Тамаш Грыб — міністр БНР, муж Паўліны Мядзёлкі і Палуты Бадуновай

19 сакавіка 1895 года нарадзіўся легендарны дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі Тамаш Грыб. Як склаўся ягоны лёс? Што дапамагло яму нават у выгнанні рэалізавацца і стаць аўтарытэтам для іншых? Прыгадваем цікавыя факты з жыцця.

hryb1.jpg

Нарадзіўся Тамаш Тамашавіч Грыб у Палянах у беднай сялянскай сям’і. Вучыўся ў народнай школе ў Ністанішках. У 1914 годзе паступіў у Пецярбургскі псіханеўралагічны інстытут, дзе і далучыўся да беларускага руху. Тое і не дзіва, бо сталіца Расійскай імперыі ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя — гэта цэнтр беларускага жыцця. Маладыя і актыўныя выхадцы з Беларусі ехалі туды ў пошуках лепшай долі — хто за адукацыяй, а хто за працай.
У кастрычніку 1916 года Тамаш Грыб, як і многія іншыя беларускія дзеячы таго часу, быў мабілізаваны ў войска. Браў удзел у Першай сусветнай вайне. І гэты факт адыграў важную ролю ў яго біяграфіі, бо калі ў снежні 1917 года ў Мінску будзе адбывацца Першы Усебеларускі з’езд, Тамаш Грыб будзе прамаўляць на ім ад імя ўдзельнікаў вайны, — прыгадвае Budzma.
Па ўсім відаць, Тамаш Тамашавіч быў чалавекам даволі энергічным, бо яшчэ да пачатку працы з’езда заклікаў як мага хутчэй распачаць яго, «а не думать о своем животе». А калі ў працэсе зайшла гаворка пра магчымую страту Віленшчыны і Гарадзеншчыны, прыцыповы Грыб заявіў, што ніхто не мае права вырашаць нешта за беларусаў. Маўляў, гэта нават не падлягае абмеркаванню. Таму зусім не дзіва, што ў вырашальны апошні дзень працы з’езда ён быў сярод тых, хто патрабаваў неадкладнага абвяшчэння рэспублікі проста тут і цяпер. Не выглядае і выпадковым тое, што Тамаш Грыб быў у ліку арыштаваных бальшавікамі ў час разгону з’езда.
У студзені 1918 года Тамаш Грыб браў удзел у працы Трэцяга Усерасійскага з’езда Саветаў, дзе ўступіў у досыць эмацыйную пікіроўку са Сталіным. Яго, як і многіх іншых беларусаў, абурыла тое, што зрабілі бальшавікі ў Мінску, але і Сталін не маўчаў, абазваўшы мерапрыемства «з’ездам памешчыкаў». Калі верыць Змітру Жылуновічу, які таксама там прысутнічаў, на маскоўскім з’ездзе невялікая групка беларускіх сацыялістаў з 15 чалавек за кароткі час прымусіла звярнуць увагу на сябе.

Усебеларуская палітычная канферэнцыя ў Празе, 1921. Фота: radabnr.org

Усебеларуская палітычная канферэнцыя ў Празе, 1921. Фота: radabnr.org

Тамаш Грыб быў таксама адным з аўтараў Устаўных грамат, праз якія Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда звяртаўся да беларускага народа з заклікам узяць уладу ў свае рукі, а потым паведамляў спачатку аб абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі, а следам і аб яе незалежнасці. Ён быў таксама сябрам Рады БНР, а ва ўрадзе займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных спраў.
Калі ў пачатку красавіка 1918 года ў Мінску былі абвешчаны бясплатныя курсы беларусазнаўства, Тамаш Грыб быў у шэрагу выкладчыкаў. Будучым настаўнікам ён чытаў лекцыі па беларускай літаратуры, якую вельмі добра ведаў. Таксама слухачы знаёміліся з асновамі беларускай мовы гісторыі, геаграфіі эканомікі, права. Патрэбна гэта было, каб наладзіць школьную справу.
Паводле сваіх перакананняў Тамаш Грыб быў чалавекам хутчэй левых поглядаў, але пры гэтым глыбока занураным у беларускую справу. Таму не дзіва, што ён далучыўся спачатку да Беларускай Сацыялістычнай Грамады, а потым стаў сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. За сваю датычнасць да гэтай партыі і выразную антыпольскую пазіцыю яго ў 1919 годзе двойчы арыштоўвалі польскія ўлады.
Калі ў студзені 1919 года ў Смаленску была абвешчана Савецкая Беларусь, то Тамаш Грыб адгукнуўся на гэта на старонках выдаванай ім у Вільні газеты «Грамадзянін» з рэверансам у бок Жылуновіча і кампаніі пад назвай «Новы беларускі ўрад». Такая пазіцыя была абумоўлена найперш скасаваннем сумнавядомага Аблвыкамзаха, які Грыб называе «душыцелем беларускага нацыянальнага руху».

Дэлегацыя партыі эсэраў на канферэнцыі ў Празе. Тамаш Грыб у цэнтры. Фота: radabnr.org

Дэлегацыя партыі эсэраў на канферэнцыі ў Празе. Тамаш Грыб у цэнтры. Фота: radabnr.org

У канцы 1920 года Тамаш Грыб выехаў у Коўна, дзе ў той час ужо знаходзіўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Вацлавам Ластоўскім. Там Тамаш Грыб займаўся выданнем газеты «Сялянская доля». У канцы верасня 1921 года ён браў удзел у знакамітай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе, якая аб’яднала прадстаўнікоў асноўных палітычных беларускіх партый. А з 1922 года перабраўся туды на сталае жыццё.
У сталіцы Чэхаславакіі тады было дастаткова беларусаў. Нехта ехаў за працай, нехта вучыцца. Найперш выхадцы з Заходняй Беларусі, якія або не маглі паступіць у польскія ўніверсітэты, або не хацелі гэтага рабіць. Многія з іх глядзелі з сімпатыяй у бок Савецкай Беларусі, рыхтаваліся да таго, каб пасля прыняць савецкае грамадзянства. Былі, вядома і тыя, хто крытычна ставіўся да Саветаў.
Сярод тых, хто, адвучыўшыся, паехаў у БССР быў, напрыклад, паэт Уладзімір Жылка. Ён быў фактычным рэдактарам часопіса «Прамень», які выходзіў у Празе ў другой палове 1920-х і выдаваўся беларускім студэнцтвам. Пасля знакамітай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу ён, натхніўшыся беларусізацыяй, перабярэцца ў Мінск і неўзабаве зазнае рэпрэсіі. Тамаш Грыб быў з тых, хто з ім сябраваў...
Зміцер Жылуновіч разам з Міхасём Чаротам і Міхасём Зарэцкім у 1927 годзе наведвалі некалькі еўрапейскіх краінаў, у тым ліку і Чэхаславакію. Пісьменнікі не маглі не заехаць у Прагу, дзе сустрэліся з тамтэйшымі беларусамі. Пасля Жылуновіч напісаў некалькі дзясяткаў травелогаў аб гэтай вандроўцы, якія публікаваліся на старонках «Савецкай Беларусі». У ягоных нарысах сустракаецца і Тамаш Грыб, які «вымушаны сваімі сіламі здабываць сабе сродкі для працы і для жыцьця».

hryb4.jpg

Тамаш Грыб паступіў на філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта, які скончыў у 1927 годзе, паспяхова абараніўшы доктарскую дысертацыю на тэму «Праблема нацыі і народа» і атрымаўшы званне доктара філасофіі. Стварыў Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францыска Скарыны, быў актыўным сябрам Беларускага студэнцкаа саюза. Браў удзел у працы Беларускай Рады ў Празе.
З 1930 года ён працаваў у Славянскай бібліятэцы, а ў 1934–1938 гадах быў загадчыкам беларускага замежнага архіва. Актыўна друкаваўся ў мясцовых беларускіх выданнях — «Студэнцкай думцы», «Золаку», «Iskry Skaryny». Перакладаў публіцыстыку з расійскай і чэшскай моваў.
Палута Бадунова так узгадвала пра Тамаша:

«Мы спаткалісь з ім на адном з беларускіх зьездаў воінаў заходняга фронту. Зьезд ужо скончыўся. Заседаў Камітэт. Як цяпер памятаю, у зале быўшаго губэрнатарскаго дому. Усё зало было залітае сьветам… Я, затомленная бязупыннымі каждоднеўнымі сходамі... ужо пачці не бачыла і не глядзела нават на тых, хто гаворыць…
Калі пачаў гаварыць Тамаш (тагды я яшчэ ня ведала што яго так завуць і яшчэ больш ня ведала, што гэта імя для мяне будзе такім дарагім у будучыне), я неўспадзеўку падняла вочы і глянула на яго.
Длінныя каштанавыя валасы, бакі, бледны твар і рэзкай формы схадзячыяся над носам бровы рабілі адразу яго заметным сярод другіх. Самае сільнае ўражэньне зрабілі на мяне яго вочы. Пачці неземная дабрата, ціхая грустная насмешка над суетой земной, так і глядзелі з глубіны не то карых, не то шэрых вялікіх вачэй яго.
Адразу нешта стукнула мне ў сэрца: о, якія вочы ў гэтага чалавека. Якая павінна быць сьвятая і праўдзівая душа. Вот каго можна палюбіць да канца»

.А вось Паўліна Мядзёлка, першая жонка Грыба, якой у свой час быў захоплены Янка Купала, пасля растання з Тамашам так і не стварыла сям'ю, прысвяціўшы сябе цалкам палітычнай дзейнасці:

«Трэба жыць, кажа розум. Трэба жыць, бо ты патрэбна яшчэ твайму беднаму пакутуючаму народу... Жыві для іншых, любі ідэю больш, чым сябе».

 Пайшоў з жыцця ва ўзросце 43 гадоў. Месца пахавання Тамаша Грыба невядомае. Як бачым, гэта быў чалавек, які нават у выгнанні здолеў рэалізавацца і стаць аўтарытэтам для іншых.