Восем месцаў Мінска, якія звязаны з гісторыяй БНР (+фота)

Пяць гадоў таму ў гэтыя дні мы ўжо актыўна рыхтаваліся да святочнага канцэрта ля Опернага ў гонар #БНР100, а за цішотку з «Пагоняй» яшчэ не збівалі і не кідалі за краты. Сёлета годна ўшанаваць памяць заснавальнікаў БНР наўрад ці атрымаецца ў Беларусі. 

_belarus_minsk_bnr_dom_volina_fota_novy_czas__2__logo.jpg

Таму прапануем разам з намі ўспомніць найбольш вядомыя месцы ў Мінску, звязаныя з гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Дом Воліна»

З 25 лютага 1918 года тут працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам. 12 красавіка 1918 года выканаўчы камітэт «Менскага беларускага прадстаўніцтва» кааптаваны ў склад Рады БНР. 

 

«Дом Маліна»

З 19 сакавіка 1918 года Народны сакратарыят БНР арандаваў пакоі на 3-м паверсе ў сялянскага банка. 24 сакавіка 1918 года ў кабінеце старшыні Народнага сакратарыята Язэпа Варонкі пачалося пасяджэнне Рады БНР, якое закончылася 25 сакавіка прыняццем Трэцяй Устаўнай граматы, што абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай. 

 «Дом губернатара»

У будынку колішняга Дома губернатара з 1917 года адбываліся пасяджэнні Вялікай беларускай рады. З 20 лютага 1918 года ў будынку размяшчаўся Народны сакратарыят БНР на чале з Язэпам Варонкам. Тут была прынятая Першая Устаўная грамата БНР. На сённяшні дзень былы дом губернатара моцна перабудаваны, там месціцца Рэспубліканскі музычны каледж. 

 

«Друкарня Якава Грынблата»

Былая вуліца Губернатарская, 32, побач з паштамтам. Менавіта тут улады БНР друкавалі амаль усе свае дакументы, у тым ліку і Устаўныя граматы (Трэцяя, прынятая 25 сакавіка, абвяшчала дзяржаўную незалежнасць). Дом захаваўся, але быў перабудаваны ў пасляваенны час. 

_belarus_minsk_bnr_drukarnja_hrynblata_fota_novy_czas_logo.jpg

«Гарадскі тэатр»

У будынку Гарадскога тэатра (цяпер Тэатр імя Янкі Купалы) 18 — 31 снежня 1917 года адбыўся Першы Усебеларускі з’езд. Яго вынікам стала абранне Рады Усебеларускага з’езду, якая пазней абвясціла БНР. 


Магіла Янкі Купалы

3 жніўня 1918 года паэт Янка Луцэвіч (Янка Купала) быў афіцыйна накіраваны ўрадам БНР у Смаленск. Атрымаў пасведчанне грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі за №1042. Купала пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску. Там жа пахавана і маці паэта. 

 

Магілы Вацлава Іваноўскага і Яна Баляслава Луцкевіча

Вацлаў Іваноўскі — міністр асветы БНР ва ўрадзе Луцкевіча. Магіла месціцца леваруч па галоўнай алеі ў бок касцёла на Кальварыйскіх могілках. За некалькі крокаў ад яе знаходзіцца і магіла Яна Баляслава Луцкевіча — бацькі Антона і Івана Луцкевічаў. 

 

Курапаты. Месца расстрэлу рэпрэсаваных беларусаў у 1937 — 1941 гадах

Сярод дзеячаў БНР у Мінску былі расстраляны Палута Бадунова, Кастусь Езавітаў, Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі і іншыя.