
Для нашай краіны ўвядзенне абавязковага вывучэння расійскай мовы стала чарговай прыступкай у гнуснай справе пазбаўлення нацыянальнай ідэнтычнасці, на той момант ужо зняважанай і згвалтаванай расійскімі ўладамі. Дастаткова ўзгадаць цытату з «Мужыцкай праўды», што прагучала ў 1864-м і не страціла актуальнасці дагэтуль:
«У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для чаго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля...».
Яшчэ раней прагучала знакамітае «Чаго не дарабіў расійскі штык — даробіць расійскі чыноўнік, расійская школа і расійская царква» — выказванне, якое прыпісваюць віленскаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву, здушыцелю паўстання Каліноўскага.
У пастанове «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей», якую Сталін падпісаў у 1938-м (верагодна, недзе паміж падпісаннем расстрэльных спісаў), знойдзем цікавы пункт:
«ЦК ВКП(б) і СНК СССР падкрэслівае, што родная мова з'яўляецца асновай выкладання ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей, што выключэнні з гэтага правіла, якія маюць месца ў некаторых аўтаномных рэспубліках РСФСР, могуць мець толькі часовы характар і што тэндэнцыя да ператварэння рускай мовы з прадмета вывучэння ў мову выкладання, і тым самым да ўшчамлення роднай мовы, з'яўляецца шкоднай і няправільнай».
У гэтым месцы сённяшнія супрацоўнікі беларускага мінадукацыі і іх начальнік, верагодна, не пагодзяцца з «правадыром народаў».
А вось расійскі кіраўнік дакладна працягнуў бы тэндэнцыю нязгоды з Леніным, які ў адным з артыкулаў меў неасцярожнасць напісаць:
«Мы, зразумела, стаім за тое, каб кожны жыхар Расіі меў магчымасць навучыцца вялікай рускай мове. Мы не жадаем толькі аднаго: элемента прымусовасці. Мы не жадаем заганяць у рай дубінай».
Той якраз пайшоў далей і заганяе ў «рай» крылатымі ракетамі, пакуль некаторыя з прадстаўнікоў дэмакратычнага беларускага руху вышукваюць новыя нагоды заявіць аб «гвалтоўнай беларусізацыі».
Вось як бальшавікі абгрунтоўвалі патрэбу ўвесці абавязковае вывучэнне рускай мовы ў адпаведнай «пастанове»:
1.«Веданне рускай мовы павінна стаць магутным сродкам сувязі і зносін паміж народамі СССР, якія садзейнічаюць іх далейшаму гаспадарчаму і культурнаму росту».
Цікава, што ў 1929 годзе Сталін прытрымліваўся супрацьлеглага меркавання. «Мільённыя масы народа могуць мець поспех у справе культурнага, палітычнага і гаспадарчага развіцця толькі на роднай, на нацыянальнай мове», — адной рукой пісаў гэтыя словы, а іншай — згортваў беларусізацыю.
2. «Авалоданне рускай мовай спрыяе далейшаму ўдасканаленню нацыянальных кадраў у галіне навуковых і тэхнічных ведаў».
3. «Веданне рускай мовы забяспечвае неабходныя ўмовы для паспяховага нясення ўсімі грамадзянамі СССР воінскай службы ў радах працоўна-сялянскай Чырвонай арміі і Ваенна-марскога флоту».
Фактычна ж гэтая пастанова замацавала імперска-бальшавіцкі міф пра рускую мову як найпершую, найпрэстыжнейшую, найвялікшую і наймагутнейшую. Нацыянальныя ж мовы станавіліся «сялянскімі», нявартымі, другаснымі, а з часам і ўвогуле — маргінальнымі, як і сама ідэя нацыянальнай ідэнтычнасці.
На вялікае шчасце, СССР не існуе вось ужо 32 гады — шчаслівыя для многіх краін, што раней уваходзілі ў яго склад, але ў свой час адстаялі права на еўрапейскі шлях, і няшчасных для Беларусі, якая адзіная з былых савецкіх рэспублік захавала расійскую мову ў якасці дзяржаўнай.Тым не менш, дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова заяўляе на старонках «Салідарнасці»: «Зараз распаўсюджваць беларускую мову праз гвалт — прабачце, якія гістарычныя ўрокі мы тады вынеслі?». А палітолаг Вадзім Мажэйка выказвае сумневы ў тым, што беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай, але адзначае і тое, што «фармат дзяржаўнага двухмоўя шмат у чым дыскрэдытаваны ў Беларусі». Тады ж якая, прабачце, мова павінна быць дзяржаўнай? І, выказваючыся словамі спадарыні Шчытцовай, якія гістарычныя ўрокі мы тады вынеслі?
Мовазнаўца, былы старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999 — 2007) Вінцук Вячорка ў размове з «Новым Часам» адзначаў:
.— Трэба рыхтаваць грамадства да таго, што беларуская мова зноў мае стаць адзінай дзяржаўнай. Бо нарасло мноства міфаў вакол кароткай і выратавальнай (няхай часова) для беларускае мовы эпохі, маю на ўвазе 1990 — 1995 гады, калі яна была адзінай дзяржаўнай. Колькі нарасло недарэчных стэрэатыпаў, у тым ліку з вуснаў людзей, якія тады яшчэ не жылі альбо былі маленькімі дзецьмі.
Кажуць, быццам тады нехта некага прымушаў размаўляць па-беларуску. Глупства.
Дзяржаўная мова — гэта мова дзяржавы, дзяржаўнага чыноўніка, які сапраўды абавязаны ёю валодаць на функцыянальным узроўні, каб адказаць, адпісаць, скласці дакумент па-беларуску. А чалавек на вуліцы альбо ў сям’і хай гаворыць на той мове, на якой хоча.
Праз гэтае фіктыўнае дзяржаўнае двухмоўе, якое на практыцы аднамоўе, тыя самыя дзяржаўныя службоўцы паўтараюць адно: «у нас два государственных языка, я не обязан вам отвечать по-белорусски». Гэтае двухмоўе дзяржаўнае пацярпела поўны крах. Тое, што беларуская мова ў выніку апынулася ў «чырвонай кнізе» ЮНЕСКА, сярод моў, над якімі навісла пагроза — самы моцны аргумент супраць «дзяржаўнага двухмоўя».
Падобнага меркавання прытрымліваецца і прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык:
— Вядома, у будучыні беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай. Як кажуць ва Украіне, ніхто не зрабіў больш для развіцця ўкраінскай мовы, чым Пуцін. Я б вельмі не хацела, каб да беларускай мовы мы прыйшлі такімі метадамі. Але каб заставацца суверэннай дзяржавай, мы павінны мець сваю мову, культуру, тэрыторыю.
Да таго ж мы бачым, якую пагрозу сёння нясе «рускі мір». Гэта пагроза генацыду і вынішчэння народаў. Мы, Аб’яднаны пераходны кабінет, выказваем свой супраціў, патрабуем вывесці расійскія войскі з Беларусі. Мы супрацоўнічаем з людзьмі, якія збіраюць сведчанні вайсковых злачынстваў на тэрыторыі Беларусі. Калі б Беларусь была сапраўды незалежнай, гэтага б не здарылася.
Пераканана, што нікога не трэба прымушаць. Трэба проста паказаць, чаму гэта так істотна, і людзі паступова прыйдуць да беларушчыны. Гэты эвалюцыйны працэс ужо распачаўся.