Мінскі вечар 25 сакавіка (фота, відэа)

Нягледзячы на адсутнасць афіцыйных анонсаў і заклікаў, 25 сакавіка ў сталіцы выдалася насычаным на падзеі. Чытайце пра тое, як журналістка НЧ спрабавала паспець усюды, і ці ў яе гэта атрымалася.

2019_03_25_z._dzmitryeu_005_logo.jpg


Ад пачатку планавала забегчы ў «Грай» на «Мову нанова» і паехаць у Курапаты. Але выйшла не тое што хрусь — і напалам, але зусім па-іншаму. Калі на Кастрычніцкай затрымлівалі палітыкаў і Алену Талстую, я была яшчэ далекавата. Троху пазней прабягаючы Кастрычніцкую, заўважыла аўтазакі, якія потым увесь вечар каталіся па Мінску.

Курсы «Мова нанова» абвясцілі святочную тэму «Адрасы БНР». Занятак вёў гісторык і экскурсавод Павел Дзюсекаў. Мабыць, не разлічваючы асабліва на рух у горадзе, народ прыйшоў хоць неяк пабыць разам, бо акрамя заўсёднікаў у зале заўважыла шмат новых твараў. Усе месцы былі, як звычайна, занятыя.

 Фота Змітра Дзмітрыева

Удзень стала вядома, што на Камсамольскай Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Павел Аракелян збіраюцца даць канцэрт у гонар Дня Волі. На просьбу рэдакцыі падумала — ну, забягу. Але не дабегла: хвілін за 10 да меркаванага пачатку канцэрту музыкаў ужо «спакавалі» і павезлі ў Цэнтральны РАУС.

 Фота Алены Ляшкевіч

Прыхільнікі, што засталіся на Камсамольскай, спявалі песні NRM і «Купалінку», скандавалі «Жыве Беларусь!» Не было ніякага адчування небяспекі. Як быццам бы музыкі вось-вось вернуцца. Міліцыянт у гукаўзмацняльнік папярэдзіў, што зборышча расцэньваецца як несанкцыянаванае мерапрыемства і да прысутных можа быць ужыта сіла, прапанаваў разысьціся, на што яму закрычалі «Ганьба!» Сітуацыю адсочвалі назіральнікі ад праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускага Хельсінкскага камітэта і міжнародныя назіральнікі з Расіі, агулам каля шасці чалавек. Разам з журналістамі і міліцыянтамі тых, хто працуе на акцыі, аказалася ледзь не больш, чым удзельнікаў. Прыехалі аўтазакі з Кастрычніцкай, але праз пешаходную зону дабрацца не змаглі. Народ і сам пачаў разыходзіцца, маўляў, чаго стаяць, сумна. Аўтазакі тым часам сталі перакідаць на Валадарскага. Казалі, што ўвесь вечар да дома нумар 9, у якім была абвешчана незалежнасць БНР, людзі неслі кветкі, а іншыя людзі ў цывільным іх прыбіралі.

Фота Змітра Дзмітрыева

Фота Змітра Дзмітрыева

Следам за аўтазакамі пацягнуліся і мы з пазаштатным фатографам «Новага Часу» Змітром Дзмітрыевым. У адкрытай прасторы 1918 па Валадарскага 7, дзе пакуль вісіць шыльда БНР, трапілі на канцэрт гусляра Алеся Чумакова.

Відэа Алены Ляшкевіч

Музыка выканаў ірландскія песні ва ўласным перакладзе. У некаторых тэкстах памяняў ірландскія назвы на беларускія – а рэаліі ў нашых краін падобныя – і быццам бы так і трэба. Алесь Чумакоў выканаў таксама «Пагоню» на словы Максіма Багдановіча.

Фота Алены Ляшкевіч

У прасторы «1918» і суседняй «Чабурэчнай», да якой і неслі кветкі, шмат свядомых і вядомых беларусаў у гэты вечар адзначала свята сяброўскімі кампаніямі. Нехта слухаў музыку, нехта піў піва ды іншыя напоі, закусваючы пельменямі… І папросту не верылася, што побач аўтазакі, што ў Курапатах затрыманыя абаронцы і ўвогуле ў нас усё блага. Мабыць, канцэрты ў Гародні і ў мінскім Кіеўскім скверы, ну і, безумоўна, леташняя імпрэза на Оперным тэатры, далі вось гэты імпульс святочнай расслабленнасці.

Фота Алены Ляшкевіч


Сярод слухачоў канцэрта Алеся Чумакова быў палітык Мікола Статкевіч. У перапынку ён спакойна падняўся і пайшоў ускладаць бел-чырвона-белы букет руж да Чабурэчнай. «Думаю, мяне затрымаюць, але павінна быць вось такое, годнае завяршэнне свята», – сказаў ён. Разам з палітыкам усклалі кветкі яго жонка і паплечнікі. Затым група яго прыхільнікаў накіравалася ў бок праспекта Незалежнасці, а Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч з’ехалі ўласным аўтамабілем. За імі — бус з АМАПаўцамі. Канцэрт у прасторы «1918» працягнуўся. Пасля Алеся Чумакова выступаў Зміцер Бартосік з дзецьмі.

Едучы дадому, атрымала ад Змітра Дзмітрыева паведамленне, што на скрыжаванні Інтэрнацыянальнай з Леніна яго спрабавалі затрымаць і паглядзець здымкі. «Паспеў змяніць флэшку і ўпэўніць, што позна прышоў і не паспеў нічога сфатаграфаць. Пашанцавала, што ім па рацыі адбой далі «па мерапрыемству». Таму кінуліся бегчы дадому». Па-філасофску падумалася, што не мне адной хочацца дамоў, АМАПаўцы вунь — таксама людзі.

Шкада, канечне, што не трапіла ў Курапаты. Каля паўтара дзясятка чалавек сабраліся, каб падтрымаць удзельнікаў варты, а таксама памаліцца і запаліць знічы ў памяць аб рэпрэсаваных. Але зрэшты — мо і няблага, што Дзень Волі святкуюць па ўсім Мінску і кожны можа выбраць сабе фармат па душы: лекцыю, канцэрт, малітву… Хаця традыцыйнага шэсця, канечне, шкада.