Вінцук Вячорка: «Даспяванне беларусаў ідзе проста сямімільнымі крокамі»

34 гады таму, пры камуністычнай уладзе, на стадыёне «Дынама» залуналі сотні бел-чырвона-белых сцягоў. Пра тое, як гэта стала магчымым і ці ёсць спадзяванні ўбачыць падобнае зноў, распавёў «Новаму Часу» арганізатар і непасрэдны ўдзельнік акцыі — мовазнаўца, былы старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999-2007) Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка ў Курапатах, 2016. Фота Паўла Хадзінскага

Вінцук Вячорка ў Курапатах, 2016. Фота Паўла Хадзінскага


Спадар Вінцук, як і ў каго нарадзілася ідэя мітынгу на стадыёне, а таксама адкуль узялася смеласць для рэалізацыі гэтай ідэі?

— Па-першае, пасля гвалтоўнага разгону акцыі на Дзяды, якую 30 кастрычніка 1988 года ладзілі суполкі «Талака», «Тутэйшыя» і да якой далучыўся арганізацыйны камітэт БНФ, улады былі ў разгубленасці і шоку. Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі дбала пра яе імідж як самай спакойнай, надзейнай, лаяльнай савецкай рэспублікі. І тут раптам масавая акцыя, ушанаванне памяці ахвяраў сталінізму, спроба гвалтоўнага разгону… Усё гэта рэзка змяніла сітуацыю. Улады зрабілі высновы, спрабуючы справіцца з новай для сябе небяспекай не сілай, але іншымі прыёмамі.

Па-другое, маскоўскае кіраўніцтва Савецкага Саюзу працягвала так званую перастройку, гэта значыць рабіла спробы памяняць пэўныя механізмы ўлады пры захаванні сістэмы ў цэлым. І таму вырашылі пайсці на часткова свабодныя выбары народных дэпутатаў СССР. Вельмі часткова свабодныя, бо асноўны рэй мела весці камуністычная партыя, і выбары былі не наўпроставыя, а двухэтапныя — спачатку праходзілі раённыя ці акруговыя сходы грамадскасці, на якіх адбывалася галасаванне за тое, каго ўключаць альбо не ўключаць у бюлетэні. Выбары мелі адбыцца 26 сакавіка 1989 году, ну а паколькі перастройка дэкларавала давер да народу, то на гэты час нават былі дазволеныя вулічныя сходы, прысвечаныя выбарам. Так узнікла вакно магчымасцяў, мы яго і скарысталі.

Арганізацыйны камітэт БНФ падтрымліваў, а фактычна і вылучаў адразу некалькі кандыдатаў у кандыдаты, а ўлада была ў стане грогі (хісткім, няўстойлівым. — Заўв. рэд.), як кажуць баксёры, то арганізацыйны камітэт БНФ і Канфедэрацыя беларускіх суполак у складзе тых жа «Талакі», «Тутэйшых», «Світанку» — арганізацыяў было каля сотні — звярнуліся да гарадской улады з просьбай дазволіць гэты мітынг. Гарадская ўлада тут нічога не вырашала, вырашала ўлада камуністычная, і яна ў рамкай новай гэтай палітыкі — дазваляць, але кантраляваць — дала згоду. Пры ўмове, што мітынг будзе супольны: праводзіць яго будуць разам дэмакратычныя сілы і прадстаўнікі камуністычнай партыі. На гэта мы пагадзіліся. Трэба сказаць, што ўлады моцна рыхтаваліся да гэтай падзеі. Некаторыя іх прадстаўнікі нават выступалі па-беларуску. Прыгналі на стадыён «Дынама» 4 фуры новай мадэлі МАЗ, распісаныя па баках лозунгамі пра перастройку. І кружлялі гэтыя МАЗы да самага пачатку мітынгу, паказваючы такім чынам, што, маўляў, камуністычная ўлада канкрэтныя справы робіць дзеля перастройкі, а гэтыя балбатуны толькі дэмагогіяй і займаюцца.

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова


Наколькі, па вашых адчуваннях, беларуская нацыянальная ідэя на той час была актуальная для грамадства?

— Гэта ж быў Савецкі Саюз, дзе ўсе ідэі, альтэрнатыўныя камуністычнаму ладу і яго ідэалогіі былі загнаныя пад спуд і наўпрост забароненыя. У той час толькі-толькі пачыналі голасна гаварыць пра альтэрнатыву. У адзін пакет такіх ідэяў (агульны для тых, хто пачынаў вольна думаць, у розных «рэспубліках» СССР) уваходзілі дэмакратыя, свабода слова, шматпартыйнасць, права на прыватную ўласнасць, сумневы ў  калгасным ладзе і падобнае. Другі пакет ідэяў быў неразрыўна ўзаемазвязаны з першым — рэальнае права нацыяў на самавызначэнне, на самазберажэнне, права людзей на родную мову, на нацыянальную ідэнтычнасць, права сваёй краіны на суверэнітэт, але гэтыя ідэі найперш фармулявалі ў нерасейскіх «рэспубліках». Дарэчы, слова «незалежнасць» узімку 1989 года яшчэ публічна не гучала, яго толькі пачыналі ўжываць у сваіх праграмных дакументах моладзевыя арганізацыі. Публічна гаварылі казалі пра суверэнітэт. Здавалася б, гэта сінонімы, але «суверэнітэт рэспублік» быў у канстытуцыі СССР, а слова «незалежнасць» фактычна не было, і яго баялася камуністычная ўлада.

Гэта быў унікальны час (зрэшты, можа, у нечым цяпер яго рысы паўтараюцца). Людзі адчувалі, што камуністычная сістэма вычарпала сябе паводле ўсіх крытэрыяў — не толькі маральна-этычных і культурных, але ж і эканамічных, матэрыяльных.

Юры Хадыка, выступаючы на мітынгу на стадыёне, узгадаў пра пералік больш як тысячы дэфіцытных тавараў, сярод якіх было мыла. Мыла! Гэта каб мы ўяўлялі сабе, да чаго давёў камунізм нашу краіну, наш працавіты народ.

Людзі пачыналі ўсведамляць, што не толькі пірамідальная сістэма аднапартыйнай, дыктатарскай камуністычнай улады хібная, але хібная ўся гэтая імперыя, у якой пад адзін крытэр заганялі, на адзін капыл падбівалі самыя розныя народы, здольныя на сваёй тэрыторыі ствараць і ўтрымліваць уласную дзяржаўнасць. Так людзі, якія раней нават не задумваліся пра нацыянальную ідэю, вельмі хутка да яе прыходзілі.

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова


Сярод 15 пунктаў праграмы, з якой ішлі на выбары ў 1989 годзе нашыя кандыдаты, абсалютную большасць займалі эканамічныя і сацыяльныя. Эканамічныя пытанні былі звязаныя з нацыянальна-незалежніцкімі: спыніць дыктат так званых саюзных міністэрстваў, беларускія прадпрыемствы павінны вызваліцца з-пад дыктату Масквы, перастаць плаціць туды абавязковы чынш, фактычна непасільны. Так тэма суверэнізацыі, незалежнасці праводзілася праз эканамічную тэму.

Той стадыённы мітынг 1989 года доўжыўся 3 гадзіны пры тэмпературы -5. Удзельнікаў было недзе 35-40 тысяч чалавек. Камуністычных выступоўцаў, якія гаварылі па-руску, абсвіствалі (хоць я як вядоўца добрасумленна заклікаў да талерантнасці). Памятаю, як прадстаўнік БНФ Алесь Галькевіч, тады рабочы «Гарызонту», падчас выступу прасіў прабачэння, што прамаўляе па-руску, казаў: «Бяруся, вывучаю, перайду».Так што тэма беларускамоўнасці ўжо тады была ў цэнтры грамадскай увагі. І адным з пунктаў — не той 15-пунктавай выбарчай праграмы, але праекту праграмы БНФ — было наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. Гэта пачатак 1989 года, а праз год, у пачатку 1990-га гэты статус беларускай мове пад ціскам грамадства быў нададзены — яшчэ Вярхоўным Саветам БССР 11 склікання, дзе не было ніякай «апазіцыі».

Ці магчыма было тады, у 1989 годзе, уявіць сабе, што праз 34 гады найлепшыя спадзяванні так і не спраўдзяцца?

— Тады многія не спадзяваліся ўвогуле на тое, што Савецкі Саюз разваліцца. Пра сябе і сваіх аднадумцаў так не скажу, бо мы гэта прадбачылі і старанна працавалі дзеля гэтага з пачатку 1980-х  (група «Незалежнасць», кола «Майстроўні» і «Талакі», Канфедэрацыя беларускіх суполак, якая і стварыла арганізацыйны касцяк БНФ).  Нам было ясна, што ўсе імперыі развальваюцца і ўсе дыктатуры заканчваюцца, але для мільёнаў людзей, якія выраслі ў інфармацыйнай блакадзе, не прадзіраліся праз глушаныя галасы заходніх радыёстанцыяў, гэта было зусім не відавочна. Некаторыя спадзяваліся, што, магчыма, у межах савецкай пірамідальнай мадэлі будуць палёгкі для эканамічнай ініцыятывы і так званага гаспадарчага разліку, што дазволяць нейкія малыя прадпрыемствы, земляробам зноў дазволяць гаспадарыць на зямлі індывідуальна, але ў цэлым сістэма застанецца. Таму падзеі 1991 года, калі пасля краху рэакцыйнага камуністычнага путчу разваліўся Савецкі Саюз, для многіх былі нечаканасцю. Таму, дарэчы, падчас мітынгу на стадыёне выступоўцы гаварылі яшчэ пра суверэнітэт БССР, але не пра немінучы развал Савецкага Саюзу — каб не адрывацца надта ад масавага «паўпрачнутага» стану.

Разумная палітыка павінна ісці на паўкрока перад масавымі настроямі, ведучы іх за сабой.

Па-мойму, тады гэты прынцып быў вытрыманы.

Вы пытаеце пра кола, якое гісторыя апісала, — то ў 1989 пра такія катэгорыі не разважалі. А вось у 1991—1992 гг. разважалі і думалі, што канец савецкага таталітарызму, канец савецкай імперыі як чарговага ўвасаблення імперыі расійскай — назаўсёды. А аказалася не так.

Пераскочым у іншы перыяд.Спадар Мілінкевіч у інтэрв’ю казаў, што падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2006-м ён выходзіў з лозунгам «Свабода, праўда, справядлівасць», у той час як, каб дагрукацца да большасці, варта было казаць пра заробкі і нешта больш прагматычнае. Ці не шкадуеце вы, што ў свой час не абралі больш папулісцкі падыход ці фармулёўкі, каб дамагчыся свайго?

— Калі гаварыць пра тую падзею, з якой мы пачалі, — мітынг 1989-га, там у выступах палітыкаў быў акцэнт на эканамічна-сацыяльныя пытанні, і гэта быў наш свядомы выбар — арганізатараў з дэмакратычнага боку.

Мы падводзілі людзей да думкі: калі хочаце змяніць нешта ў сваім штодзённым жыцці, то мусіце змяняць нешта ў жыцці палітычным і ў статусе сваёй краіны — Беларусі.

Я б не назваў гэта папулізмам, гэта нармальны ўлік псіхалогіі чалавека, які паступова прыходзіць да пэўных перакананняў. Трэба не ўкласці чалавеку ў галаву нешта гатовае, бо ён будзе ўпірацца. Трэба, каб ён сам да гэтага дайшоў. І ў гэтым варта чалавеку дапамагаць, але не маніпуляцыйна, а дадатковымі аргументамі.

Што датычыць прэзідэнцкай кампаніі Мілінкевіча ў 2005—2006 гадах, то і там не бракавала эканамічнага складніку. Іншая рэч, што было, можа быць, пэўнае перабольшанне стану грамадства. Зыходзілі з таго, што большасць грамадства пазбылася чарговых ілюзіяў, разумее, што пры рэжыме, які, па-першае, неааўтарытарны, а па-другое, зарыентаваным на Расію, на рэканструкцыю расійска-савецкай прасторы, нічога добрага нас не чакае.

Мы ў пэўным сэнсе перабольшылі ступень спеласці беларускага грамадства.

На пэўных эканамічных тэмах варта было акцэнтаваць яшчэ больш увагі. Магчыма, у лозунгавую трыяду ўключыць той самы «дабрабыт».

Іншая рэч, што расшыфроўваць, адкуль той «дабрабыт» возьмецца, трэба не маніпуляцыйна, не як Лукашэнка рабіў гэта ў 1994-м годзе («я запушчу заводы»). Гэта чыстая маніпуляцыя, практычнай праграмы пад гэта не было і не магло быць, але ж стомленыя пяццю гадамі няпэўнасці беларусы за яго тады прагаласавалі. Стомленасць была таму, што ў Беларусі ў 1991 годзе дэмакраты да ўлады так і не прыйшлі, быў праславуты «шок без тэрапіі», калі тая самая камуністычная наменклатура пры ўладзе, якая скарыстала рынкавыя механізмы толькі для ператварэння ўлады ва ўласнасць, але пры гэтым ніякай рэальнай эканамічнай свабоды, як і палітычнай, так і не было. Адсюль гэтая няпэўнасць, незадаволенасць, няспраўджаныя шанцы, урэшце, беднасць. І прыходзіць гэты выратавальнік — «вярну вам савецкія цэны і савецкую прадказальнасць». Эканамічная матывацыя ёсць заўсёды.

Ці няма ў вас адчування, што сёння дэмакратычныя лідары таксама перабольшваюць ступень спеласці беларускага грамадства?

— У 2020 годзе бальшыня беларусаў, прычым абсалютная, а не адносная, выказала сваё адназначнае стаўленне да неааўтарытарнага рэжыму і прагаласавала за змены. Гэта сведчыць, што грамадства даспела да вельмі многіх рэчаў. Бачу, што разумныя лідары суадносяць свае выказванні і дзеянні з гэтай... мо не даспеласцю, але дакладна з даспяваннем. Бо даспяванне працягваецца.

Цягам апошніх двух гадоў менавіта нацыянальнае, незалежніцкае, геапалітычнае даспяванне беларусаў ідзе проста сямімільнымі крокамі.

Я параўноўваю гэта са зменамі настрояў у 1989—1991 гадах, бо тады грамадства таксама вельмі дынамічна змянялася і пераадольвала стэрэатыпы кожны дзень.

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова


Спадар Вінцук, у тых жа варунках хачу запытацца пра мову. Вы шмат часу і працы прысвяцілі мовазнаўству, тлумачэнню вузкіх пытанняў накшталт — дзе варта ўжываць слова «масла», а дзе «алей». Але ці няма ў вас адчування, што трэба было больш папулярна тлумачыць беларусам, нашто ім увогуле беларуская мова, калі ёсць «вялікі магутны»? Бо і сёння мільёны нашых суайчыннікаў не знаходзяць адказу на гэтае пытанне.

— Што да «вузкіх пытанняў», усё ж я выкладчык і навуковец, журналіст і папулярызатар беларускай мовы, і ўсё жыццё раблю тое, на што ёсць попыт людзей, зацікаўленых валодаць якаснай беларускай мовай. Але найперш я цягам усяго жыцця і пры ўсіх рэжымах прысвяціў масу намаганняў менавіта дзеля таго, каб людзі ўсведамлялі, навошта ім беларуская мова ў прынцыпе. Удзельнічаў у рыхтаванні прыняцця закону аб статусе беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Арганізоўваў паспяховыя кампаніі стварэння беларускіх школаў і садкоў. Меў сотні выступаў, публікацыяў, тлумачэнняў таго, чаму лозунг «Спачатку каўбаса, а потым мова» абсалютна хібны, бо не будзе мовы — не будзе і каўбасы. Праўда, гэта лагічны ланцужок, які патрабуе мазгоў і ўмення аналізаваць гістарычную сітуацыю, заканамернасці фармавання і зберажэння нацыяў у нашым рэгіёне.

Бо тут нацыя — гэта мова. Выняткаў у нашым цэнтральнаўсходнееўрапейскім краі няма. Калі ёсць мова, нацыя зберажэцца, рана ці позна адродзіцца, створыць дэмакратычную дзяржаўнасць. А калі мовы няма, то можа і не адрадзіцца ніколі. І нават маючы сваю дзяржаўнасць, яе страціць, не маючы мовы.

Мова — гэта свой культурны код, абарончы бар’ер, індыкатар свой-чужы, фільтр ад чужой прапаганды. У яе мноства такіх функцыянальных на штодзённым узроўні роляў і вартасцяў, пра якія паспаліты чалавек рэдка задумваецца. Варта нястомна тлумачыць гэтыя рэчы.

Людзям адмыслова прамываюць мазгі — «у Беларусі моўнай праблемы няма». І цяперашні фактычны валадар гэта не раз паўтараў: «У нас нет никаких языковых проблем». Ды ёсць у нас моўная праблема, і велізарная, не меншая, чым у Ірландыі, але там яна прызнаная на дзяржаўным узроўні. Важна, каб людзі ўсведамлялі праблему, што за лёс беларускае мовы, як выяўляецца, ахвяраваліся многія пакаленні беларусаў, што былі вельмі адважныя акцыі, адна з якіх — страйкавае галадаванне Апазіцыі БНФ у парламенце ў 1995 годзе, калі Лукашэнка рыхтаваў неканстытуцыйны рэферэндум. Дарэчы, першы ж свой рэферэндум для замацавання палітычнай улады ён зрабіў менавіта пра мову, хоць кажа, што моўнай праблемы няма. Ёсць праблема, ён гэта выдатна разумее. Цяпер задача ў тым, каб зразумелі яе наяўнасць мільёны нашых суайчыннікаў.

І трэба рыхтаваць грамадства да таго, што беларуская мова зноў мае стаць адзінай дзяржаўнай. Бо нарасло мноства міфаў вакол кароткай і выратавальнай (няхай часова) эпохі для беларускае мовы эпохі, маю на ўвазе 1990—1995 гг., калі яна была адзінай дзяржаўнай. Колькі нарасло недарэчных стэрэатыпаў, у тым ліку з вуснаў людзей, якія тады яшчэ не жылі альбо былі маленькімі дзецьмі.

Кажуць, быццам тады нехта некага прымушаў размаўляць па-беларуску. Глупства.

Дзяржаўная мова — гэта мова дзяржавы, дзяржаўнага чыноўніка, які сапраўды абавязаны ёю валодаць на функцыянальным узроўні, каб адказаць, адпісаць, скласці дакумент па-беларуску. А чалавек на вуліцы альбо ў сям’і  хай гаворыць на той мове, на якой хоча.

Праз гэтае фіктыўнае дзяржаўнае двухмоўе, якое на практыцы аднамоўе, тыя самыя дзяржаўныя службоўцы паўтараюць адно — «у нас два государственных языка, я не обязан вам отвечать по-белорусски». Гэтае двумоўе дзяржаўнае пацярпела поўны крах. Тое, што беларуская мова ў выніку апынулася ў «чырвонай кнізе» ЮНЕСКА, сярод моваў, над якімі навісла пагроза — самы моцны аргумент супраць «дзяржаўнага двухмоўя».

На жаль, нават сёння ўсё часцей чуюцца галасы рускамоўных беларусаў, якія ў 2020-м выходзілі з намі заадно: маўляў, іх прымушаюць да беларускамоўнасці, ледзь не гвалтоўна яе навязваюць, а за расійскую цкуюць. Для мяне гэта чуць вельмі дзіўна.

— Гэта ўсё ж было больш тыпова для 2020-га. Прайшоў час, і я ні жыўцом, ні ў віртуальнай прасторы амаль не сустракаю такіх крыўдаў і штампаў. Да таго ж — а якія ёсць інструменты ў дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці некага да нечага прымушаць?

І няма ніводнай постсавецкай дзяржавы, ніводнай цэнтральна-усходняй еўрапейскай дзяржавы з дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Няма. Нават Казахстан, дзе расійская мова мела статус так званай афіцыйнай, дзяржаўную мову заўсёды, будучы незалежным, меў толькі казахскую, што прыводзіць да пазітыўных для казахскай мовы вынікаў. Дзяржаўны службовец можа адказаць па-руску таму, хто звяртаецца да яго па-руску, але пры гэтым функцыянуе ён па-казахску. Захоўваюцца дэмакратычныя моўныя правы, але сярод іх галоўнае — права казахскага народа на сваю моўную будучыню.

Вярнуся да мітынгу на стадыёне ў 1989-м. Там сярод розных лозунгаў, напэўна, палова ўжо была па-беларуску, і не таму, што іх падрыхтавалі арганізатары. Гэта было дзівам для некаторых людзей. У тым ліку быў лозунг «Беларускай мове – дзяржаўнасць!», ужо тады гэтая тэма была аформленая як палітычнае патрабаванне.

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова


На жаль, грамадства не адстаяла гэтае патрабаванне ў 1995 годзе, хоць палітычныя лідары паказалі прыклад, як трэба адстойваць. Магчыма, цяпер новае пакаленне даспее і ўжо на гэты раз адстаіць.

Які са сваіх праектаў у справе змагання за незалежную Беларусь вы лічыце найбольш паспяховым?

— Думаю, што ўсё зробленае маімі сябрамі, аднадумцамі і мной у тым ліку на працягу 1980-х — 90-х гадоў, стварэнне нацыянальна-дэмакратычнага руху, усё, што рыхтавалася ў жніўні 1991 года — гэта і ёсць галоўнае здзяйсненне.

Пачатак 1980-х. Сяржук Сокалаў-Воюш, Сяргей Дубавец, Вінцук Вячорка

Пачатак 1980-х. Сяржук Сокалаў-Воюш, Сяргей Дубавец, Вінцук Вячорка


Нельга сказаць, што незалежнасць звалілася беларусам на галаву выпадкова — не «звалілася», не выпадкова. Рыхтавалі, працавалі дзеля гэтага, будзілі.

Ці спадзеяцеся вы ізноў прыйсці з бел-чырвона-белым сцягам на стадыён «Дынама» і ўбачыць там дзясяткі тысяч вашых аднадумцаў?

— Спробы вярнуць стадыёну гэтую знакавасць ужо былі. У адну з гадавінаў абвяшчэння незалежнасці БНР, здаецца, у 2019 годзе, арганізацыйны камітэт адзначэння ўгодак падаваў заяўку менавіта на стадыён «Дынама», але яе гарадскія ўлады, вядома, не задаволілі.

Але я перакананы, што гэта будзе ўзгадана, што стадыён зноў будзе ўквечаны нацыянальнымі сцягамі. Тады, у 1989 годзе, упершыню ў найноўшай гісторыі людзі ўзнялі сотні, а можа і тысячы бел-чырвона-белых сцягоў. Гэта быў вялікі прарыў. Раптам мільёны чытачоў прэсы, якая публікавала адтуль фатаграфіі, убачылі гэтыя сімвалы беларускай свабоды, убачылі, што нас шмат. І думаю, што пабачаць ізноў. 

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова

Мітынг на стадыёне "Дынама" 19 лютага 1989. Фота Уладзіміра Сапагова