5 фактаў пра Рыжскі мір. Калі нас бяз нас дзялілі

18 сакавіка 1921 года тэрыторыя Беларусі ў які ўжо раз была ганебна разарваная і падзеленая яе спрадвечнымі суседзямі — Расеяй і Польшчай. Як так сталася, што голасу самой Беларусі ніхто нават не запытаў?

1_681.jpg



Прадстаўнікоў БНР і БССР не дапусьцілі да ўдзелу

Пасьля сканчэньня вайны, у якой удзельнічалі Расея, што прайграла, і Польшча, што атрымала перамогу, неабходна было правесьці сустрэчу, на якой вырашалася будучыня тэрыторый.

4_527.jpg

У жыхароў Беларусі, да якой краіны яны жадаюць адносіцца, запытацца ўвогуле забыліся. Нават мірныя перамовы ў Рызе прайшлі без удзелу беларусаў: не было ні камуністаў з БССР, ні дэлегацыі ад Беларускай Народнай Рэспублікі. Супраць іх прысутнасьці выступілі як палякі, так і бальшавікі, якім быў нявыгадны ўдзел этнічных беларусаў у перамовах.

Большасьць польскіх дзеячаў вельмі дрэнна ў 1920 годзе ставілася да стварэньня беларускай нацыянальнай дзяржавы. Гэта зразумела з пункту гледжаньня польскіх нацыяналістаў, бо існаваньне самастойнай беларускай дзяржавы пагражала цэласнасьці той Рэчы Паспалітай, якую яны бачылі. Не толькі савецкі ўрад, але і варшаўскі ўрад таксама не жадаў мець зносіны на перамовах у Менску, а потым у Рызе, зь беларускай дэлегацыяй.

 

Расейцы прапаноўвалі аддаць палякам усю тэрыторыю Беларусі

Кіраўнік савецкай дэлегацыі Адольф Ёфэ пасьля паразы ў вайне чырвонай Расеі супраць Польшчы зрабіў прапанову саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР, да ракі Бярэзіны. Наўзамен яны разьлічвалі на тэрытарыяльныя саступкі палякаў ва Ўкраіне, аднак польскі бок не прыняў гэтую прапанову. У польскім палітычным кіраўніцтве меркавалі, што краіна не здолее «праглынуць» такую вялікую частку. Апроч таго, Расея была вымушая выплаціць вялізныя рэпарацыі Польшчы — 30 мільёнаў рублёў золатам. А таксама пагадзілася вярнуць розныя культурныя каштоўнасьці.

Апошняя старонка Рыжскай дамовы з пячаткамі

Апошняя старонка Рыжскай дамовы з пячаткамі

Але рэпарацыі былі замаскаваныя пад выплату нейкіх сродкаў у якасьці кампэнсацыі за той уклад, які Царства Польскае ўнесла ў разьвіцьцё Расейскай імпэрыі ў папярэднім стагодзьдзі.

 

Янка Купала і Якуб Колас адмовіліся прызнаваць умовы Рыжскай мірнай дамовы

Прадстаўнікі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі, што заставаліся ва ўсходняй частцы нашай краіны пад уладай камуністаў, асуджалі і не прымалі вынікі так званай мірнай дамовы. У іх ліку былі Янка Купала, Якуб Колас і Ўладзімер Дубоўка.

Польскія жаўнеры ля новай мяжы

Польскія жаўнеры ля новай мяжы

Акрамя гэтага афіцыйна засьведчылі сваё адмоўнае стаўленьне кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, дзеячы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў.

 

Канчатковая мяжа прайшла значна глыбей на ўсход, чым прапанаваная раней «лінія Керзана»

Вялікая Брытанія на працягу савецка-польскай вайны неаднаразова рабіла захады па спыненьні вайны і выпрацавала прапановы па разьмежаваньні, — так званая «лінія Керзана» павінна была ўсталяваць усходнюю мяжу Польшчы па мяжы рассяленьня палякаў з аднаго боку, і беларусаў і ўкраінцаў з другога.

У выніку мяжа знаходзілася ля самога Менску. Гэтым тлумачыцца і дзіўная зараз назва чыгуначнай станцыі крыху на захад ад сталіцы — «Беларусь».

Як гэта выглядала на мапе, красамоўна можна паглядзець ніжэй:

3_563.jpg


Дамова прынесла беларусам ня мір, а згвалтаваньне з абодвух бакоў

Былыя краіны-ворагі адмаўляліся ад усялякіх прэтэнзій на землі, якія страцілі. Яны абавязваліся ня весьці варожай дзейнасьці ў дачыненьні адна да адной, устрымлівацца ад усялякага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы, а таксама гарантавалі нацыянальным меншасьцям усе правы, якія забясьпечваюць свабоднае развіцьцё культуры, мовы і выкананьне рэлігійных абрадаў. Аднак на самай справе што заходнія, што ўсходнія беларусы, як звычайна, нічога ня выйгралі.

Польскі плякат

Польскі плякат

І Польшча, і Савецкая Расія сістэматычна парушалі мірную дамову. СССР падтрымліваў чырвоны партызанскі рух у Заходняй Беларусі, спанcаваў прасавецкія арганізацыі, у тым ліку тэрарыстычнай скіраванасьці. Польшча ў сваю чаргу не забясьпечвала беларусам згаданае вышэй свабоднае разьвіцьцё культуры, мовы і выкананьне рэлігійных абрадаў.

Некаторыя станоўчыя вынікі былі. Напрыклад, жыхары Ўсходняй Беларусі змаглі скарыстацца пладамі беларусізацыі – вучыцца па-беларуску, чытаць кнігі на роднай мове, аднак затым наступіў час калектывізацыі, масавых рэпрэсій, татальнай русіфікацыі, а таксама адсутнасьці свабоды ў перасоўваньні. Жыхары Заходняй Беларусі сутыкнуліся з палянізацыяй у культуры і адукацыі, яны не былі прадстаўлены ў органах улады, але пры гэтым захавалі асабістую свабоду і маглі зьехаць з краіны.

Камуністычны плякат

Камуністычны плякат

Як на вашую думку, каму больш пашанцавала ў тых умовах: Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы ці Ўсходняй БССР пад уладай Крамля?