Каардынацыйная рада аднаўляе працу ў абноўленым складзе

Каардынацыйная рада ў абноўленым складзе плануе сабрацца да сярэдзіны снежня, піша «Позірк».

photo_2022_10_16_18_39_07.jpg

Першае пасяджэнне плануецца правесці да 16 снежня — пасля ўключэння новых дэлегаваных прадстаўнікоў арганізацый дэмсіл і грамадзянскай супольнасці.

У верасні была створана рабочая група, якая занялася распрацоўкай спецыяльнай працэдуры дэлегавання прадстаўнікоў розных арганізацый і ініцыятыў дэмакратычнай супольнасці, а таксама свабодна вылучаных кандыдатаў, у склад КС.

«Новая канфігурацыя дэмакратычных сіл Беларусі прадугледжвае наяўнасць і ўзаемадзеянне паміж сабой двух асноўных органаў — АПК i KC, якія закліканы весці скаардынаваную дзейнасць для павышэння эфектыўнасці ўсяго руху», — зазначаецца ў рэлізе НАУ.

Даведка «НЧ». Каардынацыйная Рада была створана ў 2020 годзе як недзяржаўны палітычны і грамадзянскі орган па пераадоленні палітычнага крызісу ў Беларусі і правядзенні новых выбараў. Рада створаная з даручэння Святланы Ціханоўскай.

У склад рады першапачаткова ўвайшлі каля 70 чалавек. 19 жніўня быў абраны прэзідыум з сямі чалавек: Святлана Алексіевіч (нобелеўская лаўрэатка па літаратуры), Сяргей Дылеўскі (лідар стачкама Мінскага трактарнага завода), Максім Знак (юрыст штаба Віктара Бабарыкі, пазней юрыст Аб’яднанага штаба), Вольга Кавалькова (давераная асоба Святланы Ціханоўскай), Марыя Калеснікава (кіраўнік штаба Віктара Бабарыкі), Павел Латушка (экс-міністр культуры, дыпламат), Лілія Уласава (юрыст, медыятар).

З моманту стварэння Каардынацыйнай рады і абрання прэзідыума іх сябры падвяргаюцца жорсткаму ціску з боку ўладаў Беларусі. Генеральнай пракуратурай па факце стварэння і дзейнасці КР была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), у рамках якой адбываліся актыўныя выклікі на допыты як членаў прэзідыума, так і іншых членаў рады.

У снежні 2020 года Генеральная пракуратура распачала крымінальныя справы ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай і іншых асоб па факце стварэння «экстрэмісцкага фармавання» і кіраўніцтва ім, то-бок здзяйснення злачынства, прадугледжанага ч. 1 ст. 361-1 КК.

Большасць чальцоў рады цяпер знаходзяцца альбо за мяжой, альбо за кратамі.