Старшыню АГП і сустаршыню БХД затрымалі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску
Ніякіх акцыяў на дзень або вечар 25 сакавіка ў Мінску не анансавалі, але ў цэнтры сталіцы дзяжураць аўтазакі і «людзі ў цывільным». Затрыманыя пакуль тры чалавекі, паведамляе «Радыё Свабода».

Затрыманыя пакуль тры чалавекі — актывістка Алена Таўстая, якая прыкавала сябе да слупу на Кастрычніцкай, а таксама лідар АГП Мікалай Казлоў і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Як растлумачыла Алена Талстая, яна прыкавала сябе кайданкамі да слупа, бо «Дзень Волі — у няволі», акцыя — адказ на затрыманьні 24 сакавіка. Да актывісткі падышлі міліцыянты, праверылі дакументы, перакусілі ланцуг кайданак адмысловым інструментам і затрымалі яе менш як праз 10 хвілінаў пасля пачатку акцыі.

Лявон Вольскі з сябрамі збіраюцца тым часам прагуляцца з музычнымі інструментамі па пешаходных вуліцах.
На Кастрычніцкую плошчу каля 18:00 завітаў былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, пазней да яго падышлі цяперашні старшыня АГП Мікалай Казлоў і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
Рымашэўскі і Казлоў падкрэслілі, што не заклікаюць да несанкцыянаваных мерапрыемстваў — проста ідуць пакласці кветкі да дому, дзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (вул. Валадарскага, 9). Іх затрымалі менш як праз пяць хвілінаў.