Дзень Волі ў Курапатах (фота)
Сёння з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР каля палутара дзясятка чалавек прыйшлі ў Курапаты. Людзі сабраліся, каб у свята падтрымаць удзельнікаў Курапацкай варты, а таксама памаліцца і запаліць знічы ў памяць аб рэпрэсаваных, у тым ліку за змаганне за тое, каб Беларусь была вольнай.
Актывісты памаліліся, праспявалі гімн "Магутны Божа" і паставілі знічкі ля крыжоў і помнікаў на тэрыторыі мемарыялу За гэтай неабвешчанай акцыяй назіралі 8 асоб у цывільным, здымалі на відэа.
Малітва ў Курапатах на Дзень Волі адбылася спакойна. Але прыкладна праз гадзіну пасля яе завяршэння да рэстарацыі "Поедем поедим" пад'ехала міліцыя і паведаміла, што на актывістаў варты Дзяніса Урбановіча і Валера Рабцава паступіў выклік — маўляў, яны парушалі грамадскі парадак, і павінны праехаць у Бараўлянскі РАУС для высвятлення абставінаў. Актывісты адмовіліся ісці ў міліцэйскую машыну. Дзяніса Урбановіча міліцыянты аднеслі ў яе на руках, Валера Рабцава павялі прымусова.