105 гадоў таму беларуская мова была абвешчана адзінай дзяржаўнай у БНР
Гісторык Яўген Дудкін пра абвяшчэнне дзяржаўнасці беларускай мовы ў БНР.
30 сакавіка 1918 года сучасная беларуская мова ўпершыню стала адзінай дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў у той дзень Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра тое, чаму так адбылося і аб чым гэта сведчыла, радыё «Унэт» распавёў гісторык, кіраўнік варшаўскай суполкі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін.
— Чаму менавіта адна дзяржаўная мова? Гэта была тэндэнцыя, якая прасочваецца цягам усяго міжваеннага часу, тэндэнцыя на стварэнне монаэтнічных дзяржаў, нават не зважаючы на тое, што там заставаліся тэрыторыі, дзе пражывалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцей.
— Прадстаўнікам іншых нацыянальнасцей, якія размаўлялі не на беларускай мове, дазвалялася звяртацца ў дзяржаўныя органы на сваіх мовах, не абавязкова на беларускай. Гэты чыннік пра што сведчыць?
— На мой погляд, гэта такая спроба заспакоіць хваляванні прадстаўнікоў нацменшасцей. Польшча ў той момант фактычна адраджалася. Была спроба немцаў стварыць польскую дзяржаву пад сваім скіпетрам. Пытанне толькі было ўсходніх тэрыторый — ці могуць яны ўвайсці ў гэту дзяржаву.
Зноў жа, калі польская нацыянальная меншасць звярнулася па справе аб уваходзе ў Раду БНР (там яны дзесяць месцаў прасілі), то паўстае пытанне: польскі бок бачыў сябе часткай вольнай, незалежнай Беларусі?
Мы можам сказаць, што гэта быў такі крок, каб заспакоіць адну з частак грамадзян БНР адносна іх нацыянальных інтарэсаў.
А нацыянальныя інтарэсы Беларускай Народнай Рэспублікі былі ў тым, каб кожны грамадзянін, не зважаючы на сваю нацыянальнасць, быў забяспечаны ў нацыянальным развіцці сваім, чуў сябе вольным і быў тым, на каго дзяржава магла б абаперціся ў абароне сваіх меж. Я думаю, што гэта добры крок быў.
— Як удалося ўвасобіць у жыццё ўсе гэтыя памкненні?
— Калі мы паглядзім на дакументацыю ў архівах БНР, то тут ёсць дакументы і на польскай мове. Ёсць тэксты на рускай мове па правілах яшчэ дарэформеных. Нават у сітуацыі 1919-1920 гадоў, да Рыжскай мірнай дамовы, на занятых палякамі тэрыторыях Беларусі на аднаго настаўніка, які вучыў у беларускай школе, на настаўніка беларускага прыходзілася менш дзяцей, чым на польскага. То-бок людзі хацелі вучыцца на сваёй мове, і трэба было бараніць гэтае права.