«Беларуская мова застаецца марай, фантазіяй». Як змяняецца сітуацыя з моўнай палітыкай у ЕГУ?
У ліпені мы пісалі пра сітуацыю з беларускай мовай у ЕГУ — так званым беларускім універсітэце ў выгнанні: празмернае ўжыванне расійскай мовы падчас заняткаў і, адпаведна, скарачэнне ўжывання беларускай. Пачаўся новы навучальны год. Ці зварушылася пытанне з мёртвай кропкі?
Тры месяцы таму студэнтка ЕГУ праграмы «Сусветная палітыка і эканоміка» Кацярына Луцэвіч звярнулася ў рэдакцыю «Новага Часу», каб распавесці пра фактычна русіфікацыю ЕГУ і тое, што ўсялякія звароты і спробы дагрукацца да адміністрацыі, каб разам знайсці вырашэнне гэтай праблемы, цалкам ігнаруюцца. Выкладчык універсітэта Уладзіслаў Гарбацкі, у сваю чаргу, адзначыў, што праблема скарачэння ўжывання беларускай мовы на занятках сапраўды існуе, але дадаў, што абумоўленая яна ў тым ліку і тым, што студэнты з Беларусі часта самі выказваюцца на карысць расійскай мовы, маўляў, «ЕГУ — люстэрка беларускага грамадства».
Таксама выкладчык запэўніў нас тады ў тым, што «якраз цяпер мы займаемся выпрацоўкай моўнай палітыкі ЕГУ, і сярод асноўных пунктаў стаіць падтрымка беларускай мовы».
Што змянілася зараз? Пра гэта мы спыталі ў студэнткі і выкладчыка прэстыжнай навучальнай установы.
На жаль, на пачатак новага навучальнага года станоўчых зменаў у пытаннях моўнай палітыкі беларускага ўніверсітэта ў выгнанні студэнтка Кацярына не заўважыла. Яна кажа, што сярод усіх студэнтаў ЕГУ было праведзенае апытанне наконт таго, каб стварыць курсы па беларускай мове, культуры і літаратуры.
— Гэта вельмі дзіўны падыход, — адзначае студэнтка. — Мой галоўны запыт быў на наяўнасць беларускай мовы на асноўных спецыяльных прадметах, а не вывучэнне яе ў якасці дадатковых курсаў. То-бок яны наогул не ўмеюць чуць, не разумеюць, што такое моўная палітыка і чаму яны не маюць рацыю, калі проста ігнаруюць гэтую праблему і вырашаюць зусім не тое, што трэба. Пра гэта і напісала адміністрацыі ўніверсітэта ў адказ на рассылку з прапановай гэтых самых курсаў. Але маё паведамленне зноў жа было праігнараванае. Магчыма таму, што тады быў ліпень і адміністрацыя сышла ў адпачынак. Так ці інакш, нічога не атрымалася.
Кацярына распавяла, што разам са сваім паплечнікам яна плануе стварыць зварот для выкладчыкаў ЕГУ, каб зрабіць новы штуршок для абмеркавання праблемы «вымірання» беларускай мовы ў навучальнай установе.
— Таму што дыялогу паміж адміністрацыяй, студэнтамі і выкладчыкамі, якіх хвалюе гэтая праблема, дагэтуль не адбылося, — адзначае Кацярына.
Выкладчык паліталогіі, дацэнт Дэпартаменту сацыяльных навук ЕГУ Уладзіслаў Гарбацкі таксама кажа, што сітуацыя з беларускай мовай ва ўніверсітэце прынцыпова не змяняецца, але бачыць яе крыху інакш:
— Сытуацыя з беларускай мовай застаецца лібэральнай, то-бок ані забараняецца, ані разьвіваецца. Расейская і ангельская мовы застаюцца прыярытэтнымі. Канечне, падзеі ў Беларусі і вайна ва Ўкраіне выклікалі хвалі чульлівасьці і сантымэнту да беларускай мовы, але па рацыянальных прычынах адукацыя па-беларуску немажлівая ў ЭГУ. Бо калі ў групе ёсьць небеларускамоўны студэнт-ка, то выкладаньне аўтаматычна вядзецца па-расейску. А таксама многія выкладнікі ня ўмеюць па-беларуску і гэтая кампэтэнцыя спэцыяльна не разьвіваецца, не падтрымліваецца.
Ёсьць спадзёў на новую моўную палітыку ЭГУ, зацьверджаную Сэнатам улетку 2022, якая запрацуе з восені 2022 і, якая падразумявае прынцып станоўчай дыскрымінацыі ў дачыненьні да беларускай мовы выкладаньня. Прынцыповая падтрымка беларускамоўнай адукацыі, прапісаная ў дакумэнце, можа стацца рэвалюцыйным і прынцыповым крокам, зьмяніць склалую сытуацыю пераважна расейска-ангельскай адукацыі ЭГУ. На шляху да разьвіцьця адукацыі па-беларуску ў ЭГУ бар’ерам стаіць адзін з галоўных прынцыпаў і прыярытэтаў ЭГУ — інтэрнацыяналізацыя ўнівэрсытэту: прыняцьцё студэнцтва зь іншых краінаў (апрача Беларусі) і павялічэньне курсаў па-ангельску. Гэта падразумявае прыняцьцё студэнтаў з Расеі, Казахстану і пад. А ў пэрспэктыве зь іншых краінаў. Што зноў можа прывесьці да таго, што выкладаньне будзе абдывацца па-расейску і/ці па-ангельску.
То-бок беларуская мова застаецца ўвесь час як факультатыўная, як мажлівая, я б дадаў, фантазыйная. Беларуская мова ў ЭГУ ўвесь час знаходзіцца паміж молатам інтэрнацыяналізацыі, знаходжаньня ў замежжы і кавадлам звычкі адміністрацыі, кіраўніцтва, элітаў ЭГУ працаваць па-расейску. Выйсьці з гэтага амаль немагчыма, што паказала і геапалітычная сытуацыя, новыя палітычныя выклікі, на якія беларуская супольнасьць, у тым ліку і ЭГУ, зрэагавала ня ў поўнай меры. Беларуская мова застаецца хіба сымбалям, марай, фантазыяй, а не канкрэтным і важным рэсурсам выкладаньня і навукі.
Аднак зноў пазначу, што новая моўная палітыка ЭГУ мае на мэце зрабіць беларускую мову больш бачнай і прысутнай у выкладаньні. Першыя вынікі можна будзе ацаніць ужо ў 2023 годзе.