Гісторыя Жыгімонта І. Чаму ён «Стары»?

Жыгімонт Стары імкнуўся да ўмацавання дзяржаўнай улады. Ён праводзіў смелыя рэформы, якія выклікалі незадаволенасць знаці і тая рэгулярна паўставала супраць яго. 1 красавіка — дзень памяці вялікага князя літоўскага і караля польскага.

Мініятура Жыгімонта Старога, 1565 год. Фота з Вікіпедыі

Мініятура Жыгімонта Старога, 1565 год. Фота з Вікіпедыі

У дзень памяці вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога, які пайшоў з жыцця 1 красавіка 1548 года, "Будзьма!" прыгадвае цікавосткі з біяграфіі аднаго з самых яскравых прадстаўнікоў дынастыі Ягелонаў.

Жыгімонт нарадзіўся ў студзені 1467 года ў Кракаве і быў пятым дзіцёнкам у сям’і Казіміра Ягайлавіча і Лізаветы Габсбург. Перспектывы стаць магутным уладаром на нашых землях былі ва ўнука Ягайлы даволі цмянымі, пакуль не памёр ягоны старэйшы брат Аляксандр. Той яшчэ перад смерцю вырашыў, што справы перадаваць трэба менавіта Жыгімонту.

Тады ў кастрычніку 1506 года Жыгімонта спачатку абралі вялікім князем літоўскім, а ўжо на пачатку снежня ён стаў і каралём польскім. Пры гэтым трэба адзначыць, што яго абранню вельмі супраціўляліся малапольскія сенатары. Такое непаразуменне здаралася і раней, а ў будучым наогул стане завядзёнкай, бо адносіны паміж Літвой і Польшчай былі і будуць далёка не заўсёды прыязнымі.

Істотна забягаючы ў нашай гісторыі наперад, адзначым, што менавіта Жыгімонт Стары ў 1542 годзе выдасць грамату, якая абяцала не разглядаць у польскіх судах справы падданых Вялікага Княства Літоўскага. То-бок ад гэтага часу такія справы павінны былі разглядацца выключна ў самім ВКЛ мясцовымі ваяводамі і старастамі.

Ва ўнутранай палітыцы Жыгімонт Стары імкнуўся да ўмацавання дзяржаўнай улады. Ён праводзіў смелыя рэформы, якія выклікалі незадаволенасць знаці і тая рэгулярна паўставала супраць яго. У 1508 годзе Міхал Глінскі разам з братамі падняў мяцеж супраць Жыгімонта — былы служка Аляксандра, ён вельмі хацеў самастойнасці, што пры новым кіраўніку было немагчыма. Сілы былі няроўныя, таму Глінскі разам са сваякамі вымушаны быў бегчы ў Масковію, якая тады ваявала з Літвой.

Але Жыгімонт лёгка перайграў мяцежнікаў — у хуткім часе ён заключыў мір з Васілём ІІІ, што аўтаматычна зрабіла Глінскіх выгнаннікамі. Літоўскі ўладар пасля некалькі разоў патрабаваў, каб збеглыя былі выданыя яму, але маскоўскі цар адмовіўся гэта рабіць.

 

Міхаіл Глінскі перад баярскай радай. Масква, 1512 год. Мастак Антоні Язерскі, 1888 год. Фота: i.pinimg.com

Міхаіл Глінскі перад баярскай радай. Масква, 1512 год. Мастак Антоні Язерскі, 1888 год. Фота: i.pinimg.com

Цікава, што разам з Міхалам Глінскім бегла ў Маскву і маладая Алена Глінская — дачка яго малодшага брата, які таксама браў актыўны ўдзел у паўстанні супраць Жыгімонта. Сваёй прыгажосцю маладзіца потым літаральна скарыла Васіля III. Той нават развядзецца з сваёй першай жонкай і адправіць яе ў манастыр, а ўжо другі раз пабярэцца шлюбам з Глінскай. Алена ў шлюбе народзіць яму двух сыноў, адзін з якіх стане Іванам IV Жахлівым (Грозным).

 

Васіль ІІІ. Гравюра з «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Герберштэйна. Фота: old.bigenc.ru

Васіль ІІІ. Гравюра з «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Герберштэйна. Фота: old.bigenc.ru

Акурат пры Жыгімонце адбылася пераможная бітва пад Оршай, калі 8 верасня 1514 года вялікі гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі разграміў войска маскавітаў. Праўда, у выніку працяглай вайны з Васілём ІІІ быў страчаны Смаленск, які адышоў да Масковіі.

Ваяваў Жыгімонт таксама і з крыжакамі, хаця там гросмайстрам нямецкага ордэна быў ягоны пляменнік Альбрэхт Брандэнбургскі. Цягам кіравання Жыгімонта Старога ні княства, ні карона не прыраслі новымі землямі, як тое было пры ранейшых уладарах. Пераймаючы досвед старэйшага брата, ён абапіраўся галоўным чынам на наёмнае войскае.

Затое імкліва развіваліся эканоміка і культура. Сам Жыгімонт захапляўся Рэнесансам і значную ўвагу надзяляў мастацтву. Пры ім адбылася перабудова Вавельскага замка ў Кракаве, дзе кароль праводзіў значную частку свайго жыцця. Туды ж ён запрашаў знакамітых мастакоў і скульптараў свайго часу. Наогул Жыгімонт болей часу аддаваў Польшчы, таму фактычным кіраўніком у 1520-я гады на Літве быў Альбрэхт Гаштольд, які быў канцлерам ВКЛ, а таксама палымяным прыхільнікам самастойнасці.

Альбрэхт Гаштольд быў не толькі адным з самых уплывовых людзей у Вялікім Княстве Літоўскім, але таксама і адным з самых адукаваных. Вядома, што ён быў кніжнікам і меў нават уласны кнігазбор, што яскрава сведчыла аб ягоных цікавасцях і фінансавых магчымасцях. Ён нават падараваў малітоўнік са сваёй бібліятэкі Жыгімонту. Па тых часах гэта быў вельмі каштоўны падарунак.

У 1522 годзе Жыгмонт Стары вырашыў, што наспеў час уніфікацыі заканадаўства — княства павінна было займець звод законаў, які б ураўноўваў усіх у правах і абавязках. Так пачалася праца над Першым Статутам ВКЛ, які прадставіць вялікаму князю Альбрэхт Гаштольд у 1529 годзе. Напісаны ён будзе на старабеларускай мове. 

Першы Статут ВКЛ, 1529 год. Фота з Вікіпедыі

Першы Статут ВКЛ, 1529 год. Фота з Вікіпедыі

У тым жа 1522 годзе ў Вільні з’явіцца друкарня. Францыск Скарына пераедзе з Прагі ў сталіцу ВКЛ, каб ужо там наладзіць выдавецкую справу. Вядома, што Жыгімонт Стары выдаў нашаму славутаму першадрукару 2 ахоўныя граматы. Наогул пры ім на землях ВКЛ з вялікай хуткасцю распаўсюджваліся рэфармацыйныя і гуманістычныя ідэі. 

Карціна «Друкарня Францыска Скарыны ў Вільні» Язэпа Драздовіча, 1940 год.

Карціна «Друкарня Францыска Скарыны ў Вільні» Язэпа Драздовіча, 1940 год.

Пэўна, Жыгімонт і сам быў даволі прагрэсіўным уладаром, бо акурат пры ім падвысілася роля жанчыны ў жыцці княства. Выхаваны ў еўрапейскай культуры, Жыгімонт узяў сабе ў жонкі міланскую прынцэсу Бону Сфорцу, якая паходзіла з вядомага італьянскага роду. У 1518 годзе яна стала вялікай літоўскай княгіняй і каралевай польскай і амаль адразу ж узялася за ўвасабленне ўласных задумаў. Праз два гады, у 1520-м, у пары нарадзіўся сын, якому далі велічнае імя колішніх рымскіх імператараў — Аўгуст.

Па ўсім відаць Бона Сфорца была надзвычай разумнай жанчынай, таму ўмела вырашала складаныя палітычныя камбінацыі на сваю карысць. Калі літоўская знаць на чале з Альбрэхтам Гаштольдам увосень 1529 года вырашыла абвесціць пры жывым бацьку малога Жыгімонта вялікім князем літоўскім, яна і не думала супраціўляцца.

Больш за тое, Бона Сфорца і Жыгімонт Стары нават прысутнічалі на цырымоніі. Разлік арыстакратаў быў просты: яны даўно хацелі мець свайго незалежнага ўладара, хай сабе і сімвалічнага, каб падкрэсліць адасобленасць ад Польскай кароны. Але ў хуткім часе ўсё нечакана рэзка перайгралася, бо на пачатку 1530 года малы раптоўна стаў таксама і каралём польскім...

Гэта не магло не выклікаць шок у літоўскай магнатэрыі, бо адбылася даўно вядомая камбінацыя, калі вялікі князь літоўскі праз нейкі час рабіўся таксама і каралём польскім. Адпаведна любыя спадзяванні на самастойнасць у той часткі магнатэрыі і шляхты, што прагнула незалежнасці, рабіліся марнымі. З той пары Жыгімонта І і пачалі зваць Старым. Існуе яшчэ версія, што прыдомак Стары з’явіўся праз узрост, калі Жыгімонт стаў уладаром пасля братавай смерці.

Фактычна, ён кіраваў яшчэ вельмі доўга — уладу сыну ў ВКЛ Жыгімонт Стары перадасць толькі на сойме ў Берасці, які адбудзецца ў 1544 годзе. Але і тут бацька паступіць хітра — пакіне сабе Польскае каралеўства і пераробіць уласны тытул — пачне звацца найвышэйшым літоўскім князем. То-бок ва ўладнай іерархіі будзе ўсё адно больш уплывовым. 

Жыгімонт Аўгуст. Фота: media2.nekropole.info

Жыгімонт Аўгуст. Фота: media2.nekropole.info

Жыгімонт Аўгуст стане сапраўдным уладаром толькі пасля смерці бацькі. Ён будзе апошнім у гісторыі гаспадаром умоўна незалежнага Вялікага Княства Літоўскага і першым уладаром федэратыўнай Рэчы Паспалітай. На ім дынастыя, якую запачаткаваў Ягайла, згасне...