ЕГУ анансаваў Дзень адчыненых дзвярэй для абітурыентаў. Але чамусьці толькі па-руску

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт анансаваў Дзень адчыненых дзвярэй для жадаючых навучацца ва ўстанове. Ён пройдзе 6 красавіка. Карыстальнікі сацсетак звярнулі ўвагу на тое, што анонсы пра гэта змешчаныя на пляцоўках ЕГУ толькі на рускай мове. Няўжо і тут русіфікацыя?

Выява ЕГУ

Выява ЕГУ

Варта адзначыць, што сайт ЕГУ вядзецца на чатырох мовах — беларускай, рускай, літоўскай і англійскай. Аднак згадка пра Дзень адчыненых дзвярэй ва ўніверсітэце ёсць толькі на рускамоўнай версіі сайта.

Таксама па-руску ўніверсітэт заахвочвае абітурыентаў і ў сацсетках (якія ў цэлым вядуцца на розных мовах, уключаючы беларускую). Дзень адчыненых дзвярэй гэтым разам вырашылі назваць «ЕГУ на бегу».

«ЕГУ запрашае на доўгачаканую падзею вясны — Дзень адчыненых дзвярэй, які пройдзе 6 красавіка анлайн. Студэнткі і студэнты ў прамым эфіры прадставяць навучальныя праграмы і раскажуць пра жыццё ў ЕГУ, — гаворыцца ў паведамленні ў фэйсбуку. —

7 праграм, 7 каманд, па 5 хвілін на прэзентацыю і толькі 3 прызавых месцы. А лепшых вызначыць аўдыторыя ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай сэрвісу Mentimeter.

У праграме: карысная інфармацыя пра паступленне ва ўніверсітэт; відэаролікі, створаныя самімі студэнтамі і студэнткамі; студэнцкі гумар, імправізацыі і крэатыў; займальны сторытэлінг, стэндап, паэтычная мініяцюра і многае іншае».

Усіх зацікаўленых у ЕГУ чакаюць 6 красавіка а 18:00 па мінскім часе. Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца па спасылцы.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт — беларускі ўніверсітэт у выгнанні, які з 1992 па 2004 год працаваў у Мінску, але ў 2006 годзе праз ануляванне беларускімі ўладамі ліцэнзіі пераехаў у Вільню. На сёння ўніверсітэт працягвае трымаць марку прэстыжнай навучальнай установы, аднак апошнім часам паміж студэнтамі і адміністрацыяй узнікаюць непаразуменні. У тым ліку на глебе пашырэння выкарыстання рускай мовы за кошт скарачэння беларускай.