Аліна Коўшык: «Я прыйшла ў Аб’яднаны пераходны кабінет не дзеля ўлады»

Паразмаўлялі з прадстаўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Алінай Коўшык пра тое, як яна адчувае сябе на новай пасадзе, чаму пытанне беларушчыны павінна хваляваць кожнага, а таксама — што такое дэкалог сапраўднага беларуса. 

Аліна Коўшык. Фота Паўла Хадзінскага

Аліна Коўшык. Фота Паўла Хадзінскага

— Спадарыня Аліна, наколькі кардынальна змянілася ваша жыццё за першыя тыдні на пасадзе і ці падабаюцца вам гэтыя змены?

— Гэта правакацыйнае пытанне. Жыццё змянілася даволі моцна, але я засталася сабой і мае асноўныя прыярытэты таксама засталіся такімі, якімі былі раней. Фактычна я працягваю працаваць над тым, над чым працавала, толькі цяпер на іншым узроўні і больш шырока.

— А публічнасць вас натхняе ці вы стамляецеся ад яе?

— Не скажу, што люблю публічнасць. Калі я была журналісткай, таксама старалася быць досыць сціплай, не дэманстраваць прыватнае жыццё. Для мяне было істотна паказаць найперш свой прафесійны бок, таму што з гэтым я і застануся. Вядома, зараз увагі да мяне, як да палітычнай дзеячкі, нашмат больш. 

alina__4__logo.jpg

 — Дарэчы, як вы сябе адчуваеце па іншы бок падчас інтэрв’ю?

— Адразу хочацца задаваць вам пытанні. Ува мне заўсёды была цікаўнасць да людзей, яна і зараз нікуды не падзелася. Таму задаваць пытанні мне нават цікавей, чым на іх адказваць.

— Напэўна, вялікі журналісцкі досвед робіць вашу сённяшнюю камунікацыю з былымі калегамі даволі простай, бо вы як бы загадзя ведаеце, што атрымаецца на выхадзе?

— У нейкім сэнсе так, але ў мяне дакладна няма мэты сказаць штосьці, чаго няма. Я пастараюся застацца дастаткова адкрытай, наколькі дазваляе гэтая функцыя. Увогуле я б вельмі хацела, каб мы ў Беларусі пачалі ствараць палітыку новай якасці — максімальна блізкай да людзей, не агароджанай платамі, мурамі ці бронікамі. Варта паказваць, што людзі, якія займаюцца палітыкай — такія самыя. Што яны гэтак жа, як і ўсе, ходзяць па вуліцы, ездзяць на ровары, карацей, жывуць цалкам звычайнае, нармальнае жыццё, проста выконваюць іншую працу. Бо для мяне палітыка — гэта менавіта праца, а не нейкае, скажам, пакліканне, як некаторыя могуць гэта называць. 

Я прыйшла ў Аб’яднаны пераходны кабінет не дзеля ўлады, хутчэй гэта праца з місіяй, бо разумею, што ў дадзены гістарычны момант гэтая місія вельмі істотная.

— Усім хочацца пачуць нейкую канкрэтыку адносна таго, чым менавіта вы займаецеся на пасадзе. Спіс вашых прафесійных мэтаў і задач можна знайсці на сайце Святланы Ціханоўскай, але як на практыцы выглядаюць вашы працоўныя дні?

— Насамрэч дні вельмі розныя. У першыя тыдні пасля прызначэння я прысвяціла вельмі шмат часу сустрэчам — онлайн і офлайн, з прадстаўнікамі розных ініцыятываў, з творцамі, з вядомымі беларусамі, якім было істотна нешта выказаць. Часам людзі пішуць у каментарах: «Ну добра, вы сустрэліся, і што?». Я думаю, істотна тлумачыць тое, як працуе палітыка, што пэўныя працэсы запускаюцца не адразу пасля сустрэчы з прэм’ерам (як, напрыклад, у нашым выпадку з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім). Гэта толькі першы крок. Вам паказваюць, што вам адчыняюць дзверы. І гэта, паверце мне, у палітыцы вельмі істотна. А далей, пасля першай размовы і пэўных дамоўленасцяў, супраца пераходзіць на іншы ўзровень — у маім выпадку на ўзровень міністэрства адукацыі і культуры. І так пачынаецца вялікая бюракратычная праца. Вы ж разумееце, што ў сённяшніх умовах не кожная краіна так легка можа падтрымліваць беларусаў, у значнай ступені таму, што ўсе высілкі скіраваныя на тое, каб падтрымліваць Украіну. Таму вельмі істотна размаўляць, усталёўваць кантакты. Гэта калі казаць пра працу на міжнародным узроўні.

А што да маёй супрацы з беларускімі ініцыятывамі — мы таксама размаўляем пра тое, які і як можна зрабіць праект, што для гэтага патрэбна. Часам дастаткова проста звесці разам дзве групоўкі ці некалькі творчых асобаў — і ўсё ўжо запрацуе і атрымаецца. А часам трэба добра падумаць, дапамагчы знайсці фінансаванне. Да мяне звяртаюцца з вялікай колькасцю вельмі натхняльных праектаў, спадзяюся, у хуткім часе яны пачнуць рэалізоўвацца. Больш за тое, наўрад ці яны будуць рэалізоўвацца пад шыльдай Аб’яднанага пераходнага кабінета, бо нашая мэта — перш за ўсё, дапамагчы творцам. Таму шмат з таго, што сёння робіцца, мы не запішам на лік АПК, але спадзяюся спрычыніцца да таго, каб пэўныя рэчы паўсталі. 

alina__22__logo.jpg

— Вы сказалі, што сустрэчы адбываюцца на міністэрскім узроўні. Дык можа называць вас міністаркай усё ж будзе дарэчы?

— Разумею, што міністарка гучыць больш звыкла, але ж ёсць афіцыйная назва пасады. Міністрамі будуць людзі, якія будуць мець міністэрствы. Міністэрстваў у нас пакуль няма — гэта вялікая структура, у той час як структура Кабінета сціплая, і мы наўмысна жадаем захаваць яе даволі шчыльнай. Тым не менш, мы імкнемся зрабіць Кабінет такой протадзяржавай, то-бок захаваць пэўную логіку дзяржаўнага будавання. Таму я таксама працую над стварэннем сваёй невялікай каманды.

— У сваіх сацсетках вы прапанавалі ахвотным дапамагаць вам у справах нацыянальнага адраджэння даслаць сваё рэзюмэ з перспектывай далейшай супрацы. Ці шмат лістоў вы атрымалі і ці былі сярод прэтэндэнтаў людзі, якія вам сёння патрэбныя?

— Увогуле пасля прызначэння я атрымала вельмі шмат прапановаў ад самых розных людзей. Вельмі цешыць тое, што звяртаюцца людзі, якія не тое каб гатовыя працаваць, шукаюць працу, але якія проста прапаноўваць дапамогу, кажуць, чым могуць быць нам карыснымі на валацёрскай аснове. Гэта выдатна, бо адраджэнне без агульнага натхнення немагчымае.

І так, па шчырасці, я атрымала даволі шмат мэйлаў з рэзюмэ, але пакуль не паспела іх праглядзець (былі вельмі інтэнсіўныя тыдні), таму ўсё яшчэ прымаю лісты і шукаю людзей. Але падкрэслю, што шукаю менеджэраў, а не творцаў. Таму гэтая справа яшчэ адкрытая. Думаю, далейшыя сумоўі таксама будуць вельмі натхняльнымі і цікавымі.

— Пытанне на будучыню: як вы лічыце, ці патрэбна ў Беларусі міністэрства культуры ўвогуле? Альбо культура павінна развіваецца натуральна, сама па сабе?

— Лічу, што патрэбна. Гэта паказвае досвед іншых краінаў. Але магчымыя розныя канфігурацыі — напрыклад, ва Украіне гэта міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі. А ў Беларусі, на маю думку, гэта цалкам магло б быць міністэрства культуры і нацыянальнага адраджэння. Мне вельмі падабаецца гэтая фармулёўка.

Перакананая, што нам, беларусам, як нацыі, неабходна адраджацца ва ўсіх сэнсах. Вяртаць сабе нацыянальны гонар. Гэта і будзе нашай галоўнай мэтай.

А міністэрства культуры патрэбна прынамсі таму, што ёсць культурніцкія праекты, якія могуць быць камерцыйна паспяховымі, а ёсць проста місійныя, на якія ніколі не знойдзеш грошы, калі іх не прафінансуе дзяржава. Тым не менш, яны вельмі істотныя. Дарэчы, Беларуская рада культуры ўжо стварыла дакумент, які можа стаць падставай рэформы міністэрства культуры ў Беларусі. У гэтым дакуменце таксама захоўваецца такі падыход — праекты стратэгічныя, скіраваныя на нацыянальнае адраджэнне, папулярызацыю гісторыі, развіццё культуры будуць падтрымлівацца міністэрствам, а праектам з камерцыйным патэнцыялам міністэрства не перашкаджае, а трошкі дапамагае. 

alina__5__logo.jpg

— Дарэчы, мне хацелася прычапіцца да слова «адраджэнне» ў назве вашай пасады.

— Не толькі вам.

— Не сумняюся. Але які перыяд беларускай гісторыі вы лічыце вартым адраджэння? Ці правільнае гэтае слова, альбо хутчэй варта казаць пра нараджэнне беларускай культуры сярод пустэчы, якая засталася ў Беларусі пасля вынішчэння?

— Я б не прывязвалася да пэўнага гістарычнага перыяда. Адраджэнне — гэта хутчэй больш ёмістае, філасофскае слова. Яно абдымае вельмі розныя галіны і асабіста мне вельмі падабаецца. Адраджэнне ў мяне хутчэй асацыюецца з Беларускім Народным Фронтам і працай Зянона Пазняка, але, вядома, не толькі. 

Шчыра захапляюся тым, што зрабіў спадар Зянон для нашага адраджэння, і выдатна разумею, што тыя сцягі, якія былі ў дваццатым годзе на вуліцах беларускіх гарадоў, хутчэй за ўсё, былі б немагчымыя без працы БНФ, таму за гэта ім вялікі дзякуй.

Такім чынам, нацыянальнае адраджэнне — гэта вельмі шырокі панятак. Я лічу, што нам трэба стварыць у добрым сэнсе міфалогію, сваіх герояў, якіх будуць ведаць усе беларусы. Дарэчы, першы, хто ўзгадваецца ў гэтым кірунку — Кастусь Каліноўскі. Мы бачым, якую рэакцыю яго асоба выклікае ва ўладаў, памятаем перапахаванне паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні, што таксама паспрыяла ўздыму нацыянальнай свядомасці шматлікіх беларусаў. Нядаўна маю сяброўку, рэжысёрку-дакументалістку Вольгу Швед, якая зняла фільм пра Кастуся Каліноўскага, рэжым пачаў завочна судзіць. 

Сённяшняя ўлада баіцца сапраўдных герояў Беларусі, а мне падаецца, што варта чэрпаць сілы для будучыні менавіта ў нашых каранях.

У нас былі дыскусіі наконт назвы пасады, гучалі розныя прапановы. Але мне вельмі падабаецца гэтае слова, бо я лічу, што наша місія на дадзены гістарычны момант — гэта акурат нацыянальнае адраджэнне.  

alina__14__logo.jpg

— У працяг тэмы пра нацыянальных герояў. Палякі называюць сябе народам Міцкевіча. Народам імя каго, на вашую думку, з’яўляюцца беларусы?

— Першы, хто прыходзіць у галаву — Францішак Скарына. Але гэта добрае пытанне, на якое мы сапраўды павінны сабе адказаць і нават правесці ў гэтым кірунку пэўную працу.

Я б вельмі хацела, каб мы стварылі такі, умоўна кажучы, дэкалог беларуса. То-бок, скажам, 10 прыкметаў сапраўднага беларуса. «Я беларус — бо…»: «Я ведаю, што такое бел-чырвона-белы сцяг», «смажу дранікі без мукі», «ведаю, хто напісаў верш «Пагоня». Гэта, вядома, жартаўлівыя прыклады, але нам патрэбныя простыя прыкметы нацыянальнай ідэнтыфікацыі. 

Бо многія з нашых суайчыннікаў адчулі сябе беларусамі ўпершыню толькі ў 2020 годзе. Зараз наша мэта — не згубіць гэты патэнцыял, гэтую любоў да радзімы, а падтрымаць яе, падсілкаваць трошкі. Я перакананая, што нашая гісторыя можа быць вельмі натхняльнай.
— А зараз сапраўды правакацыйнае пытанне. Касцюшка, Міцкевіч, Манюшка — палякі ці беларусы? І ці варта нам змагацца за тое, каб яны былі ідэнтыфікаваныя як беларусы?
— Для мяне адказ на гэтае пытанне вельмі просты. Гэта нашы супольныя героі і гэта тое, што можа і павінна нас аб’ядноўваць з суседзямі. Таму разам з палякамі можна святкаваць дзень народзінаў Міцкевіча, можна прыносіць кветкі да помніка Касцюшкі ў Беларусі ці хадзіць па Касцюшкавым мосце ў Новым Ёрку — і гэта абсалютна нармальна. Яны былі людзьмі свету ўжо тады, і мы павінны браць з іх прыклад. Памятаем, як сам Міцкевіч пісаў: «Litwo! Ojczyzno moja!». Гістарычная Літва, пра якую пісаў Міцкевіч, акурат была тэрыторыяй Наваградчыны, дзе нарадзіўся паэт.
А сённяшнія літоўцы думаюць, што гэта было напісана пра іх, палякі кажуць, што, вядома ж, пра іх, бо напісана па-польску, а мы разумеем, што гэта сённяшняя тэрыторыя Беларусі. Таму гэта ідэальная глеба для міжкультурных адносінаў паміж суседзямі. 
Культура нас не раз’ядноўвае, нас раз’ядноўвае рэжым, які выкарыстоўвае культуру ў сваіх мэтах, дзеля таго, каб пасеяць варожасць між намі. Нам трэба абараняць суверэнітэт нашай дзяржавы, а культура ёсць істотным складнікам суверэнітэта. Думаю, людзі свядомыя нашмат больш здольныя абараняць сябе. Ні ў літаральным сэнсе слова, я кажу зараз не пра зброю, а пра разуменне працэсаў, якія адбываюцца, і пра гатоўнасць штосьці зрабіць дзеля таго, каб змяніць сітуацыю. 
— Да тэмы пра тое, што з намі робіць рэжым. Адзін мой знаёмы нарадзіўся на Палессі, усё жыццё пражыў у Беларусі, Расію наведваў выключна як турыст і аднойчы ў размове без асаблівага сораму прызнаўся мне, што адчувае сябе рускім. Што з намі зрабілі такое, каб беларусы маглі сказаць «я адчуваю сябе рускім»? 
— Гэта значыць, што тэхналогіі, скіраваныя на вынішчэнне ўсяго нацыянальнага, якія выкарыстоўваліся ў Расійскай Імперыі, Савецкім Саюзе і працягваюць выкарыстоўвацца падчас дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, прынеслі плён, бо ёсць людзі, якія страцілі сваю нацыянальную ідэнтычнасць.
Думаю, што зараз добры час, каб яе аднаўляць. Нацыянальная ідэнтычнасць вельмі моцна абапіраецца на культурніцкі код, таму калі мы пачнем уздымаць нашу культуру, нашу адукацыю, пачне адраджацца і наша ідэнтычнасць. У гэтых варунках дадам, што сёння істотна заставацца беларусам, дзе б вы не жылі. 

Зараз такі час, калі межы дзяржавы абсалютна не павінны стрымліваць нашу нацыянальную ідэнтычнасць. Можна заставацца беларусам, жывучы ў Варшаве, у Вільні, але перадусім жывучы ў Мінску ці ў Гародні. 

— Размова, якую я вам пераказала, паказвае, як шмат на самой справе ў вас працы. Як вы лічыце, ці ўбачым мы плён ад яе пры нашым жыцці? 

— Перакананая, што так. Але ж шмат што будзе залежыць ад палітычнай сітуацыі. Зараз я буду рабіць тое, што магу, знаходзячыся за мяжой. Разумею, што гэта не такі моцны ўплыў, які мы б аказвалі на сітуацыю, калі б фізічна знаходзіліся ў Мінску. Гэта былі б зусім іншыя сродкі і інструменты.

Пакаленнямі нас выхоўвалі як рабоў, а не як свабодных людзей. І гэта не так проста — з раба стаць вольным. Таму я думаю, што дзеля таго, каб змянілася стаўленне да мовы, да культуры, патрэбныя прынамсі два пакаленні нармальнага жыцця. Мы павінны адчуць сябе гаспадарамі ў сваёй краіне. Таму гэта доўгі працэс, які не хутка прынясе вынікі. 

alina__19__logo.jpg

— Калі мы размаўляем пра адраджэнне нацыі, усё даволі зразумела. Але калі ўявіць звычайную беларуску, заклапочаную сваімі побытавымі і матэрыяльнымі патрэбамі, у жыцці якой ніколі не паўставала пытанне беларускасці, як вы разлічваеце гэтае пытанне перад ёй узняць? Як растлумачыць, навошта ёй трэба прыкласці пэўныя намаганні, каб гэтую беларускасць у сабе ўзрадзіць?

— Зараз адказаць даволі лёгка, бо пытанне беларускасці — гэта пытанне нашай незалежнасці. Ля нашых межаў ідзе вайна. Таму беларускасць — гэта пытанне ў тым ліку таго, ці забяруць майго сябра альбо сына гэтай беларускі ў войска? Пытанне стратэгічнага мыслення: якую краіну ты хочаш пакінуць свайму дзіцёнку? Бо гэтае пытанне я задаю сабе штодня. Можа было б нашмат прасцей усім гэтым не займацца, жыць спакойным, камфортным жыццём. Але мы не можам нічога не рабіць, бо хто гэта зробіць, калі не мы... 

Многія са сталых людзей, якія былі на вуліцах у 2020-м годзе, казалі, што выходзяць, бо хочуць зрабіць працу, якую не зрабілі ў дзевяностыя. Вось я б не хацела, каб мы гэтую працу пакідалі нашым дзецям.

Я б хацела, каб мы жылі ў бяспечнай, заможнай, шчаслівай краіне. Каб мы задаволілі свае базавыя патрэбы і заняліся стваральніцкімі патрэбамі. Акурат жанчыны павінны выдатна мяне зразумець. Нацыянальнае адраджэнне раўняецца нашай будучыні. 

— Вы казалі, што беларусізацыя пад вашым, так бы мовіць, кіраўніцтвам ніколі не будзе гвалтоўнай. Але ці дэмакратычны падыход у гэтым пытанні з’яўляецца эфектыўным?

— Думаю, што нікога нельга прымусіць стаць беларусам. Бо і мяне нельга прымусіць нешта зрабіць. Я зраблю толькі тое, што хачу альбо тое, што будзе слушным. Мы не будзем прымушаць людзей, але будзем іх натхняць і даваць прыклады.

Вядома, у будучыні беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай. Як кажуць ва Украіне, ніхто не зрабіў больш для развіцця ўкраінскай мовы, чым Пуцін. Я б вельмі не хацела, каб да беларускай мовы мы прыйшлі такімі метадамі. Але, каб заставацца суверэннай дзяржавай, мы павінны мець сваю мову, культуру, тэрыторыю.

Да таго ж мы бачым, якую пагрозу сёння нясе рускі мір. Гэта пагроза генацыда і вынішчэння народаў. Мы як Аб’яднаны пераходны кабінет выказваем свой супраціў, патрабуем вывесці расійскія войскі з Беларусі. Мы супрацоўнічаем з людзьмі, якія збіраюць сведчанні вайсковых злачынстваў на тэрыторыі Беларусі. Калі б Беларусь была сапраўды незалежнай, гэта б не здарылася.

Перакананая, што нікога не трэба прымушаць. Трэба проста паказаць, чаму гэта так істотна, і людзі паступова прыйдуць да беларушчыны. Гэты эвалюцыйны працэс ужо распачаўся. І я не кажу пра тое, што мы прайгралі рэвалюцыю, кажу, што мы на шляху. На жаль, шлях да свабоды вельмі доўгі. Мы б хацелі, каб змены адбыліся хутка і без ахвяраў, але мы самі выгадавалі гэты рэжым, мы гучна і масава выказваліся супраць і таму маем тое, што маем. Не трэба мець ілюзій, што яны проста аддадуць уладу. 

alina__21__logo.jpg

— Ці пакідаеце вы хоць маленькі шанец на самы песімістычны сцэнар? На тое, што ўвесь гэты жах зацягнецца і нічога добрага з таго, што мы сёння агучылі, не адбудзецца, не атрымаецца?

— Перакананая, што атрымаецца. У мяне няма сумневаў. Я бачу гэты эвалюцыйны гістарычны шлях, якія распачаўся. Зараз у нашым рэгіёне ідуць геапалітычныя змены, і ідуць яны ў адным, слушным кірунку. Перакананая, што Пуцін прайграе гэтую вайну, а зараз з ім прайграе і Лукашэнка.

Змены адбудуцца хутчэй, чым мы думаем. Нам трэба быць да гэтага гатовымі. Наша задача, як Аб’яднага пераходнага кабінета — падрыхтавацца да гэтага перыяду і зрабіць усё па магчымасці негвалтоўна, але рашуча.

Я ўжо скантактавалася з прадстаўнікамі Рады БНР, мы дамовіліся аб супрацы. Сябры Рады БНР сказалі мне, што іх мэта — перадаць законнаму ўраду іх гістарычную легітымнасць, скласці ўсе рэгаліі і скончыць гэты шлях Ураду ў выгнанні. Нагадаю, што ад 1918-га года Рада БНР дзейнічае бесперапынна. Уявіце сабе, гэта вялізны пласт нашай гісторыі.

— Як вы лічыце, наколькі стратэгія нацыянальнага адраджэння павінна быць агрэсіўнай і інтэнсіўнай?

— Яна павінна быць канкрэтнай. І ў залежнасці ад розных кірункаў гэты тэмп будзе розны. Перакананая, што неабходныя пільныя змены ў адукацыі, і на гэта чакаць не варта. Але ёсць рэчы, якія могуць быць больш павольнымі. Усё гэта будзе адлюстравана ў пэўным дакуменце, створаным у супрацы з беларускімі інтэлектуаламі, якія, спадзяюся, далучацца да гэтага працэсу.

Але тое, што зараз робяць у адукацыі — звальняюць настаўнікаў, зачыняюць прыватныя школы, якія былі такой выспай незалежнасці, пэўнай адукацыйнай свабоды… Цяпер зачыняецца ўсё. Настаўнікі, якія маюць прабеларускія погляды, застаюцца без працы. Мы маем праекты па падтрымцы беларускіх настаўнікаў, спадзяюся, у бліжэйшы час яны запусцяцца. 

Бо адукацыя — гэта абсалютны падмурак далейшага развіцця нацыі.

Школы маюць вялізны ўплыў на тое, якімі дзеці выходзяць са школы. Нават, думаю, большы, чым ВНУ. Вышэйшая адукацыя мае зусім іншыя мэты, а вось школа нас сапраўды фармуе.

alina__7__logo.jpg

— Ці можна што-небудзь зрабіць ужо зараз, каб сітуацыя ў беларускіх школах была не такой жахлівай?

— На жаль, зараз паўплываць на школу непасрэдна мы не можам. Але мы будзем ствараць адукацыйныя матэрыялы, якія настаўнікі могуць выкарыстоўваць у сваёй працы. Гэта вывераныя, вельмі сучасныя матэрыялы. Яны будуць абсалютна не палітызаваныя. Зараз у школе не хапае прафесіяналаў, шмат хто з’ехаў, многіх звольнілі. Мне расказваюць пра тое, што прыбіральшчыкі выкладаюць фізіку. Таму патрэбныя прынамсі базавыя дапаможнікі.

Таксама паступова распрацоўваюцца новыя навучальныя праграмы, але, зразумела, запушчаныя яны будуць толькі ў новай Беларусі. Праўда такая, што на сёння ў нас не так шмат інструментаў уплыву. Мы не можам заўтра даць беларускім школьнікам новыя падручнікі. А вось матэрыялы, якія настаўнік зможа паглядзець дома, падрыхтавацца такім чынам да заняткаў — гэта тое, што мы можам.

Увогуле наша школа досыць архаічная. Гэта таксама вялікае пытанне — якой павінна быць школа? Тут ёсць шмат варыянтаў развіцця. Але я перакананая, што ў школе дзяцей павінны вучыць думаць крытычна. Я ўвогуле прапанавала б увесці асобны ўрок крытычнага мыслення. Дарэчы, ва Украіне пасля 2014 года такія заняткі ўвялі, там такі прадмет называецца медыяграматнасць. Крытычнае мысленне — гэта найлепшы шлях да незалежнасці кожнага асабіста. 

— Спадарыня Аліна, як вы ўвогуле сябе адчуваеце, ці падабаецца вам тое, што адбываецца з вамі?

— Я дакладна ведаю, чаму сюды прыйшла і што я жадаю зрабіць. Гэта не захапленне, але такі здаровы рэалізм. Ува мне зараз вельмі шмат энергіі і жадання зрабіць нешта спрыяльнае.  

— Ведаю, што вы вельмі любіце гатаваць. Ці ёсць зараз час для прыгатавання ўлюбёных страваў, ці атрымліваецца сабраць дома гасцей?

— Гасцей ад пачатку працы ў Кабінеце, падаецца, у мяне не было і гатую я мала. Але думаю, гэта праблема толькі першага часу, калі ўсё вельмі-вельмі інтэнсіўна. Вядома, класічны work-life balance не атрымаецца, але ж упэўненая, што кожны з нас мусіць мець час для сябе. Я часам бегаю, часам займаюся ёгай дома. Яшчэ люблю ездзіць на ровары. Актыўнасць добра здымае стрэс, разгружае галаву. Агулам хочацца, каб беларусы больш клапаціліся пра сябе фізічна, бо гэта таксама ўплывае на наша інтэлектуальнае і эмацыйнае здароўе. Мы павінны шмат рабіць для таго, каб заставацца здаровай нацыяй. Таму працы ў нас багата.

alina__2___1__logo.jpg

Фота Паўла Хадзінскага