Ад карнавала да зачыстак: эвалюцыя святкавання 25 Сакавіка

Апошнія гады ў Беларусі 25 сакавіка праходзіць амаль незаўважна — без масавых шэсцяў, канцэртаў і натоўпаў у цэнтры Мінска. У гэты дзень, як і ў любы іншы, за нацыянальную сімволіку ці публічную пазіцыю можна атрымаць затрыманне або крымінальную справу. Але так было не заўсёды. Яшчэ нядаўна Дзень Волі збіраў дзясяткі тысяч чалавек і выглядаў як сапраўднае свята.

Святкаванне Дня Волі ў Мінску ў 2018 годзе каля Опернага тэатра. Фота Дзіяны Пінчук

Святкаванне Дня Волі ў Мінску ў 2018 годзе каля Опернага тэатра. Фота Дзіяны Пінчук

Традыцыя святкавання Дня Волі 25 сакавіка ў Беларусі аформілася напрыканцы 1980-х. На ўздыме Адраджэння вулічныя шэсці ў цэнтры горада ў гэты дзень збіралі дзясяткі тысяч чалавек, атмасфера была ўзнёслай, часам нават з элементамі карнавалу.

Першае святкаванне Дня Волі ў 1990 годзе. Фота Уладзіміра Кармілкіна

Першае святкаванне Дня Волі ў 1990 годзе. Фота Уладзіміра Кармілкіна

На пачатку 1990-х абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначалі і на афіцыйным узроўні. Дзень Волі нават прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным святам — «Днём Рэспублікі», аднак гэтая ініцыятыва не набрала патрэбнай колькасці галасоў у парламенце. Тым не менш у святкаванні 75-годдзя БНР у 1993 годзе ў Белдзяржфілармоніі ўдзельнічалі Старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, дэпутаты і іншыя афіцыйныя асобы.

У другой палове 1990-х 25 сакавіка ўсё больш набывала рысы пратэсту. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і на тле курса на збліжэнне з Расіяй нацыянальна арыентаваныя беларусы імкнуліся падчас святкавання дэманстраваць сваю нязгоду з афіцыйнай лініяй.

У 1996 годзе Дзень Волі адзначылі вялікім мітынгам і канцэртам каля Опернага тэатра, аднак не абышлося без сутычак з сілавікамі і затрыманняў. Праз год святочнае шэсце ў цэнтры горада разагналі.

Дзень Волі-1996. Фота Георгія Ліхтаровіча, vytoki.net

Дзень Волі-1996. Фота Георгія Ліхтаровіча, vytoki.net

Святкаванне Дня Волі ў 2000 годзе адзначылася тым, што ўпершыню ўлады задзейнічалі вадамёты і бронетранспарцёры, каб разганяць мітынгоўцаў, а цэнтр Мінска патрулявалі ўзброеныя вайскоўцы з сабакамі.

У наступныя гады ўлады імкнуліся перашкодзіць правядзенню мітынгаў і шэсцяў 25 сакавіка. Тым не менш людзі працягвалі збірацца — у парку імя Янкі Купалы, каля Акадэміі навук, на плошчы Якуба Коласа. Амаль кожны раз гэта заканчвалася затрыманнямі. Выключэннем сталі 2009 і 2010 гады, калі ўлады дазволілі акцыі. Але ўжо ў наступным годзе людзям сабрацца не далі..

З 2011 да 2015 года святкаванне адбывалася па больш-менш усталяваным сцэнары: увечары 25 сакавіка ўдзельнікі збіраліся ў цэнтры горада (звычайна адпраўной кропкай быў кінатэатр «Кастрычнік»), ішлі шэсцем да плошчы Бангалор, дзе ладзілі мітынг на пляцоўцы ў Парку дружбы народаў. У народзе тое месца мела назву «сабачнік»: не толькі таму, што парк — улюбёнае месца выгулу сабак, але і таму, што ўлады імкнуліся ўзяць пад кантроль і «загнаць за загарадку» мітынгоўцаў — з турнікетамі, рамкамі і шчыльнымі ланцугамі сілавікоў.

Найбольш драматычным Дзень Волі выдаўся ў 2017 годзе. На фоне пратэстаў супраць «дэкрэту аб дармаедах» улады рэзка ўзмацнілі ціск: напярэдадні затрымалі больш за 300 чалавек, 26 сталі фігурантамі «справы патрыётаў». 25 сакавіка ў цэнтры Мінска сканцэнтравалі вялікую колькасць сілавікоў і спецтэхнікі, закрылі тры станцыі метро і перакрылі праспект Незалежнасці. У выніку затрымалі больш за 700 чалавек, многіх жорстка збілі.

Адным з сімвалаў мірных пратэстаў 2017 года ў Беларусі стала фота дзяўчат на фоне ўзброеных шчытамі амапаўцаў. Фота Уладзіслава Рубанава

Адным з сімвалаў мірных пратэстаў 2017 года ў Беларусі стала фота дзяўчат на фоне ўзброеных шчытамі амапаўцаў. Фота Уладзіслава Рубанава

Сітуацыя нечакана змянілася ў 2018 годзе. Улады дазволілі маштабнае святкаванне «БНР-100» каля Опернага тэатра — з канцэртам і публічнымі выступамі. Упершыню за доўгі час гэта выглядала як сапраўднае свята. Аднак і тады не абышлося без затрыманняў: усяго каля 120 чалавек, у тым ліку за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі па-за межамі афіцыйнай пляцоўкі.

У 2019 годзе ўлады вырашылі збавіць імпэт, да таго ж апазіцыйныя сілы не паразумеліся, таму ў Мінску 24 сакавіка адбыўся ўжо не такі маштабны, як летась, мітынг і канцэрт у Кіеўскім скверы. Падчас мерапрыемства быў затрыманы Зміцер Дашкевіч, а арганізатараў пазней чакаў суд за адмову аплачваць паслугі міліцыі.

Тым не менш 25 сакавіка людзі знаходзілі іншыя формы адзначэння: тэматычныя сустрэчы на курсах «Мова нанова», спевы і канцэрты — у тым ліку ў знакамітай «Чабурэчнай» на Валадарскага, 7, у будынку якой была абвешчана незалежнасць БНР, а таксама ў Курапатах, дзе абаронцы мемарыяла трымалі варту, пратэстуючы супраць рэстарана «Поедем поедим».

Затое святочны настрой панаваў 23 сакавіка 2019 года ў Гродне, дзе прайшоў вялікі канцэрт.
У 2020 годзе масавыя святкаванні адмянілі праз пандэмію COVID-19. Замест гэтага беларусы ладзілі флэшмобы — вывешвалі нацыянальныя сцягі і дзяліліся здымкамі ў сацсетках.

Падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сталі фонам для Дня Волі-2021. Улады не дазволілі ніякіх акцый, а затрыманні адбываліся нават за сімвалічныя жэсты — напрыклад, за бчб-шкарпэткі або колеры ў вопратцы.

З 2022 года на фоне працяглых рэпрэсій публічнае святкаванне ўнутры Беларусі фактычна знікла. Дзень Волі перамясціўся ў прыватныя прасторы — або за мяжу.

У 2023–2025 гадах асноўныя імпрэзы праходзілі ў Вільні, Варшаве, Тбілісі, Батумі, Беластоку і іншых гарадах, дзе сфармаваліся беларускія супольнасці. Тут ладзяць шэсці, канцэрты, выставы і акцыі салідарнасці.

Цяпер у самой Беларусі 25 сакавіка ўжо не вылучаецца з агульнага фону. Публічныя акцыі фактычна немагчымыя, а ціск і рэпрэсіі адбываюцца штодзённа — незалежна ад даты ў календары.

Пра гэта сведчыць і рыторыка ўладаў. Сёлета напярэдадні 25 сакавіка Следчы камітэт заявіў пра працяг «фіксацыі правапарушэнняў», учыненых беларусамі за мяжой. У паведамленні сцвярджаецца, што акцыі да Дня Волі нібыта арганізуюцца «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» і выкарыстоўваюцца для «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь». Удзельнікаў такіх мерапрыемстваў папярэджваюць пра магчымую ідэнтыфікацыю, крымінальную адказнасць і канфіскацыю маёмасці ў Беларусі — у тым ліку ў межах так званага «спецыяльнага вядзення».

Такім чынам, нават па-за межамі краіны Дзень Волі застаецца падставай для ціску — і адначасова не знікае з беларускай рэальнасці, нягледзячы на ўсе спробы яго выціснуць. Для многіх беларусаў унутры краіны гэтая дата застаецца важнай — нават без публічных акцый і гучных святкаванняў.