Бона Сфорца: уплывовая жанчына, якой не было роўных
18 красавіка 1518 года адбылася каранацыя Боны Сфорца. Амбіцыйная інтрыганка, якая ўмешваецца ва ўсё — пра яе гаварылі рознае, хоць звычайна і не вельмі прыязнае. Сёння гэтая постаць амаль легенда, якой захапляюцца, якую крытыкуюць, але, безумоўна, гэтай жанчыне нельга адмовіць у спрытнасці, інтэлекце і незвычайнай сіле характару.
Гаротнае дзяцінства гартавала каралеву
Жыццё маленькай Боны было нялёгкім. Дачка Ізабелы Арагонскай з дынастыі Трастамара і Джана Гелаца Сфорцы хоць і была багатай, але яе дзяцінства праходзіла ў страху і ў пастаянных уцёках ад ворагаў.Бацька, які меў права на Міланскае герцагства, быў адхілены ад улады дзядзькам Людовікам Іль Мора, які кіраваў ад яго імя. Калі Джан Гелаца памёр у 1494 годзе, Бона была немаўлём.
Іль Мора не меў намеру адмаўляцца ад улады. Што праўда, ён угаварыў Ізабелу схавацца пад яго крылом, але аказалася, што гэта было больш падобна да турмы, чым да месца, дзе яна магла адчуваць сябе ў бяспецы. Таму ёй прыйшлося забраць дзяцей і правесці шмат часу ў блуканнях на абшары ад Неапаля да Рыма.
Бадзянні ўрэшце скончыліся ў Бары, дзе, дзякуючы няўдачам Людовіка падчас вайны з Францыяй, яна ўзяла на сябе непадзельную ўладу.
Для Ізабелы, аднак, гэтага было недастаткова — яна хацела вярнуць сабе палітычную значнасць, і лепшы спосаб дасягнуць гэтага — саставіць добрыя партыі для сваіх дзяцей. На жаль, старэйшы сын Франчэска памёр у 1512 годзе, як і некалькі гадамі раней дзве дачкі: Б’янка і Іпаліта. У Ізабелы засталася маленькая Бона, якой трэба было знайсці лепшага мужа.
Муж аказаўся здалёк і …старым!
Жыгімонт Стары і Бона Сфорца
Задача знайсці лепшую партыю для сваёй дачкі, якую паставіла перад сабой Ізабела, была нялёгкай. Яе становішча было яшчэ нявызначаным, таму не ўсе хацелі звязвацца з яе дачкой. Аднак у рэшце рэшт яе намаганні не сталі марнымі і пры пасрэдніцтве імператара Максіміліяна I Бона была заручана з удаўцом, каралём Польшчы і вялікім князем Літвы Жыгімонтам І.
Праблемай для 24-гадовай Боны было, напэўна, тое, што Жыгімонт быў стары. Калі 15 красавіка 1518 года адбылося іх вяселле ў Кракаве, Жыгімонту споўніўся ўжо 51 год. Розніца ва ўзросце была істотная, і нікога не здзівіла, што Бона не была надта задаволена такім паваротам падзей.
Горычы дадавала яшчэ і тое, што ў сілу ўзросту і жыццёвага вопыту Жыгімонт цаніў утульнасць і спакой, пазбягаў шалапуцтва. У Боны ж было шмат энергіі, якую яна хацела выкарыстаць па-рознаму. Калі яна была прынцэсай, яна не любіла сумаваць і знаходзіла сабе розныя заняткі. Акрамя вучобы, яна шмат часу надавала забавам — любіла танцы, спевы і музыку, захаплялася верхавой яздой і паляваннем, любоў да якога, напэўна, пераняла ад маці.
Паляванне таксама стала і яе праклёнам, бо ў 1527 годзе яно прывяло да трагедыі, якая паўплывала на жыццё ўсёй яе сям’і. Каралеве было на той момант 33 гады, яна трывала сядзела ў сядле, вырашыўшы прыняць удзел у пагоні за мядзведзем, нягледзячы на тое, што была цяжарная. На жаль, спалоханая жывёла напала, і Бона ўпала з каня, што прывяло да заўчасных родаў. У каралеўскай пары нарадзіўся другі сын, якога назвалі Альбрэхтам, але хлопчык памёр у той жа дзень. Каралеве больш ніколі не давялося стаць маці.
Аднак асабістыя трагедыі не змянілі падыходу Боны да жыцця. З моманту ўзыходжання на трон яна не толькі ўцягвалася ў жыццё двара, але і ззяла ў свеце палітыкі. Каб аказаць уплыў на лёс краіны, яна павінна была аказаць яго перш за ўсё на караля, што, напэўна, было няцяжка з-за яе прыгажосці і асабістага абаяння. У гэтых адносінах менавіта Бона мела апошняе слова і магла прымусіць мужа прыняць практычна любое рашэнне — ці то добрым тонам, ці то крыкам, ці то плачам… Перад такімі метадамі стары Жыгімонт рабіўся бездапаможным. Гэтай зброяй Бона карысталася яшчэ не раз у жыцці. Але нельга адмаўляць, што яна была добрай жонкай, бо клапацілася пра старэйшага за яе мужа і даглядала яго ў хваробе.
Палітык ці «італьянская гадзюка»?
Неўзабаве пасля каранацыі Бона пачала дзейнічаць. Цяпер яна была каралевай, у яе было столькі магчымасцей! Яна не збіралася быць проста матронай, якая сядзіць у куце, вяжа і нараджае дзяцей — ёй, нашчадку каралёў, было наканавана зусім іншае жыццё.
Бона ж не была дурніцай — пра гэта клапацілася яе маці. Ізабела была славалюбівай і гэтаму ж вучыла сваю дачку, якая атрымала грунтоўную адукацыю. Каралева валодала многімі мовамі, разбіралася ў палітыцы, ведала гісторыю, матэматыку, геаграфію і тэалогію. Яна таксама была начытанай, ведала творы Вергілія і Цыцэрона і ўмела карыстацца ведамі. Адным словам, яна была раўнапраўнай суразмоўніцай для кожнага мужчыны, які, аднак, з прычыны яе полу, глядзеў на яе як мінімум недаверліва.
Бона, якая сваім умяшаннем у палітыку дакладна не адпавядала свайму часу, у тагачаснай Літве і Польшчы не мела добрага стаўлення да сябе. Нават калі гэта яе турбавала, яна никому не паказвала. Яна ж вырасла ў Італіі эпохі Адраджэння і брала за ўзор для пераймання актыўную і смелую маці.
Людзі, якія называлі яе мноствам непахвальных слоў, маглі думаць, што прымусяць маладую каралеву замаўчаць, але яны памыляліся, бо яна не была ні шэрай мышкай, ні даверлівай дзяўчынай. Яна хутка пачала збіраць вакол сябе людзей уплыву. Дзякуючы аднаму з самых эфектыўных спосабаў прывязаць да сябе — надзяленню пасадамі — у яе гэта атрымалася вельмі эфектыўна. Неўзабаве яе акружылі давераныя людзі, на якіх яна магла спадзявацца.
Жонка Жыгімонта Старога мацнела з кожным днём, паступова ствараючы сабе новых ворагаў. Трэба, аднак, адзначыць, што ў сваіх дзеяннях каралева Бона думала не толькі пра сябе, але і пра дабро сваёй новай радзімы — яна марыла аб умацаванні пазіцый дынастыі і здабывала новыя сродкі, якія ўмацоўвалі каралеўскую казну.
Каралева-маці
Бона Сфорца не была ідэальнай маці — прынамсі, для сваіх дачок. Нягледзячы на тое, што яна клапацілася аб іх адукацыі, яна не сачыла за тым, каб ім было добра ў замужжы. Гэта адбілася на будучыні маладых прынцэс. Сафія, Ганна і Кацярына жылі цалкам у цені сваёй вялікай маці, і толькі Ізабела, як каралева Венгрыі, мела нейкае палітычнае значэнне.
Сэнсам жыцця Боны быў яе адзіны сын, спадчыннік польскага і літоўскага трона Жыгімонт Аўгуст, якому пасля страты маленькага Альбрэхта яна прысвячала яшчэ больш часу. Нельга адмаўляць, што каралева ўскладала на яго вялікія надзеі і, безумоўна, мела вялікі ўплыў на яго адукацыю, асабліва палітычную.
Менавіта Бона спрычынілася да таго, што ў 1530 годзе тады ўсяго дзесяцігадовы Жыгімонт, яшчэ пры жыцці бацькі, быў каранаваны каралём. Безумоўна, Жыгімонт Стары мусіў пагадзіцца на гэта, магчыма, нават з аптымізмам, але зрабіў гэта пад відавочным ціскам жонкі, якая ўскладала ўсе свае надзеі на Жыгімонта Аўгуста.
Наперакор частцы шляхты, каб пасля смерці мужа Бона магла спакойна ўтрымліваць свае пазіцыі, яна павінна была быць упэўнена, што яе сын будзе бясспрэчным уладаром у будучыні. Варта адзначыць, што гэта была адзіная каранацыя vivente rege (пры жыцці цяперашняга кіраўніка) у гісторыі Польшчы і Літвы. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста гэты спосаб каранацыі быў забаронены Генрыкавымі артыкуламі.
Хаця Бона, безумоўна, магла ганарыцца Жыгімонтам, урэшце яна ўступіла ў канфлікт з ім. Спачатку яна не пагадзілася з яго рашэннем ажаніцца з Альжбетай Габсбург, таму што не мела цёплых пачуццяў да яе сям’і і спрабавала ажаніць сына з французскай прынцэсай.
У далейшым яе трывожылі адносіны Жыгімонта з Барбарай Радзівіл, з якой ён ажаніўся неўзабаве пасля смерці Альжбеты. Бона не хавала сваёй непрыязнасці да Барбары, а калі яна захварэла на рак і памерла, пайшлі чуткі, што гэта маці караля вырашыла атруціць яе.
Магчыма, Жыгімонта не абмінулі гэтыя чуткі, бо адносіны з маці ўвесь час псаваліся. З гэтай прычыны каралева Бона вырашыла (ці была вымушана) пакінуць Рэч Паспалітую. Яна адправілася ў Бар, адкуль у яе, несумненна, засталіся выдатныя ўспаміны і яна магла зноў адчуць сябе дома. Але каб адчуваць сябе яшчэ лепш, яна ўзяла з сабой шмат рэчаў. Казалі, што яна вывезла з сабой усё, што магла, але гэта няпраўда. У падарожжа ў Італію з ёю адправілася маёмасць, якая перайшла ў валоданне Боны ў дзень яе вяселля з Жыгімонтам Старым.
Вялікая спадчына каралевы Боны: дзякуй за відэлец!
Бона пакідала Рэч Паспалітую… Але ж тут па сабе яна пакінула аграмадную спадчыну.
Увесь час знаходжання на троне каралева імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення. Закладзеныя ў яе шматлікіх маёнтках прынцыпы вядзення гаспадаркі — узмоцненага, але ўнармаванага падаткаабкладання — пазней былі распаўсюджаны на ўсе дзяржаўныя маёнткі. А яе рэформа, гэтак званая Валочная памера (1557 год), да канца XVI стагоддзя была прынята большасцю землеўладальнікаў.
Ад самага прыезду ў 1518 годзе Бона мела шматлікае атачэнне з італьянцаў, адмыслоўцаў розных галін, у тым ліку кухараў, якія аказалі значны ўплыў на пашырэнне модных заходнееўрапейскіх культурных і тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцей эпохі Рэнесансу, у тым ліку на ўдасканаленне меню.
З дзейнасцю Боны Сфорца звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны — апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фіг; прыпраў — шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліў, каштанаў, разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу…
Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльца.
Супярэчлівае жыццё — супярэчлівы канец
Канец каралевы Боны быў такім жа супярэчлівым, як і ўсё яе жыццё. Яе імкненне да ўлады і багацця нарадзіла ёй ворагаў, у гэтым няма ніякіх сумневаў. Відавочца яе смерці Цэзары Фарына сцвярджаў, што Бона была атручана двойчы, відаць, па загадзе аднаго з яе давераных прыдворных.
За атручваннем стаяў кароль Іспаніі Філіп ІІ Габсбург, якому Бона выдала вялікую пазыку, якую той вяртаць і не збіраўся. Вырашана было ліквідаваць былую каралеву і скласці завяшчанне, паводле якога Філіп стаўся б яе спадчыннікам.
Затое Жыгімонт Аўгуст, якому Бона іншым тастаментам завяшчала ўсю сваю маёмасць, спрабаваў вярнуць тое, што завяшчала яму маці. На яго бяду, сапраўднасць гэтага дакумента так і не была прызнана, і ўся маёмасць нябожчыцы каралевы, якая ўвайшла ў гісторыю як неапалітанскія сумы, перайшла да Габсбургаў.
Бона Сфорца атрымала належны каралеве надмагільны помнік толькі пасля каранацыі сваёй дачкі Ганны Ягелонкі, якая паклапацілася аб годным пахаванні сваёй маці. Раней каралеве не далі належнага месца спачыну — драўляная труна з яе трупам была пастаўлена ў сакрыстыі касцёла св. Мікалая ў Бары, дзе яна была прадстаўлена наведвальнікам як мясцовая цікавостка.