 1850-х — яго помнікі сярэднявечча, нацыянальная святыня на Вавелі з каралеўскім замкам і магіламі уладароў у катэдры, а таксама адносна вялікая (у параўнанні з іншымі «падзеленымі» землямі) свабода у культываванні нацыянальных традыцый.
У 1852 годзе Матэйка пачаў вучыцца ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве, і ўжо тады меў выразна акрэслены кірунак інтарэсаў. Ён паглыбляў свае гістарычныя веды, вывучаў творы старых летапісцаў і захапляўся чарцёжнікамі-дакументалістамі. На іх манер ён у эскізах алоўкам узнаўляў вобразы польскіх каралёў і літоўскіх князёў, помнікі архітэктуры, скульптуры і ўзоры мастацкага майстэрства Кракава. Тады ж ён засвоіў строгую дысцыпліну малюнка, дбайную, дакладную распрацоўку жывапіснай паверхні і сур’ёзнае стаўленне да мастацтва, якое разумелася як пакліканне і своеасаблівая нацыянальная місія. Цягам некалькіх гадоў Матэйка ўдасканальваўся ў жывапісу ў еўрапейскіх мастацкіх школах, вучыўся ў розных тагачасных майстроў справы.
Ідэйна-мастацкая пазіцыя Матэйкі выспела на пачатку 1860-х гадоў у багемным асяроддзі Кракава, дзе збіраліся маладыя мастакі, пісьменнікі і гісторыкі, якія сустракаліся ў скульптурнай майстэрні Парыса Філіпі. Да гэтага перыяду адносіцца сяброўства Матэйкі з Юзэфам Шуйскім, пазнейшым заснавальнікам кракаўскай гістарычнай школы, які канцэптуальна натхніў Матэйку.
Першыя гістарычныя рыскі пэндзлем
Знаўцы мастацтва першыя гістарычныя карціны Матэйкі ацэньваюць як анекдатычныя па сваёй апісальнасці, пэўным схематызме ў размяшчэнні кампазіцыі і групоўцы фігур са статычнымі, умоўнымі позамі і жэстамі. Але з цягам часу ў юнацкіх творах мастака з’явілася імкненне да індывідуалізацыі герояў і фіксацыі непадабенства іх душэўных рэакцый, да паглыблення драматургіі адлюстраваных сцэн.
Напрыклад, у ранняй карціне «Атручванне каралевы Боны» (1859 год) ужо выявілася цяга Матэйкі да гісторыі, яго прага да дакладнага ўзнаўлення старадаўніх строяў, элементаў інтэр'еру, разнастайнага абсталявання і аксесуараў.
Завершаны ў 1862 годзе твор «Станьчык» — пераломны твор у развіцці яго творчасці, своеасаблівае мастацкае крэда 24-х гадовага жывапісца. Самотная постаць у пакутлівых роздумах над палітычнымі наступствамі страты Вялікім Княствам Літоўскім памежнай крэпасці Смаленска ў вайне з Масквой у 1514 годзе… Гэта — княжацкі блазен, які ў інтэрпрэтацыі Матэйкі становіцца сімвалам празорлівасці і палітычнай мудрасці, увасабленнем грамадзянскага сумлення і спрадвечнага клопату пра лёс краіны.
Тут упершыню выяўляецца гістарычная і філасофская думка мастака, якая вынікае з глыбокага разумення пераемнасці гістарычных з’яў, іх узаемасувязі. Матэйка бачыў прычыны падзення Рэчы Паспалітай ў канцы XVIII стагоддзя ў палітычна нявыкарыстаных раней ваенных перамогах і памылках творцаў дзяржаўнай палітыкі.
Рэйтан і Скарга прыносяць мастаку славу
Яшчэ да трыццаці гадоў кракаўскі мастак Матэйка набыў сусветную вядомасць і прызнанне, а французскія крытыкі залічылі яго ў лік самых выдатных мастакоў гістарычнага жывапісу Еўропы.
Першага поспеху ён дасягнуў у 1865 годзе, атрымаўшы залаты медаль на штогадовым Парыжскім салоне за манументальны твор «Казанне Скаргі». Праз два гады зноў на выставе ў Парыжы ён быў узнагароджаны залатым медалём I ступені за карціну «Рэйтан на Варшаўскім сейме 1773 году», якую набыў аўстрыйскі імператар Франц Іосіф. У тым жа 1867 годзе мастак быў узнагароджаны Кавалерскім крыжам ордэна Франца Іосіфа.
Мастацкі светапогляд вызначыла паўстанне
Працэс хуткага выспявання ідэйна-мастацкага настрою Матэйкі адбываўся ў гады, што папярэднічалі выбуху Студзеньскага паўстання 1863-га. Патрыятычныя дэманстрацыі ў Варшаве, адраджэнне надзей і незалежніцкіх памкненняў аказалі моцны ўплыў на ўяўленне маладога мастака. На хвалі бурлівых падзей ён радыкальна мяняе танальнасць свайго жывапісу. У эпоху паўсюднага сумневу і духоўнага заняпаду грамадства пасля разгрому паўстання 1863-га ён бярэцца за пэндзаль, каб даць спадзеў і веру на лепшае.
Ад гэтага часу праз адлюстраванне бляску былой Рэчы Паспалітай і славы яе зброі ён хацеў падтрымліваць веру ў слушнасць незалежніцкіх памкненняў, умацоўваць сэрцы і розум народаў «забранага краю». Гэтым ідэям мастак заставаўся верным да канца жыцця. Матэйка стварыў манументальныя палотны, на якіх паказваў палітычныя і ваенныя поспехі даўняй Рэчы Паспалітай. Гістарычная тэматыка карцін часта станавілася падставай для перадачы разважанняў мастака аб сучасных палітычных падзеях.
Расквітаўся на палатне з усімі, хто падзяліў Рэч Паспалітую
Паказ трыумфу былой Рэчы Паспалітай над яе цяперашнімі захопнікамі прадстаўлены ў манументальных палотнах мастака.
Напісаная ў 1869 годзе «Люблінская унія» ілюструе значны гістарычны факт 1569 году — аб'яднанне Польшчы і Літвы ў адзін дзяржаўны арганізм. Гэтай карцінай Матэйка хацеў нагадаць аб былым суверэнітэце Літвы, якая як раўнапраўны партнёр далучылася да акта уніі з Польшчай. Гэта быў адказ мастака на хвалю жорсткіх рэпрэсій, якая абрынулася на мясцовае насельніцтва пасля падаўлення паўстання 1863-га, і яго пратэст супраць прызнання Літвы карэннай і спрадвечнай расійскай зямлёй.
А далей быў Грунвальд! Напісаная ў 1872–1878 гадах карціна «Грунвальдская бітва» адлюстроўвае адну з найвялікшых перамог літоўскага і польскага войска над нямецкім. Гэта быў поўны разгром ваеннай моцы Тэўтонскага ордэна ў 1410 годзе. Карціна была створаная ў перыяд узмацнення гегемоніі Прусіі ў Еўропе, пасля перамогі ў вайне з Францыяй у 1870 годзе. І гэта быў таксама адказ мастака на ўзмацненне германізацыі палякаў у межах прускага падзелу.
Малюючы Сабескага пад Венай (1883 год) і падаючы яго Папе Рымскаму, Матэйка хацеў нагадаць Еўропе пра народ, які дзвесце гадоў таму бараніў Аўстрыю і ўсю хрысціянскую грамаду перад пагрозлівай турэцкай навалай і які пасля страціў сваю дзяржаўнасць, сярод іншага, у выніку захопніцкай палітыкі Габсбургаў.
Падобны ідэйны сэнс адлюстраваны на карцінах «Баторый пад Псковам» і «Пруская даніна». У першым творы мастак звярнуўся да пераможнай кампаніі часоў Лівонскай вайны, дзе паказаў прадстаўнікоў маскоўскай місіі на каленях перад каралём Стэфанам Баторыем, які ў гэтым вобразе з’яўляецца ўвасабленнем моцы і велічы Рэчы Паспалітай.
Другая кампазіцыя адлюстроўвае сцэну феадальнага ўшанавання Жыгімонта I Старога ў 1525 годзе Альбрэхтам Гогенцолернам, першым кіраўніком зямель былога Тэўтонскага ордэна, ператворанага ў свецкае герцагства Прускае.
Пруская даніна
У апошні перыяд творчасці Матэйка зноў імкнецца звесці рахункі з мінулым. Ён піша сюжэты, звязаныя з Касцюшкам і Канстытуцыяй 3 мая. Перад сваім сконам мастак робіць сімвалічны пасыл пра няспраўджаныя надзеі, пра ўпушчаныя магчымасці для маральнага адраджэння нацыі і абароны краіны ад разгрому падзелаў.
Імкнуўся паказаць адчувальнага чалавека: унікальны стыль мастака
Аднак, толькі малюючы творы з актуальным палітычным зместам, не становяцца вялікімі творцамі. У Яна Матэйкі быў свой адметны мастацкі стыль, яго індывідуальная жывапісная манера ўзнікла прыкладна ў сярэдзіне 1860-х гадоў.
Ад сотняў гістарычных палотнаў сваёй эпохі карціны Матэйкі найперш адрознівалі адносіны да мінулых эпох, у якіх ён шукаў не толькі маляўнічы, сенсацыйны ці сентыментальны змест. Ён разумеў гісторыю як бесперапынны і дынамічны па сваёй сутнасці працэс. Адной з асноўных задач мастака ён лічыў дасканалае вывучэнне гістарычнай з’явы. Мастак даваў магчымасць надзейна ацаніць гісторыю, зрабіць маральны выбар і ахарактарызаваць удзельнікаў даўніх падзей.
Амаль усе біёграфы Матэйкі адзначаюць адну галоўную рысу як самую важную індывідуальную асаблівасць яго творчасці. У сваіх жывапісных візіях мінулага ён перш за ўсё імкнуўся вылучыць з цемры гісторыі жывога, глыбока адчувальнага чалавека, часта паказваючы яго ў цэнтры супярэчлівых палітычных інтарэсаў або маральных матываў. Матэйку адрознівала схільнасць мастака да кампазіцыі шматлюдных, шматфігурных сцэн, часта панарамна разгорнутых, як маляўнічае тэатральнае відовішча.
Духоўны лідар нацыі: узнагароды, пасады, ушанаванне…
Ад 1865 году Матэйка неаднаразова бываў у Парыжы і Вене, падарожнічаў у Прагу і Будапешт, вандраваў па Італіі: Венецыя, Рым, Фларэнцыя... У 1872 годзе ён правёў некалькі месяцаў у Стамбуле, дзе стварыў адзіныя ў сваёй мастацкай творчасці ўсходне-пейзажныя творы.
У 1873 годзе ён атрымаў афіцыйную прапанову стаць дырэктарам Акадэміі прыгожых мастацтваў у Празе. Адмова Матэйкі стала штуршком прапанаваць яму аналагічную пасаду ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве. Гэтую пасаду ён займаў з 1873 года да канца жыцця.
Акрамя выкладчыцкай дзейнасці, Матэйка рэгулярна ўдзельнічаў у выставах, арганізаваных Таварыствам сяброў прыгожых мастацтваў у Кракаве і Львове, а таксама ў Кракаўскім навуковым таварыстве і Таварыстве заахвочвання прыгожых мастацтваў у Варшаве. Ён неаднаразова прадстаўляў свае карціны на міжнародных выставах у найважнейшых мастацкіх цэнтрах Еўропы XIX стагоддзя: Парыжы, Вене, Берліне, Будапешце, Лондане і Пецярбургу.
Сярод шматлікіх узнагарод мастака самай прэстыжнай з’яўляецца ганаровы залаты медаль на Усеагульнай выставе ў Парыжы ў 1878 годзе. Пасля дэманстрацыі «Люблінскай уніі» у 1870 годзе для парыжскай публікі ён быў узнагароджаны Рыцарскім крыжам ордэна Ганаровага легіёна.
У 1887 годзе за веды гісторыі Матэйка атрымаў ступень ганаровага доктара Ягелонскага ўніверсітэта. У 1883 годзе, паднёсшы папе Льву XIII карціну «Сабескі пад Венай» у дар ад народаў Рэчы Паспалітай, ён быў узнагароджаны Камандорскім крыжам ордэна Пія IX.
Становішча Матэйкі як аднаго з самых выдатных жывапісцаў тагачаснай Еўропы пацвярджаецца таксама членствам у шматлікіх прэстыжных мастацкіх і акадэмічных установах.
Прызнанне суайчыннікаў яго патрыятычнага стаўлення і заслуг у справе прапаганды нацыянальнага мастацтва ў Еўропе адбылося ў 1878 годзе. Прэзідэнт Кракава Мікалай Зыблікевіч уручыў мастаку скіпетр — сімвал яго духоўнай улады над народам ў эпоху міжкаралеўя.
Матэйку таксама было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна горада Львова (1869) і Кракава (1882).
***Ян Матэйка пакінуў велізарную мастацкую спадчыну, у тым ліку больш за трыста твораў алеем — партрэты, гістарычныя, рэлігійныя і алегарычныя карціны, а таксама некалькі сотняў малюнкаў і эцюдаў. Ён пайшоў з жыцця як выдатны патрыёт, выдатны мастак, выдатны асветнік і абаронца мінулага. Яго жывапіс нельга разглядаць у чыста мастацкім плане, у адрыве ад той функцыі, якую ён выконваў і выконвае ў сацыяльным успрыманні. Створаны ім сінтэз нацыянальнай гісторыі навечна ўвайшоў у канон гістарычных ведаў і патрыятычнага выхавання наступных пакаленняў грамадзян даўняй Рэчы Паспалітай.